Выбрать главу

– Дзякуй,– сказаў і апусціў галаву на ранейшае месца . – Пасядзі каля мяне. Пагавары. Вечар ужо?

– Вечар.

– Нічога не помню... як праваліўся куды. І мог бы назаўсёды праваліцца –вось табе і смерць. А іншы раз думаеш, што яна з сябе ўяўляе? Усё проста. Надта.

– Цімка пабег званіць у раён: «хуткую» выклікаць,– стоячы перад Канаўшчыкам, заківала галавой Машка. – Прыедуць, то, можа, які ўкол зробяць. Калі шпрыц не забудуць. Цяжка, мабыць?

– Не магу зразумець... Быццам хто абхапіў мяне, як бочку абручом, і давіць. А ўнутры, здаецца, пяску набілася...

– Сэрца, у майго так было,– Машка падкінула дроў у грубу. – І жыве. І ты будзеш жыць.

– Пражывеш столькі, колькі Бог дасць.

– Цябе Бог не павінен пакрыўдзіць. Сумленна жывеш. Нават вельмі ўжо, мог бы і пра сябе больш падумаць...

– Так атрымалася...

Машка пагадзілася:

– Як ужо атрымалася, так і добра.

Яна села на зэдлік, уздыхнула. Потым доўга глядзела на Канаўшчыка, і на вочы нагарнуліся слёзы. Машка засаромелася іх, крадком змахнула пальцамі, узнялася з зэдліка, ціха прашаптала:

– Я пайду. Хату ж кінула... карміць трэба... а тады зазірну... у грубу дроў яшчэ падкіну. Паляжы... табе пакой трэба... цішыня...

Канаўшчык нічога не адказаў. Ён чуў, як рыпнулі дзверы, як за імі аціхлі крокі жанчыны. Заплюшчыў вочы... Божа! Божа! Не так, не так хацелася дажыць свой век. Зусім не так. Але што паробіш цяпер? Позна нешта памяняць – асабліва тое, што залежыць зусім не ад цябе самога.

Канаўшчык заплакаў. Слёзы, салёныя і цёплыя, плылі па шчоках. Заплачаш: адзін застаўся. Ні жонкі, ні дзяцей, ні... брата. Так-так, і брата, лічы, няма. Ну што ён там, Хведар, у тым Омску, у якім Канаўшчык ніводнага разу нават не бываў? Адрэзаны кавалак. Страчаны. Не прыязджаў нават, калі памерлі матка і сястра Роза, адбіваў, праўда, кароткія тэлеграмы : не магу, вучэнні... А вучэнні ў яго там ці што – адзін ён, Хведар, і ведаў. Апошні раз бачыліся год дваццаць назад, калі паралізавала матку, тады яны ў Лосеўку прыехалі абодва – па тэлеграме-выкліку сястры, яна з ёй жыла. Віктар яшчэ не быў канаўшчыкам, ён рабіў у Магілёве на «Строммашыне», меў добрую кватэру, прыгожую жонку і гадавалую дачку. А потым – трэба ж такому няшчасцю здарыцца – не стала хадзіць і Роза. Што рабіць? Як жыць далей? Хведар напісаў: паколькі чалавек ён вайсковы, то пра вяртанне ў вёску не можа быць і размовы. Давай, маўляў, ты, Віктар, бярыся... жывеш жа побач, а я ў даўгу не застануся. Ён і звольніўся. Раз у тыдзень наязджаў да сям’і ў Магілёў, прыязджала тады-сяды да яго і жонка. А потым ён не паехаў, яна не прыехала... Была сям’я, адным словам. Даўно. Дачка, праўда, не забывалася на бацьку. Гэта пазней Канаўшчык зразумеў, чаму прыязджала яна да яго: грошы патрэбны былі малечы, толькі яны. Быццам у знак кампенсацыі, што брат страціў усё, што меў у горадзе, Хведар зафрактаваў за ім кватэру ў Омску. Аднапакаёўку. А мо і схлусіў. Пісаў жа, пісаў, што чакае жытло... Канаўшчыку не было нават магчымасці з’ездзіць у той Омск і хоць адным вокам глянуць на кватэру, калі і праўда яна ёсць: хапіла клопату ў вёсцы, як толькі вытрымаў – аднаму Богу вядома.

І вось ён адзін. Сястра памерла сёлета, улетку, амаль пятнаццаць год праляжала ў ложку. Канаўшчык прыкметна здаў: пасівеў, скурчыўся,і, некалі прыгожы хлопец, падобны на Алена Дэлона, зрабіўся непрыкметным дзедам.

... У сенцах пачуліся крокі, і неўзабаве ў хату ўварвалася воблака халоднага паветра. Гэта вярнулася Машка.

– Ну, як ты тут? – запыталася яна, адразу ж накіравалася да грубы. – Пагарэла ўсё. Сухія дровы. Як порах.

– Леташнія,– падаў голас Канаўшчык.

– Яно і відаць. К дровам бы ды брыкету.

– Няма. Усе грошы на пахароны патраціў...

– Мо з’еў бы чаго? Я паставіла вячэру гатавацца, то і табе прынясу. Мой у Магілёў паехаў да дочкі. Чакаю, павінен на ноч вярнуцца. Пасяджу каля цябе. Я бабам сказала, прыйдуць і яны... управяцца толькі.

– Не трэба было б клапаціцца,-- паправіў коўдру, якая краем спаўзла на падлогу, Канаўшчык. – Нарабіў я клопату.

– З кожным можа быць...

– Відаць, ужо не памру... буду жыць, відаць... А напалохаўся... Хлушу, аднак: не паспеў напалохацца. Жыць захацелася яшчэ больш... Жыць!

– А ў той Омск паедзеш?

– Не, позна... Раней каб...

– Я б паехала,– сумна сказала Машка. – Мне, колькі і жыву, у горад хочацца. Як есці галоднаму... А горад да мяне задам павярнуўся.

– Трэба было табе адразу пасля школы перадам да Мішкі не варочацца,– паўшэптам сказаў Канаўшчык і адразу зразумеў, што сказаў не тое, няварта было б.