Выбрать главу

Промахі памяці. Большыя, меншыя. Яны мне, бывала, дарагавата каштавалі. I асмяяным бываў, паспрачаўшыся, i заклады прайграваў. Часамі, праўда, перамагаў i я. Справа не ў гэтым. У нядаўна прачытанай кнізе сяброўскіх успамінаў пра аднаго з нашых значнейшых літаратурных сучаснікаў прыемна было i раз, i два разы сустрэць расказ пра знаёмую i мне прывычку таго таварыша, якога ўжо даўнавата з намі няма. Паэт не быў яшчэ i кампазітарам — ён проста сам складаў мелодыі да ўласных вершаў, любіў ix так спяваць, нават i не самому сабе, а з сябрамі, пры ix дапамозе. Было такое i ca мной, з той розніцай, што вершы я мармытаў не толькі свае, а перш за ўсё чужыя, любімыя, i толькі на адзіноце, бо ўжо, калі пры некім ці ў кампаніі, дык толькі ў душы. Памылкі ў словах, промахі нават i маладое памяці былі, але ж было i іншае — шчырая закаханасць.

Адной з такіх, найбольш любімых, песняў было якраз «Воспоминание» — «Когда для смертного умолкнет шумный день...».

На сённяшні вопыт, дык якія ўжо там, у падлетка, маглі быць асабліва «печальные строки» ды «тайны гроба», якія пакуты самааналізу, якое бездапаможнае шкадаванне? Хутчэй проста краса i сіла слова, пачуцця i думкі захаплялі так — з пранікненнем наперад, у тое, што яшчэ будзе перажывацца. Аднак былі, былі яны, пакуты, ужо i тады... Калі памылкі меншыя, дык успрыманне, магчыма, вастрэйшае.

Штосьці такое ж можна сказаць i пра «милых спутников», якіх, на жаль, няма.

Тады, калі я ўпершыню прачытаў гэта ў Жукоўскага, з маіх найбліжэйшых не было ўжо толькі бацькі. Смерць яго была яшчэ зусім свежым успамінам — я назіраў яе зблізку. I як ён нас, трох сваіх найменшых, бласлаўляў апошнім знакам крыжа, які рука яго, цяжка, вяла ўзняўшыся, неяк змагла над намі намахнуць; як галасіла мама, кідаючыся па хаце, пакуль што пустой, у дзве жмені, раз-пораз тузаючы на сабе валасы; як тату мылі, ужо бездапаможна страшнага...

Адыходы іншых блізкіх i найбліжэйшых прыйшлі, адзін за адным, пазней, кожны ў свой час, заўсёды нечакана i балюча, а «тайна гроба» i вечнасці, у маім успрыняцці, як пачаліся тады, так дагэтуль i застаюцца. I з безвыходным «их нет», i з удзячным «были»...

I застаецца таксама здзіўленне перад красой i ciлай слова, загадка — таксама на ўсё жыццё.

...Мне было добра над старымі, хрусткімі старойкамі вялікай хрэстаматыі, я светла помню i буду помніць тыя гадзіны ціхай самотнасці за бібліятэчным, а потым яшчэ i за хатнім сталом. Няхай сабе легенда майго малалецтва i раскрылася не зусім так, як чакалася. I ў такім — больш спакойным, калі не сказаць, амаль празаічным — раскрыцці яе я адчуў так нямала мінулых радасцей сустрэч з сапраўднай паэзіяй.

Ды не мінулых, a толькі колішніх. Бо вечнае, аднойчы нам адкрыўшыся, застаецца ўжо назаўсёды.

1982

Яго імя

У гісторыі беларускай літаратуры імя Максіма Багдановіча — адно з найпрыгажэйшых і, разам з тым, найбольш трагічных.

Тады, калі ён паміраў, сышлося тры вясны: вясна яго маладосці, чароўная крымская вясна і Вясна ўсёй нашай краіны — год 1917-ты. Як жа цяжка было пакідаць усё гэта, развітвацца з ім у поўнай яснасці такога розуму, у безвыходных пакутах такога сэрца!.. Ці не таму яны так хвалююць, яго чатыры апошнія радкі? Калі гэта па людзях, перад большай ці меншай аўдыторыяй, або для людзей, па радыё ці па тэлебачанні, сказаўшы першае: «У краіне светлай, дзе я ўміраю...», мне заўсёды бывае боязна змоўкнуць на якім-небудзь з трох наступных радкоў. Якая проза ў іх і якая паэзія, якая прастата і вусцішная глыбіня!..

Выдатны сын Украіны Аляксандр Даўжэнка, у канцы жыцця азіраючыся на свой нялёгкі творчы шлях, горка сказаў: «Я быў разлічаны на большае».

Наш Багдановіч быў разлічаны на вялікае. Усё, што зроблена ім,— у паэзіі, прозе, крытыцы, у перакладах з розных моў,— дае падставы меркаваць, прадбачыць, быць упэўненым, як многа мог бы ён зрабіць, каб пажыў — проста кажучы — трохі больш, ну, хоць на дзесяць, на пяць гадоў больш...

У нашай класічнай тройцы — Купала, Колас, Багдановіч — наймаладзейшы вылучаецца не толькі сваім голасам, але ж і тым, што ён першы так актыўна і плённа павёў маладую беларускую літаратуру ў вялікі свет, на збліжэнне з іншымі літаратурамі. Пры ўсёй яго абаяльна глыбокай беларускай народнасці яму вельмі ўласціва было і тое, што мы прывыклі азначаць трыма крылатымі словамі: пачуццё адзінай сям'і — сям'і народаў, сям'і чалавецтва.