– Таму я ўношу прапанову ўзнагародзіць Яромчыка, нашага паважанага Мітрафана Мітрафанавіча, каштоўным падарункам. Што за падарунак, пытаецеся? То скажу: гарнітур. Рэч не дарагая, а яму, пенсіянеру, спатрэбіцца, самы раз будзе... Ну, хто за маю прапанову?
Прагаласавалі адзінагалосна. Гарнітур дык гарнітур.
Назаўтра падарунак прывезлі з райцэнтра на двух грузавіках. Пастух Мацюшонак і трактарыст Сідаронак бачылі, як завіхаліся дужыя хлопцы на разгрузцы. Першы зморшчыўся:
– А я, пень, думаў, калі галасаваў, што гарнітур той... гэта самае... трусікі... ага.
– З майкай,– шморгнуў носам другі.
І не адны яны так думалі – усе калгаснікі. Акрамя Патупчыка. Яму да пенсіі, дарэчы, таксама мала засталося...
РАЗВЕДЧЫК
Новы сусед калгаснага конюха Васіля Масеева – гараджанін. Тут, у вёсцы, ён купіў хатку і амаль кожны раз на выхадныя наведваецца сюды, а цяпер, у верасні, і зусім прыехаў надоўга – узяў водпуск, каб не прапусціць грыбы. Чалавек ён замкнёны, вяскоўцы не ведаюць нават, як яго завуць.Таму для іх ён – Дачнік. «Спытай у Дачніка », «Папрасі добранька, Дачнік з горада прывязе ».
Ранічкай, як толькі прапаў шэры змрок, Дачнік пакаціў на веласіпедзе ў бок лесу. Як і ўчора, на дарозе яму стрэўся Васіль Масееў. Павіталіся.
– А сёння куды? – рабром паставіў пытанне конюх.
– У разведку,– млява адказаў Дачнік.
– Дык ты ж учора ездзіў, быццам.
– Ездзіў і з парожнім кашалём вярнуўся. Няма пакуль грыбоў. Растуць.
– Дык а што ж тады ты ў сваім кашалі вёз? – здзівіўся Васіль, бо сам бачыў, як вяртаўся Дачнік не з пустымі рукамі – ажно на бок хіліла ад цяжару: нашпігаваў чагосьці ж паўнюткі кашэль.
– Ды ты памыліўся,– ціха сказаў Дачнік і пакіраваў далей па дарозе.
– Дык калі не было ўчора грыбоў, хіба яны будуць сёння?– паглядзеў услед яму Васіль і патупаў дахаты.
Ідучы, ён разважаў: «Цікавы гэты чалавек, Дачнік. Усё потайкам ды потайкам робіць. Усё нешта хітруе. Два гады жыве побач, а ўсё цемніць нешта. Ну-ну...»
Паснедаўшы, Васіль таксама ўзяў накірунак у лес. Грыбы трапляліся ледзь не на кожным кроку: паспявай зразаць толькі. Неўзабаве кошык быў паўнюткі, тады ён сцягнуў з сябе сарочку, завязаў вузел, хутка і гэты «посуд» быў набіты да краёў. Пара вяртацца. Зноў успомніў Дачніка: « Хлус, аднак... Разведчык! Цьфу! Трэба ж быць такому чалаавеку!..»
Як і калі вярнуўся з грыбоў Дачнік – Васіль прагледзеў. Хутчэй за ўсё загуменнем – каб людзі не бачылі.
Назаўтра раніцай яны зноў сустрэліся на той жа дарозе. Васіль сядзеў на калёсах, а поруч з ім ляжала горка грыбоў. І ўсе прыгожыя – роўненькія, дзябёлыя, крамяныя. Амаль адны баравікі.
– А сёння куды?– нацягнуў лейцы Васіль , і конь спыніўся.
– У разведку, – не міргнуўшы вокам, мовіў Дачнік.– Учора не знайшоў. Павінны ж быць,-- і ён раптам заўважыў на возе грыбы, па твары адразу ж распаўзлася кудлатымі плямкамі чырвань. – А... бачу... ёсць грыбы...
– Так што вяртайся, сёння ў разведку можна не хадзіць,– буркліва сказаў Васіль і шлёгнуў каня па баку лейчынай.– Но-о!
– Дык, можа, разам сходзім калі?– заміргаў кругленькімі вочкамі Дачнік.
– Куды? У разведку? З табой – не, не пайду, – пачуў Дачнік словы Васіля, і хоць грымелі калёсы, ён добра разабраў іх.
ЧУЖАЯ
Яна сядзела перад ардынатарскай, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і кожны раз, калі праходзіў побач доктар, ускоквала, спрабавала нешта сказаць яму, аднак не паспявала: той хаваўся за дзвярыма, ніяк не рэагуючы на памкненні гэтай жанчыны. Яна паспявала вымавіць ўсяго адно слова: «Доктар...» І позірк застываў усё на тых жа дзвярах. Не дужа строгі, мабыць, загадчык аддзялення Мядзведскі на гэты раз выглядаў суровым, непадступным. На тое мелася прычына. Калі б не было – не было б і ўсёй гэтай катавасіі.
Яна, жонка хворага мужчыны, прыйшла ў сасудзістае аддзяленне па выкліку. Перадалі ёй праз людзей, каб наведалася. Мядзведскі прыняў ветла, пацікавіўся, як жыццё, што ўрадзіла сёлета на агародзе, ці вялікую гаспадарку трымаюць. Калі пра гаспадарку запытаў доктар, у жанчыны чамусьці ёкнула пад адзеннем. «Неспраста гэта, ой, неспраста».
– Мы павінны вам паведаміць... і кожны раз мне нялёгка, цяжка гаварыць пра гэта людзям... што давядзецца...вы не хвалюйцеся, калі ласка,– Мядзведскі і сам заўважыў, што жанчына расхвалявалася,і стараўся, як мог, супакоіць яе.–Тут іншага выйсця няма...