Загрузіўшы рэчы ў кузавок «газончыка», Ягорка, як ні стрымліваўся, усё ж пусціў слязу. Жонка скарыстала гэты момант, папракнула:
– Сам жа хацеў, дык не плач, бабёр.
– Ага, сам,– пакорліва паківаў галавой Ягорка, а потым узяў падрыхтаваныя загадзя дошкі, закалаціў імі крыж-накрыж вокны. – Не крыўдуй, хата. Думаеш, мне не шкада цябе пакідаць, але ж і ў цывілізацыі хочацца пажыць. Колькі там засталося, га?..
– Сядай ужо ў машыну, румза,– шкуматнула за рукаў жонка. – Ён з хатай прашчаецца. Бачылі? Ды ты не з хатай – ты з жыццём прашчаешся... з нармальным... з прывычным. Божухны, і куды ж мяне ты, дурную бабу, цягнеш? – і Насця затрэслася, нібы яе пранізала электрычным токам, з вачэй пырснулі слёзы. – Ой, не магу, людцы мае мілыя! Ёлупа паслухалася свайго. Каб жа папытаць – навошта?
Цяпер ужо яе прыспешваў Ягорка:
– Хопіць, хопіць, пара. Шахвёр моршчыцца: у яго, думаеш, акрамя нас, іншых спраў няма?
Неўзабаве ў бок Ягоркавай хаты тоўстай вяроўчынай шугануў дым з выхлапной трубы, і старонняму чалавеку магло б падацца, што яна, хата, засланілася ад гару дошкамі, што былі на вокнах, нібы чалавек рукамі...
Жыў у Слабадзе Ягорка ашчадна. На свае не піў. І смешна было б – на свае: брыгадзір жа. Ды асабліва і не налягаў на яе, халеру. А зарабляў капейчыну неблагую, таму Насці было што трамбаваць у панчоху. Хату ў Доўску купілі без натугі. І добрую хату, як казаў Ягорка, каля аўтастанцыі. Вось яна, насупраць. Сядзі на лаўцы, назірай, як падрульваюць і ад’язджаюць аўтобусы самай рознай масці, як выходзяць-заходзяць людзі. А хочаш, ідзі ў краму. Каўбаска, вэнджаная рыба, булкі-шмулкі. А піва? Вінца нальюць, калі закажаш. Гарэлачкі таксама. Прыгажосць! Ягорка не раз успамінаў суседа па Слабадзе Пятра і шкадаваў яго: «Не жыве, а чмыхае. Глянуў бы на мяне!» Ягорка прапаноўваў Пятру таксама падацца ўслед за ім, але той адно ўсміхнуўся і паказаў сумнымі вачыма на могілкі:
– Туды мне ўжо пара пераязджаць.
– Дарэмна, дарэмна, суседзе. А я паеду, ядрона шыш! Там, глядзіш, і больш працягну. А ты гібей тут, на балоце, неслух.
Амаль штодня цяпер Ягорка налягаў на піва – навёрстваў страчанае, ян ён сам лічыў. Нярэдка абыякава кідаў грошы на прылавак:
– Яшчэ тры куфлі, Сцяпанаўна. Пачастую, так і быць, вунь тых мужыкоў. Я, колькі і жыву, люблю гасцей сустракаць. А яны, бачу, госці. Прыезджыя. Дзярэўня. Хай паспытаюць цывілізацыі, хай удыхнуць, маць іх!..
Мужчыны пілі, што ім. Надаралася, што і Ягорку частавалі. У адказ . Тады ён успамінаў Слабаду, Пятра, капыліў губы: шкада рабілася і вёску, і суседа, не мог стрымаць слёз.
А Пятро неяк прыехаў. Нечакана-негадана. Ранічкай. Ягорка спаў. Паляпаў у веснічкі. Насця ўбачыла суседа праз шыбу, закатурхала мужа:
– Падымайся, ірад. Пятро прыехаў. Чуеш? Падымайся, кажу!
Так-сяк Ягорка дачыкільгаў да веснічак. Калі падаваў Пятру руку, тая трымцела, як ні стараўся яе суняць. Твар быў падобны на печанага яблыка. Няголены. Таму Пятру было ад чаго разявіць рот – як не да вушэй. Ён крэкнуў, сказаў суха і холадна:
– Ледзь пазнаў я цябе, зямляк. То я дамоў паеду. У Слабаду. Падалей , Ягор, ад тваёй цывілізацыі...
І плюнуў.
– Чаму ж так? – здзівіўся Ягорка. – Чаму ж? Заходзь, заходзь, сусед. Насця зараз на стол збярэ, а я ў краму... вунь яны, крамы... на любы манер... Хочаш – гарэлачкі, хочаш – піва... Я пенсію ўчора атрымаў... Ты... ты што, Пятро-о-о-о?
Пятро, не азіраючыся, пакрочыў у напрамку аўтастанцыі. Ягорка ж ніяк не мог зразумець, чаму ён, небарака, так зрабіў. І доўга ламаў голаў: за што б той мог на яго пакрыўдзіцца?
СТАЖОРКА
Маршрут аўтобуса змянілі якраз учора: раней «дванаццатка» хадзіла з аўтавакзала ў канец Навабеліцы, на вуліцу Зайцава, а тут палічылі, відаць, што адтуль і так багата чаго ходзіць у розных напрамках і злучылі засожжа з сельмашаўскім мікрараёнам. Зручна стала многім пасажырам – едзь сабе праміком, без перасадкі. Танней і хутчэй. А сёння гэта важна – рабочых месцаў побач з жытлом не заўсёды хапае, таму людзі сноўдаюць узад-уперад па ўсім абласным цэнтры.