Выбрать главу
...Дремлет чуткий камыш. Тишь — безлюдье вокруг. Чуть приметна тропинка росистая. Куст заденешь плечом,— на лицо тебе вдруг С листьев брызнет роса серебристая...

Як хвалявала такое, як глыбока расчульвала i ўздымала ў той час, калі ты ўваходзіў у жыццё, калі ты чыстым позіркам бачыў так многа i так ясна ў звычайным, што цябе акружала!..

Зрэшты, чаму «хвалявала», «уздымала», «было»? Было i засталося. Скажам, ніколі я не мог i сёння не магу спакойна прачытаць уголас такое простае, скупое, стрыманае ў Пушкіна:

...Сейчас отдать я рада Всю эту ветошь маскарада, Весь этот блеск, и шум, и чад За стопку книг, за дикий сад, За наше бедное жилище, За те места, где в первый раз, Онегин, видела я вас...

Тут — заўсёды глыбокая, хай сабе мімалётная паўза, каб толькі глыток паветра прыняць, каб дачытаць спакойна да канца:

...Да за смиренное кладбище, Где нынче крест и тень ветвей Над бедной нянею моей...

На два апошнія, зноў жа мною падкрэсленыя, радкі спакою таго ніколі не хапала.

На старонках галахаўскай «христоматии» — у вершы Жукоўскага — я нечакана сустрэўся i з тым, у чым, як падлетак, а потым i юнак, толькі прадчуваў найглыбейшую глыбіню, непазбежную мудрасць, якія цяпер, пасля многіх неадхільных удараў i незваротных страт разумею інакш. Настолькі інакш, што да горкага, незагойнага вопыту, да столькіх ужо варыян таў яго нават i дакранацца памяццю балюча. Пакуль не пройдзе на гэты раз, пакуль зноў не супакоішся на галоўным.

Вось ён, той верш, увесь у чатырох радках, пад назвай «Воспоминание»:

О милых спутниках, которые наш свет Своим сопутствием для нас животворили, Не говори с тоской: их нет, Но с благодарностию: были.

Цяпер разумеет, тады прадчуваў... I добра, што прадчуваў. А можа, i ўбачыў, адчуў тады, чаго добрага, наймацней, каб потым вяртацца да тое глыбіні, да таго пранікнення, удзячна асвяжаць душу, з гадамi ды нягодамі ў нечым прытомленую, a ў нечым i апашлелую ад грузу ды мітусні ўсялякай абыдзёншчыны.

Адчуўшы нешта падобнае яшчэ раз, у іншым «Воспоминании», у вершы, якому, здаецца, няма параўнання па глыбіні, да сцішнаты i ўрачыстай, i горкай, i гаю чай, я ўспомніў адзін свой запіс паўвекавой даўнасці, з лістапада 1933 года, калі мне было шаснаццаць, калі здавалася, што ты ўжо грунтоўна сталы, бо за табою столькі ўжо ды такога ўсяго перажытага... Дома, вярнуўшыся з бібліятэкі, я знайшоў той юнацкі сшытак i вось цытую самога сябе, i нібы не самога сябе, бо ўжо такога далёкага, цытую трохі з няёмкасцю, больш са стрыманым хваляваннем, ці што:

«Як я люблю адлучацца ад дому! Неяк адпачнеш, асвяжышся. Сёння ездзілі з Мішам у Стоўбцы. Выехалі ноччу. Прыгожая была раніца. Пустыя, узараныя палі, скошаныя i збітыя жывёлай лугі, стог сена i ціхая рэчка. Над лесам займаецца зара. А мне ўсё ўспамінаюцца цудоўныя, задушэўныя i журботныя словы Пушкіна:

И, с отвращением читая жизнь мою, Я трепещу и проклинаю, И горько жалуюсь, и горько слезы лью, Но строк печальных не смываю».

У запісе, зробленым для самога сябе, позна ўвечары, калі мы з братам вярнуліся з незвычайнага на той час падарожжа (у павятовы гарадок, на возе, дваццаць восем туды i столькі ж назад), стаіць толькі першы радок заключнай страфы геніяльнага верша. Тры далейшыя радкі я дапісаў цяпер для цэльнасці ўражання. А ёсць жа i чарнавы працяг «Воспоминания», які я не толькі ведаў, але ж i часта, для душы, на адзіноце, паўтараў уголас. Асабліва ўражвалі дзве апошнія страфы:

И нет отрады мне — и тихо предо мной Встают два призрака младые, Две тени милые,— два данные судьбой Мне ангела во дни былые. Но оба с крыльями, и с пламенным мечом, И стерегут,— и мстят мне оба. И оба говорят мне мертвым языком О тайнах счастия и гроба.

Цытуючы гэта, я спачатку праверыў сябе на кнізе. А памяць — i трохі здзіўлена, збянтэжана, i яшчэ ўсё ўпарта — трымаецца за іншае слова ў апошнім радку: не счастия, а вечности —«о тайнах вечности и гроба». Можа, так мне здаўна здавалася больш адпаведным, а можа, я яго, той чарнавы працяг,— што вельмі мала верагодна,— так i чытаў калісьці ў старых, дарэвалюцыйных выданнях? Чытаў жа я ў Пушкіна i іншае ў «папраўленым» выглядзе: «что прелестью живой стихов я был полезен» — замест «что в мой жестокий век восславил я свободу». Не папраўляць жа я такога аўтара асмельваўся, хоць пры юначай дзёрзкасці i такое часамі бывае. Ад глыбіннага зместу «Воспоминания», я, прынамсі, так мне здавалася, не адхіляўся, a ў чароўнай яго красе быў заўсёды на ўсю душу.