Выбрать главу

Певень па-ранейшаму тупаў па двары, усцяж расквеціў сваімі лапкамі свежы сняжок. Ён, падобна на тое, таксама нешта адчуваў нядобрае, таму прывязаўся да гаспадара: куды той, туды і ён. Толькі ў хату не ішоў, разумеў, туды яму нельга, хоць калі былі сёлета самыя моцныя маразы і начаваў колькі разоў ён у пярэднім пакоі, дзе гаспадар паставіў для яго кош, аднак певень аблюбаваў сабе тады месца на спінцы крэсла. Чым не курасадня? Цяпер жа, калі маразы спалі, троху адляглі, ён ведаў, дзе ягонае месца. Разумны ўсё ж ён, певень. Таму і бярог яго Сцяпан Ануфрыевіч.

Калі на мосце паказаўся нарэшце сынаў легкавік, сэрца ў Сцяпана Ануфрыевіча затахкала часцей – гатова было, здавалася, вырвацца з грудзей. І каб крыху супакоіць сябе, ён узяў на рукі пеўня, пагладзіў таго шыза-чырвоны грэбень і сказаў даволі гучна і бадзёра:

– А мы так і скажам яму, Ануфрыю: нікуды мы не паедзем, бо там, у горадзе, зімы не будзе… Так і скажам яму… Сын у мяне разумны… Ён усё ж павінен нас зразумець… Нам добра там, дзе ёсць зіма… Асабліва такая, як сёлета: марозная і снежная… Даўно такой зімы не было ў нас… Ну што ж – пайшлі сустракаць Ануфрыя… Да веснічак пайшлі… Так і скажам яму… З табой, пеця, і мне не так страшна… Верыш? Усё ж – удвух… Паставім, паставім Ануфрыя перад фактам: давай, скажам, нам зіму, тады паедзем. А дзе ён возьме яе ў тым горадзе? Пэк-мэк, і – рукі ўгору, і здаўся!.. Бо зіма тут, дзе мы жывём… А ў горадзе зімы не будзе… Не-а…

ДРОВЫ

Асцярожна ступаючы па свежым сняжку, які нарэшце парадаваў вяскоўцаў не толькі сваёй чысцінёй і беллю, але і проста доўгачаканым з’яўленнем, Ігнатаўна мінула агарод, прычыніла за сабой веснічкі, на якіх пакаталіся аблачынкі-гурбачкі снегу, і толькі тады, перш чым выбрацца на замецены асфальт, успомніла, што забылася дома пісьмо, якое складала ўчора амаль увесь вечар. Як жа без яго, таго пісьма, ісці? Ці варта? Яна б тады і па тэлефоне магла пагаварыць са старшынёй сельсавета – адна карысць. Ці на вуліцы яго стрэць. Але слова, лічыла старая, да справы не прышыеш. А паперка – іншая рэч: яе трэба зарэгістраваць, а гэта Ігнатаўна ведала, і абавязкова ў месячны тэрмін даць адказ. У тым пісьме на імя старшыні сельсавета яна скардзілася на адсутнасць дроў. Зіма ўжо ўсталявалася трывала, а тут гэтая праблема. Раней настаўнікаў, у тым ліку і настаўнікаў-пенсіянераў, а Ігнатаўна якраз і мае статус апошняй, палівам на зіму забяспечваў сельсавет, а раённы аддзел адукацыі акуратна выдаткоўваў на гэта грошы, сёння ж – думай сама, як быць. Твае, адным словам, праблемы. Яна і думала. Ды, відаць, задужа доўга – не ўпільнавала зіму, а яна тут як тут. Чамусьці даверылася сабе і спадзявалася, што ў хлеўчуку запас дроў на першы час маецца з мінулага года, а калі паглядзела на свае вочы, колькі іх там, дроў тых, сапсаваўся настрой: дроў пад розным друзам было мала.

Вось і села Ігнатаўна ўчора за стол, перад гэтым дастала з шафы ручку і сшытак, і напісала пісьмо-просьбу на імя старшыні сельсавета Сазончыка: няма дроў, дапамажы, паважаны. Не, скардзіцца на Сазончыка не было асаблівай прычыны – да яе, Ігнатаўны, ён адносіўся разуменнем, а калі дзён некалькі назад ужо зайшла размова пра паліва, то ён шырокім жэстам паказаў на школу: заўтра-паслязаўтра, Ігнатаўна, пачнем бурыць яе, то дроў будзе – хоць на тры зімы наперад. А вось брыгаду, хто б назапасіў табе дроў, камплектуй сама. Ты ж былая настаўніца, вунь колькі тваіх вучняў жыве сёння ў вёсцы!

Не адразу, трэба прызнацца, дайшло пра тыя дровы да Ігнатаўны. Кіўнула спярша галавой Сазончыку, маўляў, хай будзе і так, дзякуй на добрым слове, а толькі пазней, за снеданнем, яна ўявіла, як будзе сядзець перад грубкай і кідаць у яе чрэва цуркі, наскіпаныя з школьных бёрнаў, і перасмыкнулася: жах які! Не, не, такога не можа быць – каб яна, настаўніца, паліла сваю школу ў печы і грубцы. Хіба ж так можна, людзі? Уявіце сабе: настаўніца больш чым з саракагадовым стажам сядзіць на табурэце і падкідвае ў грубку дровы з тых бёрнаў, якія чулі не толькі яе голас, а і галасы сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак, галасы калег-настаўнікаў, многіх з якіх сёння няма ўжо на гэтым свеце. Ігнатаўна нерухома сядзела яшчэ доўга за тым снеданнем і ўспамінала іх. Амаль што кожнага настаўніка прыгадала. І вучняў, якімі ганарылася школа. Былі сярод апошніх добрыя калгаснікі, афіцэры, педагогі, нават адзін пісьменнік. Так-так, і пісьменнік. Ім асабліва ганарылася Ігнатаўна, бо гэта ж яна выкладала тую мову і літаратуру, на якой ён пісаў празаічныя і драматургічныя творы. А куды ж цяпер падзець яго кнігі з аўтографамі, тэатральныя афішкі і праграмкі, фотакарткі? Стэлажы з экспанатамі пісьменніка-земляка займалі амаль усю сцяну ў класе. Што, так і трымаць іх дома цяпер? Ці мо перадаць у раён? Відаць, трэба так і зрабіць: не прападаць жа дабру, ды і перад пісьменнікам-земляком няёмка, бо менавіта яна звярталася да таго з просьбай дапамагчы стварыць у класе літаратурны куток, прысвечаны ягонай творчасці. Ён заўсёды, трэба аддаць належнае чалавеку, акуратна адгукаўся, часта прыязджаў сам, выступаў перад настаўнікамі і дзецьмі, дарыў ім свае кнігі з цёплымі пажаданнямі.