Апрача гэтага ўніверсала Ясінскім была складзеная асобная «Інструкцыя для ўваходных у кардон расейскі». Яна рэгламентавала парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да паўстання…, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску, абыходзіцца». Партызанскія дыверсійныя дзеянні павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць яшчэ адзін узброены расейскі салдат застанецца»{11}. У стратэгічным жа плане дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да расшчаплення і аслаблення варожага войска, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.
Ці не першым скарыстаўся з такой магчымасці сябар Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Міхал Клеафас Агінскі. Ён звярнуўся да Ясінскага і атрымаў дазвол на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў кірунку Менска. 12 чэрвеня, скрытна выйшаўшы з-пад Вільні на чале 500-асабовага аддзела (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага), ён накіраваўся пад Валожын. Разбіў там невялікі расейскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі і харчавання, і рушыў на Івянец. Там Агінскі абвясціў свой зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім, спасылаючыся на тое, што пасланы ён ад «мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага», заклікаў далучацца да паўстанцаў, каб «вярнуць Айчыне свабоду». З Менска насустрач Агінскаму на загад губернатара Няплюева былі пасланыя значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам расейскія войскі сустрэлі і разбілі паўстанцаў. Толькі рэшткі аддзела, 150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў, змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Неўзабаве пасля гэтага М. Агінскі на загад М. Вяльгорскага быў накіраваны з рапартам аб падзеях ў Беларусі да Касцюшкі. Той, нягледзячы на сумны фінал выправы аддзела Агінскага, усё ж адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для забяспечання сваіх тылоў.
Прыкладна гэтым жа часам у Паставы з Вільні з конным аддзелам на 60 чалавек быў накіраваны падпалкоўнік Тадэвуш Гарадзенскі. Згодна з інструкцыяй Ясінскага, ён абвясціў Віленскі ўніверсал аб паўстанні, канфіскаваў мясцовую канцылярыю і грашовую касу. Рука Ясінскага адчувалася і ў далейшых дзеяннях Гарадзенскага. У першы ж дзень знаходжання ў мястэчку ён загадаў паставіць дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў атрад Гарадзенскага выйшаў папоўнены 200 чалавекамі «шляхты і ўзброеных сялянаў»{12}.
Выконваючы загад Найвышэйшай Рады Вялікага Княства, актыўна дзейнічалі па далучэнні да паўстання шляхты і сялянства Завілейскага павета браты Ксавер і Ян Зяньковічы. У мястэчку Свір з іх удзелам быў скліканы соймік, абраны павятовы генерал-маёр (ім стаў К. Зяньковіч), накіраваны дэлегат ад павета ў Раду. На пачатку чэрвеня аддзел на чале з Я. Зяньковічам напаў на мястэчка Ваўкалаты ў Менскай губерні і разбіў там расейскую каманду.
Дзейнасць парадкавых камісіяў
Адначасова з вайсковымі дзеяннямі, згодна з распараджэннем Касцюшкі, ішло стварэнне ўстановаў для кіраўніцтва паўстаннем у ваяводствах і паветах, гэтак званых парадкавых камісіяў. Яны займаліся наборам у войска «рэкрутаў», арганізацыяй паспалітага рушання, забяспечаннем яго харчаваннем і амуніцыяй, вялі судовыя справы. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ахопленай паўстаннем, былі створаныя 23 павятовыя парадкавыя камісіі, 19 з якіх дзейнічалі на беларускай зямлі. Найбольш актыўныя і дзейныя былі берасцейская, кобрынская, гарадзенская і віленская, а таксама ваўкавыская, смаргонская і ашмянская.