Выбрать главу

– На прыпынку пакінеце аўтобус, калі не хочаце большых непрыемнасцей!– строга папярэджвае яна хлопца.

– Буду ехаць столькі, колькі мне і трэба,– хлопец яшчэ мацней, падалося, узяўся за поручань, і на ягонай правай руцэ вызверылася пашчай звера-драпежніка татуіроўка: глядзі, каралева аўтобуса, з кім маеш справу.

Тамара гучна, каб чулі і іншыя, папярэдзіла вадзіцеля Сашу:

– Пакуль вунь той тып абпісаны не выйдзе – не кранайся і з месца. Вучыць трэба некаторых. Вучыць! Хопіць дармаедаў! Развялося!

Саша паслухаўся, а настырны пасажыр і брывом не павёў – нават, калі на яго зашыкалі. Што здзівіла Клаўдзію Сцяпанаўну – зашыкалі жанчыны, зашыпелі, бы гусі, а з мужчын хоць бы хто голас падаў. Бы нічога не бачылі і не чулі яны. «Эх вы, абаронцы нашы, заступнічкі!» – ледзь не вырвалася ў стажоркі.

Аўтобус ўсё ж крануўся з месца – перамог той нахабнік. На наступным прыпынку ён, бліснуўны ў бок Тамары зняважлівым і пераможным позіркам, вылузнуўся з аўтобуса сам – прыехаў, мусіць.

Яшчэ заўважыла, што да рыжай Тамары тады-сяды заляцаюцца хлопцы і нават падвыпіўныя мужчыны, адкрыта прызначаюць спатканні. «У колькі заканчваеш? Дзе жывеш? О, дык мы амаль суседзі! А муж раўнівы? Ці пярсцёнак так, для прыліку? Магу сустрэць...» Ну, гэта знаёма: усе яны, грам глытнуўшы, вяжуцца да жанчын. Смельчакі. А праспяцца, і куды тое падзенецца. Астываюць так, як і запальваюцца – быццам дах з бляхі за ноч.

Праехалі якраз дом, у якім і жыве пакуль што Клаўдзія Сцяпанаўна з мужам Віктарам і ўнукам Максімам. Дачка засталася ў Душанбэ, яна замужам за маёрам-пагранічнікам, і ў іх усе заезды-пераезды залежаць не ад саміх: служба. Прытуліў жа, дзякуй яму , малодшы брат Сцяпан, а больш цёплых слоў трэба сказаць ягонай жонцы, Вользе. Іншая б так і паслухалася мужа, а яна сустрэла перасяленцаў-сваякоў хоць і не з распрасцёртымі насустрач ім, як да сонца, рукамі, але прыветна, цёпла: «Жывіце ў нас, як-небудзь размесціся. У цеснаце не ў крыўдзе. Мы ж свае». Сцяпан дапамог швагеру з працай, Максім ходзіць у трэці клас, а яна, Клаўдзія Сцяпанаўна, пакуль вось толькі стажорка. У школах да лета, кажуць, вакансій не чакаецца, а ці і будуць яны ўвогуле – таксама яшчэ невядома: выкладчыкаў рускай філалогіі хапае быццам. Ну хапае дык і хапае. Калі па праўдзе, дык і стамілася жанчына ад школы, хацелася ёй нечага іншага...

Неяк муж, калі яны сядзелі у братавай кухні адны і абедалі, заікнуўся:

– А можа, у вёску куды махнём? Там якую хату купім.Яны зусім, кажуць, танныя. Ды і бясплатна шмат дзе даюць – жывіце толькі, працуйце. Рукі ж у мяне быццам ёсць. Ды і табе з працай лягчэй будзе...

У вёску пераехаць? Лёгка сказаць, проста. Калі б раней, то іншая справа,але ж цяпер, пражыўшы, лічы, усё жыццё ў горадзе, ці ж не авантурны крок будзе з іхняга боку? Гэта добра глядзець пра вёску па тэлевізары... Куры, парсючкі, каровы, катэджы, шчаслівыя твары ў людзей... Прыгожа. А ў жыцці ўсё не так, усё значна складаней. Трэба, і Клаўдзія Сцяпанаўна разумее гэта, круціцца там, як той вавёрцы ў коле. Не дасыпаць, натруджваць штодня цела, а ці ж з яе здароўем? Не, не, вёска не той варыянт. Позна! Каб жа раней... Але раней ім добра было і ў хлебным, хоць і душным, спякотным Душанбэ. Пакуль не пачалася страляніна на вуліцы, перад самымі вокнамі. Гэта – страшна. Гэта – жудасна. Ды і паміраць яна, калі шчыра, збіралася ўсё ж дома, не там, на чужыне... Як успамінала, што назаўсёды ляжа ў гэты гарачы пясок – рабілася не па сабе... Стрэлы тыя – яшчэ не ўсё, дарэчы. Той-сёй з зацікаўленых мясцовых абарыгенаў стараўся запалохаць прыезджых Нурэкскай ГЭС – калі яе падарваць, то яна змые Душанбэ з твару зямлі, такі паток вады шугане, што – о-ё-ёй! Праўда ў гэтым, мусіць, ёсць. Але ж дадумацца да такога!

Першыя дні, што яна правяла ў гэтым прыгожым, утульным і ціхім горадзе на беразе маляўнічага Сожа, падаліся жанчыне раем. Не страляюць. Няма той спапяляючай спёкі, у гарадскіх ларках шмат гародніны, асабліва танная бульбы, а гэта тым, хто жыў у Сярэдняй Азіі, адразу кідаецца ў вочы. Бульба-бульбачка!.. Яна і там ёсць, прывозяць, але тут яе – проста шмат, і надта ж танная.

Неўзабаве аўтобус завяршыў пасля перазменкі першы круг. Тамара падсела да стажоркі.

– Не заснулі? – пацікавілася яна і глыбока пазяхнула. – Фу-у, спаць хочацца. І ноччу быццам нічога такога не рабіла...

– Не, не заснула,– проста адказала Клаўдзія Сцяпанаўна. – Не было калі ...

– Тут і сапраўды не заснеш. Хоць к канцу змены ног не адчуваеш – дзе стаяў, здаецца, там і плюхнуўся б. Я ўжо мужа і не падпускаю да сябе у такія дні. Яны не менш крытычныя... Ён, блазнюк, злуецца, пытае, можа ты там з шафёрам шуры-муры круціш, таму сытая? Раўнуе, а калі раўнуе, то любіць. Хай. А што, Саша нічогі хлопец. Калі і здраджваць, то ўжо з такімі, як ён : каб прыемна было... – Тамара ўздыхнула, запунсавелася, мляўка пацягнулася і, падалося, спалохалася сваёй шчырасці, затуліла рот вузенькай далонькай і крадком глянула ў той бок, дзе корпаўся ў кабіне вадзіцель Саша. – Яшчэ пачуе!..