Выбрать главу

Успомніліся дзве сустрэчы з Мірзо ў ягоным Таджыкістане,— у канцы сорак сёмага і вясной семдзесят другога.

Першы раз, калі яму было трыццаць пяць, мне трыццаць, а Толю Вялюгіну яшчэ менш, мы ў адным, добра правераным, «газіку» перавалілі цераз Гісары, дабраліся да Тэрмеза. Іскрай гарыць у памяці агеньчык чайханы на перавале, дзе мы ноччу грэліся шурпой. Бачу буйныя зоркі, якіх да тое ночы і іншых начэй не бачыў так блізка. Чую, здаецца, і сёння чароўныя песні, якія доўга хвалявалі мяне дома.

Палез быў учора ў блакнот з семдзесят другога года, каб праверыць, ці запісаў хоць трохі што пра другое наведанне Душапбэ, калі мы з Мірзо ў адной машыне ездзілі па аколіцах і многа гутарылі пра найбліжэйшае, і ён мне бачыўся лепш, чым па розных — моднае слова — форумах у Маскве.

Толькі што, пасля апошніх у кнізе ўспамінаў, знайшоў у шафе маленькі зборнічак з аўтографам, амаль гістарычным, трыццаціпяцігадовай даўнасці,— «Індыйская балада»,— і зноў перачытаў яе. Талент. Нават праз сіта перакладу. Узяў і нядаўні нумар «ЛіМа», прачытаў Мірзо ў перакладзе Барадуліна, рабоце якога хочацца верыць.

Прыгадалася наша з Мірзо і Сяргеем Баруздзіным выступленнем па таджыкскім тэлебачанні, калі мне зусім зразумелым здалося, што паметкі ў сваім блакноце (план выступлення?) гэты, так шчодра праслаўлены пясняр дружбы народаў, рабіў... не сучасным, «рускім» алфавітам, а арабскім. Праверыў у «Литературной энциклопедии»: у 1928 годзе яму, Мірзо, было семнаццаць; пасля было дванаццаць год лацінскага шрыфта, тады ажно трыццаць два гады «рускага», а ён, як для душы, заставаўся ў арабскім.

Ды справа не ў шрыфце,— ён чалавек Усходу, сын свайго народа.

Час адшалушвае часовае, у чалавеку застаецца асноўнае, перад абліччам вечнасці са шкадаваннем думаеш: чаму ж я не бачыў тое раней, што так выразна бачыцца цяпер?..

Аднак жа праўда і другое,— шмат, вельмі шмат было і ёсць таго, што перашкаджае бачыць у некаторых таленавітых іх сапраўдную, глыбінную сутнасць. Перашкаджае нудна-панылае праседжванне творчага жыцця ў прэзідыумах, перашкаджае і адштурхоўвае перазахвальванне, перакормліванне тых, што хораша пачыналі і значна больш ды лепш зрабілі б, каб не адышліся так далёка ад саміх сябе...

Думалася разам з тым і пра тое, як параўнальна мала я бываў у пісьменніцкіх паездках, у Дамах творчасці, дзякуючы чаму і няшмат у мяне знаёмых і сяброў сярод цікавых людзей літаратуры і мастацтва. Хоць, з другога боку, тады было б, можа, менш сувязі з простым, іржаным, надзейным, на чым трымаемся.

*

Пры выпадковай сустрэчы N., ціха ды ўсмешліва захоплены сваім замежным другам, паведаміў мне, што гэтаму бойкаму другу — да яго юбілею — «іхні ўрад даў ліцэнзію па адстрэл аднаго мядзведзя».

Бедны мядзведзь!..

*

Добра чытаць кнігі, над якімі добра думаецца. Не толькі пра тое, што чытаеш, але і пра сваё.

У Чорнага, у дзённіку, пра гэта сказана так:

«Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі».

*

Учора перад сном, у цемры слухаў з прыцішанага транзістара вершы Ісакоўскага і песні на яго словы, і добра было ад такога «общения» з сапраўднай паэзіяй, з тым, каго і я трохі ведаў.

Чакаў «Враги сожгли родную хату». На жаль, не перадалі.

*

Добрая мова ў паэме Зуёнка «Маўчанне травы». Словы, абароты новыя для мяне, нязвычна прыемныя.

Нашымі намаганнямі, з розных куткоў у адно, мы і зрабілі б багатую літаратурную мову.

*

У сваім добрым заключным слове Танк-юбіляр сказаў, што за шмат гадоў літаратурнай працы ён зразумеў найлепш адно: застаецца не тое, што напісана прыгожа, а што праўдзіва.

А каб адно з другім? Як у Чэхава, у Талстога, у іншых такіх? Гаварыў жа ён, Леў Мікалаевіч, адзін з найбольшых праўдалюбаў, што «не даром она — забота о форме»!

*

Шаўчэнкава «Наймичка» вельмі падабалася Льву Талстому. «За распрацоўку вечнай тэмы — самаадданасць мацярынскай любові».

Узяў з «украінскай паліцы» трохтомнік Тараса Рыгоравіча. Не ведаю, як сказаць: упершыню прачытаў ці перачытаў даўно чытанае, як зусім новае прачытаў гэтую паэму. І прыгадалася, чытаючы, не што-небудзь іншае ў Льва Мікалаевіча, а чамусьці «Карпей Васільеў». І тут, і там падобна проста і глыбока.

*

Сярод кніг, якія Міша прыдбаў перад вайной, за паўтара савецкага года, быў і Шаўчэнка. Адтуль памятаю чароўнае «Поставлю хату і кімнату, садок-райочок пасажу» і дзёрзкае «з баграниць онучі драти»... Яшчэ раней, пры Польшчы, мяне захапіла гэта: