І ўсё ж Андрэй, колькі ні глядзіць на братаў падворак, бачыць на ім не Мішку, а – Якава. Асабліва ў апошнія дні, калі і сам пачынаў часцей і часцей падумваць, што трэба будзе, як ні адганяй думкі тыя трывожныя, некалі і яму... «Як не круці, а трэба памярці».І так Якава на пяць гадоў перажыў. За ім нарадзіўся ён, Андрэй. Матруна, Хведар, Прося – маладзейшыя. Не намнога, а ўсё ж. «Твая чарга, Андрэй... Ты – наступны... Рыхтуйся, Андрэй!» Ён сядзеў падоўгу перад акном, глядзеў – да слёз уваччу – на братаў падворак, і было горка яму, вельмі горка...
Іншы раз заходзіў сусед Панкрат, закурваў і казаў праз дым, пазіраючы крадком таксама на агарод, па якім хадзіў Мішка з віламі-варсачамі.
– Вэн ета, Андрэй, зусім зачах ты. Што лісце падсоўнуха. Трымайся, суседзе. Трымайся. Прывядзі ў хату маладзіцу, мо акрыяеш ля яе боку? Га? І акрыяеш, чаго ж. Ды і што гэта значыцца, калі адзін мужык у такой хароміне жыве? Гіблая справа. Адзін не сагрэеш такое жытло. Аднаму кепска. Чыгункі вымай з печы, а іх жа трэба туды паставіць, а каб паставіць – нешта ў іх і пакласі належыць, а каб тое пакласці, трэба схадзіць, і не раз, у склеп. Закружышся. Трымаеш худобу? – пытаўся Панкрат, хоць і ведаў, што Андрэй як вёў гаспадарку пры нябожчыцы Варцы, так і вядзе.
– Трымаю, – кіўнуў Андрэй. – А як жа пражывеш у нас без скваркі? У сына браць? Не прывык, не-е. Хоць Міця і не пашкадуе. Няхай яны, дзеці, самі па сабе, а я – сам па сабе. Цягну вось патрохі, як бачыш...
– Цягні то цягні, але надарвешся, сусед. Надарвешся. Не малады ж. Годы,брат! Годы!
Андрэй насупіўся:
– Нешта ты, Панкрат, паніхіду па мне спраўляеш? Ці мне прывыкаць? Як-небудзь агораю...
– Ета правільна: «як-небудзь». А ты прывёў бы маладзічку, глядзіш, і твой век падоўжыўся б. Там вэн у Скані нейкая баба з гораду вярнулася. Бытта нават з самога Санкт-Пецярбургу. Адна. Прыгожая, рухавая, што табе яшчэ трэба? Якой трасцы? Думаеш, лёгка ёй пасля гораду? Ёсцека лісапета, ды вазьмі і адскоч. Мо і згаворыцеся?
Андрэй маўчаў. Думаў. Не адзін Панкрат, калі папраўдзе, раіць яму прывесці ў хату гаспадыню. У Іскань, значыць, ехаць? Вёска гэтая хоць і ў чатырох кіламетрах ад Гуты, а ўсё ж другая вобласць. Магілёўская. Ды і ці варта ехаць? У сваёй хапае ўдоў, праз двор, лічы, усё адна ды адна... Андрэй перабіраў у памяці, хто б мог стаць гаспадыняй у ягоным жытле, і дзівіўся: «Вось і багата ўдоў... Вось і багата... Якую маладзіцу ні вазьмі, да кожнай сваяцкай ніткай прывязаны. Э не, трэба ехаць. Трэба».
У Іскані спярша зайшоў да Вольгі, старэйшай дачкі Якава. Яна працавала там настаўніцай у васьмігодцы, гадоў колькі была на пенсіі, і Андрэй стрэўся з пляменніцай на гародчыку. Калі на дзвярах замок, дык дзе ж яе было шукаць?
Андрэй сеў на табурэт – летам у садзе як без яго – доўга разглядваў, што і як тут расце, пахваліў Вольгу за парадак у агародзе, а потым толькі паёрзаўшы на табурэце, асмеліўся прызнацца, што за справа прывяла яго ў іхнюю вёску.
– Хто гэта ў вас тут з гораду вярнуўся? – спытаўся нясмела, крактануў, паправіў кепку Андрэй.
Вольга на імгненне задумалася:
– З гораду, кажаш? Дык.. прыязджаюць. І вяртаюцца. А навошта табе?
– Ета ж Панкрат нешта кажа, бытта баба майго веку...
– Ай-во! – перабіла Вольга, пляснула ў ладкі. – Калі пра жанчын размова, то іншая справа. Зараз, зараз... Ага. Успомніла. І добра, дзядзька, што надумаўся... Не век жа аднаму. Яе таксама Вольгай зваць.
– Прыгожае імя.
– Я нешта яе, дзядзька, і не помню ў дзеўках. Калі ж даўно, дужа даўно з’ехала, я тады яшчэ ў Іскані, відаць, не жыла. А вось толькі вярнулася. Пачакай, я памыю рукі і пераапрануся.
Потым яны пайшлі ў другі канец вёскі, дзе крыху наводшыбе стаяла маленькая, непрывабная хатка.
– Тут яна жыве, дзядзька, – паказала Вольга. Яна ішла наперадзе, а дзядзька Андрэй каціў крыху ззаду веласіпед.
Стары няўклюдна патаптаўся перад ганкам, затым непамерна доўга прыстасоўваў веласіпед да нізенькага і шчарбатага парканчыка, папраўляў яго і так і сяк, а сам краем вуха слухаў жаночыя галасы.
–... ён дзядзька мой... працавіты... адумны... гаспадар... – паспявае ўхапіць Андрэй, стаіць яшчэ колькі на ганку, а тады рашае, што трэба ўсё ж заходзіць, паказацца, раз наважыўся. Трымціць, адчувае, у руках і нагах, халадок прабег усяродку. Трэба заходзіць! Як бы толькі не разгубіцца, як бы гэта зрабіць так, каб не апраставалосіцца, а паказацца жанчыне з лепшага боку. Фраерам.
«Нічогая баба, – падумаў стары адразу, як толькі сустрэўся з жанчынай вачамі, і чамусьці спалохаўся: дужа ж падалася яна гарадской. – Ручкі вунь... маленькія, бялюткія-чысцюткія. Твар – такі ж белы... Не, не туды, мусіць, я ўсё ж зацёгся. Не туды. Паслухаўся гэтага Панкрата, дурань!»