Выбрать главу

Хоць і залівалася Вольга перад другой Вольгай, бы закаханы салавейка ў вечаровым садзе, ледзь не ангельскую характарыстыку выдала яна свайму дзядзьку, але заручын – калі можна так сказаць – не адбылося.

– Ой, дзякуй вам, людзі добрыя, за ўвагу да мяне, – сказала Вольга-гарадская. – І праўда, цяжка мне адной у вёсцы. Трэба б было і рашыцца пераехаць да цябе, дзядзька, але ж ты вось не можаш адмовіцца ад сваёй гаспадаркі? Не можаш. А я ж, добры чалавек, не стану табе памочніцай. Хворая я жанчына. Цяжкае падымаць урачы забаранілі. Вось. Дык навошта табе лялька ў хаце? Навошта, Андрэй Іванавіч?

– Глядзі, цётка, – ціха прамовіла Вольга-пляменніца, і стары зусім павесялеў: правільна, глядзі.

І сам сказаў:

– Твая справа, маладзіца. Сілком любы не будзеш. Толькі як ты адна? Хоць і жывеш жа...

– Паеду. Пералетую і ў Піцер зноўку падамся. З дачкой буду жыць. Цяжка мне і з дачкой таксама, бо зяць – ну яго! – выпівае. Добра выпівае. Але трэба ехаць. Адвыкла ад вёскі. Не ўцягнуся.

І вось цяпер глядзіць Андрэй на братаў падворак. Год мінуў з тае пары, як сватаўся ён у Іскані, не ведае нават, ці паехала ўсё ж у горад тая пульхная, бы аладка, з белымі пальчыкамі Вольга, а ён усё адзін. Адзін.

Глядзіць і глядзіць Андрэй у акно. Успамінае брата, Варку, без якой жыве – во час ляціць! – хутка тры гады. Пахаваў ён жонку побач з Якавам, не сказхаць, каб зусім побач, але недалёка. Мясціцца, лічыць, трэба блізка сваім. Хоць на гэтым свеце, хоць на тым.

На двор заязждае падвода. Спярша стары заўважае сумёт сена, які сунецца з боку вуліцы, пазней бачыць каня і чалавека, ён ступае побач з возам,а потым забягае наперад, кідае лейцы на распараную, пэўна ж, спіну каня. У тым чалавеку пазнае Васіля, старэйшага ўнука брата Якава. Унук жыве ў горадзе, у Гомелі, а на выхадныя часцяком наведваецца ў вёску. Такі ж шустры, як і Мішка.

«Сенам запасаюцца. Трэба памагчы. А то складуць стажок, што глядзець сорамна будзе. Свае ж... Пайду, вяршыць буду»,– рашае Андрэй, бярэ свае вілы – на доўгім цаўі, з чатырма варсачамі-зубамі, адчыняе веснічкі на агарод, нетаропка тэпае на братаў падворак.

Васіль паехаў другі раз, а Мішка з Зінай укладваюць сена.

– Бог у помач,– кажа стары, залазіць на стажок, Мішка моўчкі саступае і ўжо кідае сена віламі, а Зіна ідзе ў хату, там у яе ёсць чым заняцца. – У Рацэ накасіў?

– У Рацэ накосіш, – пачынае скардзіцца Мішка. – Там адарвеш. Ад майкі рукаў. Купіў на лузе. Па дзяшоўцы. Цяпер вазі толькі. А ў Рацэ калгас ўсё захамутаў. Ты што, не чуў?

– Не, не чуў, – прызнаецца стары. – Дужа добрае сена ў Рацэ. Пахне хораша. Шапаціць. Эх, і сена! Сам еў бы.

– А гэтае што – не сена? – Мішка не церпіць, ажно, мусіць, дыханне запірае, калі хто не цэніць ягонай разваротлівасці, гаспадарчай стрункі. – Я, дзядзька, ды каб прашляпіў!

– Ты не праслабіш, не, – пагаджаецца Андрэй, і пагаджаецца шчыра, а не проста, каб толькі падлагодзіць пляменніку, каб адмахнуцца.

Сена амаль усё лягло ў стажок, стог выходзіць пузаты, ёмкі, і Мішка паспакайнеў – не завальвае Андрэя сенам, а падае патрошкі, чакае, пакуль ён справіцца з тым, пададзеным.

– Думай не думай, а сена трэба, – чуе Мішка памяркоўны голас зверху. –Жыць у сяле ды без каровы – э-ге! З каровай весялей. Даіць налаўчыўся. Пойдзеш у хлеў, пагаворыш з ёй, як жывы з жывым. Яна цябе языком салупне, хвастане, бывае, і ўсё неяк весялей. Сена трэба, Мішка. У цябе ж матацыклета ёсцека, праскоч на луг, разведай, што і як...

– А ёстваю няхай! – голас у Мішкі ажно звініць, хоць і на чацвёрты дзесятак недзе яму. – Хвастом! Карова! Ты, дзядзька, можаш і не за такі хвост ухапіцца! Слухай сюды, дзядзька! Слухай мяне!..

Андрэй сур’ёзнее, падае галаву трохі наперад – каб бліжэй да Мішкі, які першы пасунуўся насустрач да яго, і, дзівак, чамусьці пачынае гаварыць паўшэптам:

– Заўтра ж паедзем. Разам з Васілём. Кеміш?

– Не, – матляе галавой стары. – Не разумею.

– У горад паедзем! Слухай сюды... У Васіля ж цёшча жыве. Баба вясковая – шустрая, як мятла. Мятла-а! Ёстваю няхай! І трэба ж было толькі цяпер успомніць. Ты ж бачыў яе?

– Бачыў, – ківае Андрэй, твар кранае лагода. – На вяселлі. Ага.

– Ну! А што табе яшчэ трэба! Мятла-а!

– З гораду наўрад ці паедзе... – сумняваецца Андрэй. – Прыгрэлася там, даўжно быць. Ні паліва табе, ні сена ж таго. Ці паедзе? Наўрад. А так маладзіца яна ёмкая. Слоў няма. Я б узяў.

– Хто ў сваты едзе, дзядзька? – Мішка падміргнуў. – Каб я, Мішка, ды сплахаваў, брак выдаў? Кладзі ў сумку пару пляшак гарэлкі, скрыль сала – і заўтра мы ў горад! Едзем! Заўтра! У горад!..