КАССЁ
Не з пустымі рукамі кожны раз ездзіць у горад Ягорка. І на гэты раз дзве торбы ледзь падняць: калі ж кожнаму з родзічаў трэба гасцінец прывезці. А тут яшчэ і кассё гэтае вымушаны цягнуць. Напісаў брат Сцяпан, папрасіў: прывязі, Ягорка, калі не цяжка табе, кассё, выберы ў лесе раўнейшую бярозку, выстругай, а я табе сто грамаў пастаўлю. «Паставіш, паставіш »,– ведаючы, які сквапны брат, паківаў галавой Ягорка. Але кассё зрабіў. Роўненькае. Лёгенькае.
Да горада Ягорка дабраўся добра – у дызелі ехаць не праблема: месцаў на ўсіх хапае. Усе пакуты, і гэтага вельмі баяўся ён, пачаліся на вакзале. Там, колькі і помніць Ягорка, дужа багата людзей снуе туды-сюды, і як толькі пададуць аўтобус, то хлынуць усе ў дзверы, бы горны паток. Гэты паток і ўнёс Ягорку ў салон аўтобуса. А пакуль ехаў, людзей значна паменела, стала вальней. Ягорка прыладзіў каля ног свае торбы, а кассё трымаў у руцэ на поўны рост – яго трохі не хапала, каб уперціся адным канцом у дах аўтобуса.
На чарговым прыпынку заскочыў у салон хударлявы хлапец у скуранцы, з некім павітаўся кіўком галавы, узяўся за кассё і трымаецца. Ягорка хацеў падказаць, што гэта не поручань, але перадумаў: няхай патрымаецца, не шкада. Аднак крыху пазней хлопец сам заўважыў, што не за тое ўзяўся, усміхнуўся Ягору белазубай прыемнай усмешкай, ціхенечка сказаў:
– Прабачце. А я неяк адразу, дзядзька, нічога не зразумеў.
Усміхнуўся яму ў адказ і Ягорка, кіўнуў: нічога, бывае...
Пасля чарговага прыпынку адразу двое – хлапец і дзяўчына, закаханыя, адразу відаць,– ухапіліся за кассё. І буркуюць сабе, усміхаюцца-абдымаюцца. Нават не заўважаюць, як падцягнулі кассё разам з Ягоркам да сябе – ім, бачыце, так зручней стаць. Ягорку давялося зрабіць заўвагу:
– Асцярожней, маладыя людзі.
Маладыя людзі пераглянуліся і пад добразычлівы смех некаторых пасажыраў пакінулі кассё ў спакоі. Пасмяяліся і самі з сябе. Канфуз атрымаўся, нічога не скажаш. А Ягорка са сваім кассём быў ужо ў цэнтры ўвагі амаль усіх, хто ехаў у аўтобусе. На кожным прыпынку людзі нецярпліва і заціукаўлена паглядалі на кассё – хто ж на гэты раз прыме яго за поручань? І калі хто хапаўся, пырскалі смехам. Ягорка ж, шырока разявіўшы рот, вадзіў круглай, як мяч, галавой па баках і ківаў, крыху ніякавеючы: і чаго гэта яны ўсе, людцы добрыя, да гэтага касся ліпнуць, як авадні на азадак кабылы? А сам жа – не схаваеш! – быў задаволены, што кассё падняло людзям настрой. «Дзе б яшчэ пасмяяліся ў гэтым горадзе? Надзьмутыя ўсе, як сычы!»
А потым за кассё ўзяўся п’яны мужчына. Ён, на здзіўленне ўсіх, адразу заўважыў, што рука пацягнулася да касся, затрымаў на Ягорку доўгі позірк, спытаў дазволу:
– Зямляк, дазволь узяцца? Дазваляеш?
– Бярыся,– засмяяўся Ягорка і паглядзеў па баках.
– За дрэва, панімаеш, прыемней трымацца, чымся за тую слізкую жалезку. А кассё, я табе скажу, добрае. Сам рабіў?
– Ну а хто ж?
– Малаток! – пахваліў п’яны. – Сам, кажа, рабіў. Адразу відаць, што дзелавы ты, баця, чалавек. У дзярэўні кантуешся?
– А дзе ж.
– А я, панімаеш, у горадзі. На «Сельмашы» стаю на піле. Выпіць хочаш? Мужык ты, бачу, добры. Мне падабаешся. У мяне ёсць.
– Пі сам,– коратка і зразумела адказаў Ягорка.
– Не, пачакай, пачакай. Ты што сказаў? Каб я піў сам? Так? А калі я ад душы, ад сэрца? Што, і за гэта мне ў морду можна плюнуць?
– Ніхто ў цябе пляваць не збіраецца,– пачаў апраўдвацца Ягорка, бо адчуў, што незнаёмы п’яны чалавек так проста ўжо не адчэпіцца, сустракаў ён такіх у сваім жыцці. – У цябе з кішэні, бачу, магазінная пляшка тырчыць. А я п’ю сваю, самаробную гарэлку.
– Самагон?
– Ну.
– Дома – пі. А калі ёсць з сабой, то пачастуй і мяне. Ёсць?
– Няма,– ціха мовіў Ягорка.
– Ладна, паехалі далей. Вось што я табе скажу, мужык: мяне, панімаеш, не бойся,– і раптам павярнуўся да суседа, ляпнуў таго па плячы. – Ён, бачыш, не паважае магазінную. Га? Запанелі там усе ў дзярэўні, гляджу! Паны-ы! Канешне, панімаеш! .. Я калі зарплату палучаў? А ў іх бульбец заўсёды ёсць.
– Дык з’ездзі да маткі, вазьмі,– параіў Ягорка.
– А ты маю маць не трож, панімаеш!.. Я, можа, гарадскі! З Балбесаўкі!
– Ды бачу, які ты гарадскі...– усміхнуўся Ягорка. – Калі ведаеш,што гэта кассё, то не гарадскі.
– Ну даеш! Ну мочыш! Адкуль ты такі разумны,а, дзядзька ? Не, заеўся, заеўся аканчацельна!.. Прыйдзецца, панімаеш, цябе прасвяціць, лекцуху выдаць, цемната. Ды мяне кожны на Балбесаўцы ведае. Кожны! Лёньку Бурбалку спытай! Я! Я гэта!.. Во, і кассё прывёз у горад. Прадаваць. А як жа! Развялося гэтых спікулянтаў – плюнуць няма куды. Безабраззе! Панімаеш!..