Малы, які пакуль што ведае, відаць, адно-два-тры першыя словы, так пільна прыглядаўся да мяне, і смех так міла хадзіў па ягоных губах і вачах, што я, ледзь не міжволі, падміргнуў яму. І ён, нарэшце, усміхнуўся. А мне прыгадалася раптам яшчэ падлеткам сустрэтае ў Лермантава: «Воздух чист и свеж, как поцелуй ребенка». І любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйнакраплісты дождж на траву і лістоту, вярнулася да мяне.
Маладзенькая маці малога мне, вядома ж, не ўсміхнулася. Мне гэта ўчора як быццам і не патрэбна было. Зрэшты, твару яе я так і не ўбачыў, а ўсмешку хлопчыка, адрасаваную мне, не бачыла яна.
Затое праз усмешку, чыстую і свежую, як пацалунак дзіцёнка,— як ні дзіўна, а то і недарэчна, няскромна здасца каму-небудзь,— я зноў убачыў усмешку тое матулі, нашай вясковай суседачкі Зосі, убачыў амаль па-юнацку хвалююча, сёння здаецца — усё-такі чыста.
1983
Адкуль паэзія
Часамі здавалася, што зачаста, залішне па-сямейнаму расказваць так з міжнароднай эстрады пра свайго першага, адзінага сынка. Як быццам песцячыся перад людзьмі, з нейкім какецтвам званнем маці.
Вядомая, любімая спявачка, польска- савецкая, а то хутчэй, савецка-польская — Ганна Герман.
А цяпер вось успомніў яе, у памяці, у душы пачуў «Рэха», «Калыханку», яе, толькі яе адзінай голас, яго абаяльную шчырасць, і ясна стала, што яна не магла інакш, што і хораша гэта было і сумнавата ўжо тады, як быццам ад прадчування, што цяпер ён, той польскі хлопчык, ужо без мамусі, і аднаго таго, што голас яе радуе нас многіх, яму, вядома ж, вельмі мала...
*
— Толя плісёл!
Так вось, у трэцяй асобе, голасна і ўсім аб'яўляе ён, двухгадовы герой, калі яго прывядуць уранні ў яслі.
І тут, вядома ж, не гонар нейкі, а проста радасць. А таксама яшчэ вельмі значны, непераможна вечны падтэкст — абаяльнасць нявіннасці, чысціні.
*
Дванаццацігадовай Свеце не захацелася няньчыцца з капрызным госцем, трохгадовым Толікам, і яна сказала, што ёй трэба у магазін. Пайшла. Крыху пазней ён убачыў яе з акна пятага паверха і ўсцешана сказаў:
— Света думае, што яна пайшла ў магазін, а яна гуляе з дзяўчаткамі на дварэ!
*
Мноства чырвоных ягадак — на вялікай цыраце, разасланай у кухні на падлозе. Парэчкі сохнуць, перамытыя. Увечары яшчэ трохі не двухгадовую Волечку, якая хацела з імі забаўляцца, угаварылі, што ягадкі ўжо спяць. А ўранні яна, сама прачнуўшыся, прытэпала да іх, прысела па падлозе, маючы поўнае права меркаваць, што і яны ўжо таксама «прачнутыя».
*
Гарадскі кот, прывезены вясной на дачу, убачыў на голай галіне галку і ваяўніча падаўся па ствале наверх. Яна, вядома, паляцела, а ён тады азірнуўся — высока! — і па-пястунску замяўкаў. Аднак жа злез памалу, праўда, хвастом уніз, каб не так страшна было, ці што.
Трохі пазней у другога госця, трохгадовага Толі, прапаў пісталет. Ные хлопец, не так шукаючы, як чакаючы, што яму яго знойдуць. Маме часу няма і, каб адмахнуцца ад малога, яна кажа:
— Дымок яго браў. На ліпу з ім лазіў.
Толік выйшаў па двор і да ката:
— Аддай мой пісталет! Чаму ты ўзяў яго?
Усё нармальна ў казачным свеце.
*
«Дзеці — як дзеці». Аднак у кожнага з іх свае нечаканасці.
Унучка гасціла ў другіх дзеда з бабай, у далёкім горадзе, і вельмі ж, здавалася, доўга — амаль дзевяць месяцаў. Вярнуўшыся туды, дзе ўжо не толькі яшчэ адны дзед і баба, але ж і мама з татам, яна вельмі хутка адчула сябе ў яшчэ адным «дома». Тым больш што тут яшчэ і брацік, на паўтара года старэйшы за яе.
Падвечар, накачаўшыся на дзедавай тахце — весела, што тыя медзведзяняты, — яны пачалі танцаваць.
Хлопцу хацелася і дзеду і сястры паказаць, які ён маладзец; ён многа тупаў, хутка кружыўся, голасна крычаў, смяяўся.
А яна, танцорачка на трэцім годзе, кружылася памалу, нават спаважна, і прыгаворвала яшчэ, што трэба ціха, ціха. А потым, стомлена прыпыніўшыся, сказала радасна, ці то ўсім, ці то сабе:
— Во як танцуе ўнучка!..
*
Думаў днямі і зноў вось думаю: як гэта добра, якое шчасце — адчуваць у руцэ маленькую, цёпленькую ручку.