Так, мусіць, думаў не толькі Пацяруха – кожны з дэлегатаў. Бач, колькі іх, графаманаў, варушыцца ў хмызах ды за дрэвамі і калонамі!..
І нядоўга думаючы, Дзяніс Іванавіч потайкам падворкамі узяў накірунак да бліжэйшага прыпынку. Трэба недзе выпіць куфаль піва, з’есці піражок – і дадому, за пісьмовы стол. Пісаць, пісаць, пісаць!..
…Пацяруха ляжаў на канапе і глядзеў у столь, адкуль, між іншым, нярэдка чэрпаў тэмы. Там сядзела вялікая муха.
– Нахабніца! – крыкнуў ён.– Прэч, сказаў!
Муха не слухалася, прыліпла да аднаго месца на столі, і хоць ты што ёй. Ён пачаў шукаць тапак, каб запусціць ім у пачвару, аднак таго нідзе не было. Патэпаў на кухню, там кабета гатавала вячэру, папытаў у яе:
– Маруся, ты выпадкова тапак маіх не бачыла? Муха на столі сядзіць, каб яе пранцы!
Маруся зарагатала, што здзівіла паэта: даўно, вельмі даўно не было ў яе такога настрою. “Што гэта з ёй? З чаго б?..”
– Дапісаўся, – жонка нарэшце перастала рагатаць, пахітала галавой. – Ды ты на свае ногі глянь, паэт! Ой, гора!..
Пацяруха і сам цяпер ужо добра бачыў, што ён стаяў у тапках. Нічога не сказаўшы, ён пайшоў у свой пакой, паглядзеў на столь, аднак мухі там ужо не было. Яе не было нідзе. Але што гэта? Яна, муха, поўзае па ягоным твары?! Ну, пачакай, нахабніца! Пацяруха табе такога ніколі не даруе. Ён сабраўся, прыцэліўся і з ўсяго размаху моцна ляснуў сабе па лбе.
І… прачнуўся.
Доўга ляжаў потым пад коўдрай і адчуваў сябе надта шчаслівым чалавекам. “Прысніцца ж розная лухта,” – думаў-разважаў Пацяруха і асцярожна кратаў тое месца, па якому толькі што агрэў далоняй.
ЗІМЫ НЕ БУДЗЕ
Шыза-чырвоны, з залацістымі пярэсцінамі певень ужо таптаўся на сваіх шышкаватых нагах перад ганкам. Было рана, толькі ў тым баку, дзе заўсёды ўлетку ці ўвесну павольна-нетаропка выпаўзае з-за лесу – і тое, вядома, у пагодлівы дзень – круглячок сонца, крыху пашарэла неба, аднак на снежным покрыве ляжала густой коўдрай усё яшчэ цемра. Толькі-толькі бралася на дзень, а яму не спіцца. Вядама ж – певень. Хоць таму і няма каго, здавалася б, будзіць, аднак сваю справу, блазнюк, ведае: пракукарэкаў і на гэты раз галасіста, задорна: уставай, маўляў, гаспадар, паколькі курэй звёў, паміраю ад суму-скрухі, то і табе нечага спаць. Выходзь, пагамонім. Удвух весялей будзе. Чуеш, гаспадар?
Сцяпан Ануфрыевіч вынес нецярпліваму пеўню снеданне – добрую жменю пшаніцы ў круглым слоіку з-пад селядцоў, паставіў перад пеўнем, аднак той не спяшаўся дзяўбці, а нібы стараўся зазірнуць гаспадару ў вочы: нахіляў галаву на бок і так і гэтак, а потым цёрся каля нагі, адыходзіў і лэпаў крыламі, задаволены: ага, так і дам я табе спаць.
– Еш, еш, пеця, – лагодна казаў Сцяпан Ануфрыевіч. – Ну што ж паробіш, калі лёс у нас такі, амаль аднолькавы? Трымайся, братка. Мы ж мужчыны. Перазімуем, а там вясна будзе, я табе курак маладых з горада прывязу. Ажывеш каля іх. Мала засталося чакаць. Еш, еш. Не глядзі на мяне так сярдзіта. Я ўчора ў краме, між іншым, каўбаскі купіў. Табе проса. Усё цяпер у краме, дзякаваць богу, ёсць. Пайду таксама паснедаю…
Паснедаць жа Сцяпану Ануфрыевічу, як меркаваў, не ўдалося. Толькі ён пераступіў парог хаты, як мілагучна заспяваў “Паланэз Агінскага” мабільнік. “Хто б там мог быць?” Турбаваў сын Ануфрый. “І чаго ён у такую рань? Мо здарылася што?” Сцяпан Ануфрыевіч не без хвалявання паднёс да вуха тэлефон. Павіталіся. “Ты дзе, сынку?” – “Амаль дома я, баця. Тры кіламетры якіх не даехаў да цябе. Слізка, машыну занесла, і я ўляцеў у кувет. Але ты не хвалюйся, усё добра. І са мной, і з машынай. Снег свежы, мяккі. Але выбрацца сам не магу… Сеў моцна. Схадзі, баця, папрасі Віцю Бародкіна, хай цягане сваім “Беларусам”. Адным словам, ты мяне зразумеў. Чакаю.” – “А чаго ты надумаўся так рана ды ў такое надвор’е? Снегу ж намяло – свету белага не бачна. Неслух ты, Ануфрый!”– “ Чаго-чаго? Ды за табой жа еду.”
Сцяпан Ануфрыевіч адарваў мабільнік ад вуха, прабурчэў сам сабе: “За мной ён едзе. Ну, і што ты яму, сыну, скажаш? Даў жа ад варот паварот, а ён, бачце, ўсё роўна сваю лінію гне. Баіцца, што замерзну я тут адзін… Я ж і кажу: неслух…”.