Выбрать главу

Сваёй навізной, незвычайнасцю гэтая песня,— зрэшты, толькі абрыўкі яе, дый без мелодыі, якую трэба было дадумаць, даадчуць самому,— песня хвалююча пераклікалася са жніўнымі песнямі, якія часам гучалі і пад нашым вячэрнім полем. Скажам, такая:

Пятрова ночка маленькая, не выспалася паненка я, ягадкі брала — драмала, перабірала — заснула...

А просты сказ, якім у кніжцы канчаецца фрагмент апавядання, помніцца і дагэтуль, і сёння, ад таго малечага адчування, хвалюе... ну, не вядома чаму. І сапраўды, юнак Архіп (сёння — Максім) прыехаў у сваю вёску, з дарогі добра выспаўся, сям'ёю селі снедаць і. — «пацякла бясконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім»...

У многіх любімых пісьменнікаў ёсць заключныя сказы, пават таксама толькі абрыўкі тых сказаў, якія запомніліся нам з маленства. Скажам, у Тургенева, пра Каліныча, які «...запел вполголоса... и все глядел да глядел на зарю...»; у Сянкевіча, пра малога, закатаванага Янку-музыканта: «Nad Jankiem szumiały brzozy»; у Шаўчэнкі: «...затихло все... Тількі дівчата та соловейко не затих»; у Багдановіча: «... а тут, каля акна, малінаўка пяе і стукае жаўна»... І яшчэ можна многае прыгадаць, успомніць сам-насам, калі-небудзь дык нават і з затоена патаемнай, міжвольнай слязой — аб тым, аб сім і аба ўсім...

2

Сярод нямногіх кніг мае юначай бібліятэкі была і «Рунь» Гарэцкага, а там, разам з прозай, і п'еса: «Атрута, кароткі жалобны абразок», з якім звязаны дарагія ўспаміны.

Нягожа было б цытаваць тут самога сябе, і я, вядома, не буду, толькі скажу, што свае пісьмы да старэйшага брата ў польскую вайсковую турму, якія я пісаў яму ў 1937-1938 гадах, я перачытваў нядаўна, абдумваючы гэта, што цяпер пішу, таксама з нейкім «гістарычным» хваляваннем. У адным з тых пісьмаў, красамоўна азначаных чырвоным штэмпелем турэмнай цэнзуры, я расказваў, усхвалявана і падрабязна, як мы, загорская моладзь, ставілі ў сваёй вёсцы першы спектакль.

Зноў жа, нялёгка гэта — увесці чытача ў той час, даць яму хоць часткова адчуць, што такое вясковая цемра — у беднасці, у непісьменнасці бяспраўнага жыцця, па дадатак яшчэ — без веснавой ці летняй, ці нават зімовай красы прыроды, а ў нізкахмарную ды гразкую непагадзь позняй восені... І вось якраз тады — першы спектакль!.. Пра такое я ўжо трохі, нібы міні іншым, пісаў у «кнізе адной маладосці» — «Птушках і гнёздах». Толькі што не сказаў там, якая п'еса была ў нас першай. Схаваўшыся за свайго героя, я не сказаў таксама, якім наіўным максімалістам, што мне даволі весела бачыцца сёння, быў я тады, выбіраючы п'есы для пастаноўкі, нават часамі свабодна правячы іх, скажам з дазволу,— як рэжысёр-пастаноўшчык.

Адносна нядрэнна начытаны, пераважна класікай, я быў, як пачынаючы літаратар, увесь пад уплывам Талстога, кнігу якога «Что такое искусство?» не проста прачытаў, я ледзь не вывучыў — як дапаможнік у самастойнай працы над сабой. Апроч згаданых пісьмаў да брата, я мог бы таксама працытаваць і сёе-тое са сваіх тагачасных запісаў, дзе гаворыцца, як пасля доўгіх бескампрамісных пошукаў для першай пастаноўкі была выбрана «Атрута». «Каб дапамагчы людзям паразумнець і палепшаць», а больш канкрэтна — у плане змагання з п'янствам, за цвярозасць.

Гэта было тады вельмі сучасным, сугучным здароваму, высакароднаму руху святлейшай заходнебеларускай моладзі, якая, у большасці пад уплывам удзельнікаў рэвалюцыйнага падполля, і сама не піла, і паслядоўна змагалася з гэтым са старэйшымі.

У маёй глыбокай павазе да справы жыцця і чалавечай сутнасці Максіма Гарэцкага кволай сняжынкай растае тое юначае рашэнне — і гэтую п'есу для пастаноўкі «апрацаваць». У ёй мне не спадабаліся (зрэшты, і сёння не падабаюцца) дзве рэчы. Тое неверагоднае, як п'яніца Раман хоча зарэзацца, але... нож сагнуўся на ягоным горле, і другое — меладраматычны, вельмі ж «невясковы» дзедаў праклён: «Няма ў мяне больш сына... Праклінаю! Праклінаю!!!» — ажно з трыма клічнікамі. І адно, і другое дваццацігадовы «рэжысёр» паправіў: нож адкінуў, а «праклінаю» апусціў. Мала гэтага,— каб дзеянне як мага больш наблізіць да свайго гледача, даць яму магчымасць як найлепш зразумець галоўнае ў творы, у «абразок», пры перапісванні яго з «Руні», было ўнесена трохі мясцовага ў мову. Не захаваўся (для мяне — па жаль) той рукапіс, як захавалася іншае: мой пераклад камедыяў Талстога «Першы вінакур», якую мы не паспелі паставіць, і «Ад яе ўсе якасці», якую ставілі, а таксама агульны сшытак з надпісам «Вершы для вясковага тэатра», адкуль завучваліся родная лірыка і сатыра,— для дэкламацыі, абавязковай на спектаклях, як і «скокі да раніцы», што значылася на ўсіх афішах. Што ж, прызнаемся: і ў некаторай паэзіі, як і ў драматургіі, здаралася праўка, сям-там даволі смела «загорская». І рабілася яна часамі не мною адным,— на папярэдніх пытках і на «пробах», рэпетыцыях.