З тымі сарочкамі ў чамадане ён і прыехаў у родную вёску. Жыў ціха, непрыкметна, нібы вельмі пакрыўджаны нечым чалавек. А вось аднаго разу, падвыпіўшы, ударыў кулаком па прылаўку ў краме:
– А чаго гэты вы ўсе мяне гоніце ў Маскву? А мне, можа, і тут добра, у родным гняздзе. Што Масква – цукар? Ядалі, знаем! Можа, за паўгода я і зусім адвык ад сталіцы. А сям’я? Няма ў мяне сям’і. Няма-а! Жонка ёсць, не пярэчу, дзеці таксама: дачка і сын. А сям’і няма. Што, яны не маглі прыслаць мне грошай на дарогу? Ведалі ж, што трэба мне на дарогу... не пехам жа тупаць. Я ж кінуў ёй, сваёй каструлі, грошы з наказам: як разграбуць усе камплекты медалёў, пералапаюць усіх нашых баб, адразу і высылай. Праз месяц дзесьці. А дзе яны,грошы? Ужо колькі часу мінула? Не, дык вы падумайце: і гэта я, Мішуля, ім патрэбен у той гразкай Маскве? Адмылі, мусіць, дзякуючы алімпіядзе. Падаць на калені не буду. Не бу-ду-у! Я, можа,– персона!.. Гучыць? То-та ж! Пер-со-на-а!
З гэтай «персонай» ён насмяшыў людзей. Доўга яны смакавалі пачутае слова, што рэзанула, пэўна ж, слых. «Персона! Бачылі? Хвалько-о! Парткі на каленях працёрліся, усю табаку пакурыў у суседа, на білет грошай няма, каб дамоў вярнуцца. Персона...» А потым разабраліся людзі з гэтай персонай – дапамог сам Мішуля, ён проста дабавіў яшчэ два словы – нон грата – і растлумачыў тым, што ўсё гэта азначае. «За дваццаць чатыры гадзіны—як дыпламата!– і вытурылі з Масквы. А вы: Масква, Масква!.. Чхнуць я на яе хацеў, каб ведалі».
Настаўнік Кірылавіч прынёс Мішулю дваццаць рублёў грошай. Падаў і спытаў:
– Хопіць?
– Што... гэта? – здзівіўся Мішуля.
– Грошы. На білет. Да сям’і.
– Хо...хо... іць, – часта затрос лахматай галавой Мішуля.– Дзякуй табе, настаўнік. Ты чалавек. Вярну, як толькі прыеду. Там мне пазычаць. Карашкі. Можна, я цябе расцалую, настаўнік?
– Не трэба, Мішуля, – Кірылавіч павярнуўся, каб ісці, але затрымаў крок. – Не вяртай грошы, не трэба. Пры сустрэчы як-небудзь разлічымся. Не апошні дзень, спадзяюся, жывём.
– Як шкада, што ты мяне не вучыў!
Але Мішуля даехаў толькі да вясковай крамы. Ён яшчэ некалькі разоў здабываў грошы на білет, але зноў жа прапіваў. «Зусім, ой, Божачкі, прапаў чалавек,– бядавалі вяскоўцы, а як памагчы яму, не ведалі. – І навошта Масква яго выкінула, навошта выспяткам?.. На нас, старых і нямоглых, перадала. А там жа хіба не бачылі, якім стаў Мішуля? То дзе ж яго яшчэ можна было паставіць на ногі, калі не там, пры акадземіках і прахвесарах розных? Дык не – спіхнулі, і рукі выцерлі. А мы ж вам такога Мішулю не давалі. Вярніце такога, якога і бралі. І жонка харош! Цьфу!»
Аднаго разу да Мішулі завярнуў старшыня калгаса Дзергачоў. Мішуля снедаў – мачаў бульбіну ў соль і запіваў расолам. Павіталіся. Старшыня строга паглядзеў на гаспадара сіратлівага жытла, уважліва прабег вачыма па кутках, загадаў:
– Збірайся!
– Куды ? – Мішуля, пачуўшы такое, ажно папярхнуўся.
– Іван Палікарпавіч Аўдзееў памірае... не для каго не сакрэт. Быў у яго. Прасіў, каб цябе прывёз... пагаварыць хоча. Ёсць, кажа, у мяне апошняя просьба да цябе, старшыня. Я павінен выканаць яе, просьбу. Паехалі, паехалі!
Па дарозе, спрытна кіруючы «УАЗікам», старшыня пацікавіўся:
– Даўно быў у яго?
– Даўно...
– І ў яго, прабач, грошы пазычаў на дарогу ў Маскву?
– Пазычаў...
– Эх, Мішуля, Мішуля!– старшыня ўпёрся спіной у сядзенне, ляпнуў адразу дзвюмя далонямі па «баранцы». – Адзін я, відаць, табе яшчэ не пазычаў грошай. Так? Маўчыш. Не пазычаў. І не буду. Я табе, Мішуля, калі што, білет куплю. Білет не прап’еш. Ці можна?
Мішуля няпэўна паціснуў плячыма:
– Не ведаю.
А тады, памаўчаўшы, прамовіў:
– Прапіць можна ўсё. Нават Маскву.
Пагаварыць са сваім любімчыкам Мішулем Іван Палікарпавіч не паспеў – памёр стары. А яму дужа хацелася. Хацелася па-бацькоўску шчыра папрасіць яго, каб не піў так бяспутна, няграматна, узяўся нарэшце за розум і паказаў сябе перад землякамі не «персонай», а тым Мішулем, якім быў некалі. І яшчэ вельмі хацеў стары чалавек, каб Мішуля сеў на яго «газончык». Ён бачыў яго ў кабіне, на сваім месцы.
Пра ўсё гэта Мішулю расказаў старшыня. Вытрымаўшы паўзачку, пацікавіўся:
– Ну, дык як, Міхаіл Сцяпанавіч?
Мішуля стаяў на падворку Івана Палікарпавіча, глытаў слёзы і часта хітаў усё той жа лахматай галавой:
– Не змагу я... не змагу... не змагу-у! Даруй, Іван Палікарпавіч!.. Даруй!.. А ў брыгаду пайду, старшыня... ці на ферму... Жыць жа трэба... трэба... ага... жыць...
Старшыня паехаў, а Мішуля застаўся каля труны. Хоць быў сёння ён і цвярозы, аднак слёзы з вачэй сыпаліся ў яго, бы дождж з густой цёмна-шэрай хмары. Іншым магло падасца, што ў труне ляжаў самы блізкі яму чалавек – няйначай, бацька... Ды, відаць, так яно і было.