Выбрать главу

— Добры дзянёк!

А то і пагаворыць, прыпыніўшыся...

— Дитя мое, ты не вере или безопасности ради?

Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.

І яна адказала яму прастадушна:

— Безопасности... батюшка...

— Умница,— сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі і смешны, нават агідны ў яе... зусім яшчэ недалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.

Ён ахрысціў яе дзяўчатак, і гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла і стала жонкай.

Гадоў з дванаццаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат і сына пакідалі дома адных, паехала з мужам у той гарадок і ў тую вёску, дзе ратавалася.

У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў і тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні і з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў і ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку і песню святую нібы вядзе.

Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя і святочныя. Яна глядзела і дзівілася, што гэта ж ён яшчэ — той самы, што «дитя мое»...

І ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая і не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту і сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, і павітаўся:

— Здравствуйте!

— Добры дзянёк! — па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.

Таксама з усмешкай. Але ж і вымаючы з сумкі хустачку...

1981

Проза

Вызвалення мы, партызаны i нашы сем'і, чакалі тады, улетку сорак чацвёртага, з вялікім, адным такім на ўсё жыццё хваляваннем. Асабліва ў апошнія дні, на стыку чэрвеня i ліпеня.

Спачатку — дзень за днём, ноч за ноччу — чуўся далёкі гул кананады, i ўсё мацнеў ён, усё быў бліжэй ды бліжэй...

Пасля нямецкае адступленне за трое трывожных сутак грукатліва i пыльна схлынула па шырокай лясной дарозе на захад.

Пушча з доўгачаканай палёгкай уздыхнула.

Бо тут былі цяпер не толькі сем'і партызанскія, але амаль усё прылясное насельніцтва, — поўыа старых, жанчын, дзяцей, з вазам! ды з каровамі,— i партызанам было сурова загадана не зачапацца з ворагам, толькі стаяць на ўзлессі, ад дарогі, i чакаць. Тут i затоенасць, i трывога, i радасць, што хутка ўжо, што вось-вось...

Ужо i пачута было: недзе далей на паўночным усходзе нашы, з суседняй брыгады, сустрэліся з армейскай разведкай.

Усе два тыдні ад пачатку наступлення ў міжраённай падпольнай друкарні, дзе я выконваў абавязкі рэдактара адной з газет, часу рабіць тыя газеты не было. На старонках i паўстаронках ca сшыткаў мы паспявалі выпускаць толькі лістоўкі — ca зводкамі Саўінфармбюро i загадамі Вярхоўнага.

Уранні сёмага ліпеня я выпусціў сваю, апошнюю ў лесе, лістоўку, прынёс яе камісару, i ён, нарэшце, сказаў: "Ну, добра, валяй! Не напарыся толькі дзе-небудзь". Нібы сурова, аднак i ўсміхнуўся сваёй таўстагубай, прыязнай усмешкай.

Рэдактарам я працаваў па сумяшчальніцтву. Еалі здаралася зноў выехаць у раён, да разведчыкаў, адкуль я быў узяты ў рэдакцыю, каня прыходзілася браць, які трапляўся. Цяпер пад павеццю канюшні стаяў знаёмы гняды жарабец, адпачываў, заезджаны, у самоце i без усякай ужо фанабэрыі. Прыйшлося ўзяць яго. Сядло ў мяне, як i ў кожнага з коннікаў, было сваё, зробленае адным вясковым умельцам.

Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.

Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.

І вось яно, наша Зарэчча.

Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна i паслізнуцца.

Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў, нарэшце, ён — той першы для мяне баец. Наогул першы ў маім жыцці чырвонаармеец, бо ix жа мне перад вайной, у дні ўз'яднання, калі я быў з польскага войска ў нямецкім палоне, пабачыць не давялося.

Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі.