Выбрать главу

– Дакументы! – працягвае руку да акенца міліцыянер, а сам адвярнуўся, не глядзіць нават на кіроўцу, і дарэмна той стараўся-паказваў яму рэдкія зубы – а больш і не было, пэўна ж, чаго. – Куды едзеш?

– Дак у пуцявым напісана ж...

– Папрашу не дакаць, я з табой дзяцей не хрысціў.

– Выбачайце.

– Калі даведаюся, што праедзеш у Расею – пяняй на сябе. А пакуль давядзецца аштрафаваць...

– За што?

– Хіба ж няма за што? Машына ёсць - знойдзем.

– Толькі з рамонту...

– А ты, бачу, разгаворлівы. Вылазь з кабіны. Хутчэй, хутчэй! – міліцыянер раптам перадумаў, не стаў лазіць на сядзенне, каб праверыць тармазы, як спярша хацеў, а толькі загадаў: – Налі бензіну. – І, не дачакаўшыся адказу, гукнуў у бок будкі: – Косцік, нясі каністру!

Косцік, заспаны і не менш кудлаты, чым гэты кіроўца, выкуліўся з будкі, зашоргаў у іх бок, шырока пазяхаючы.

– Няма ў мяне бензіну, – баючыся, што гэта можа кепска для яго скончыцца, прашаптаў кіроўца. – Толькі даехаць... Там абяцалі наліць...

– Маць тваю, га! І паспаць не дадуць! – Косцік мацюкнуўся, плюнуў і падаў каністру напарніку. – На. Ды спярша ўзнавай, ёсць паліва ці не, а тады трывож.

– Цэлы будзеш – не здохнеш, – узяў каністру міліцыянер, паглядзеў на кіроўцу. – Назад ехаць гэтай дарогай будзеш?

– Не ведаю, – неакрэслена павёў плячыма кіроўца.

– Будзеш! На зваротнай дарозе нальеш. І бяры там пабольш. Ясна?

– Быццам што і так, – ціха прамовіў кіроўца. – Дак што мне, ехаць?

– Ну, раз усё зразумеў правільна... Трымай дакументы.

Ужо калі грузавік крануўся з месца, міліцыянер, бы схамянуўшыся, махнуў жазлом, каб спыніўся, перакінуў праз борт каністру: "Хай толькі не верне мне яе. Поўную". А сам зайшоў у будку, неўзабаве вярнуўся з шыльдай, прымацаваў на кол, дзе чорным па белым было напісана: "Небяспечная зона. Грыбы і ягады збіраць забаронена!" З усяго размаху ўторкнуў кол у зямлю і гыркнуў Косціку, якога не было відаць з будкі:

– Для якога хрэна пісаць было? А калі хто прыпрэцца ў грыбы? Што тады, пень?!

Косцік паказаўся ў дзвярах і, падцягнуўшы штаны, паглядзеў у бок лесу, перад якім стаяў, крыху нахіліўшыся, усё той жа кол з шыльдай, папярэджваючай, што нельга збіраць у лесе.. І спытаў сам у сябе:

– Нешта іх доўга няма? Засранцы!..

2

Яўген Паўлавіч Атрохаў збіраўся ў грыбы. Была не раніца, самы спрыяльны час для грыбнікоў, не – дзень якраз пакаціўся недзе на другую палову. Тут сказалася прафесійная звычка, мусіць: гэты чалавек усё жыццё працаваў настаўнікам, апошнія дзесяць гадоў быў дырэктарам школы, а збіраць грыбы не заўсёды выпадала... Зранку – школа, хапала клопату. Аднак усё ж не мог жыць Атрохаў, каб не ўзяць кошык і не збегаць у лес. Хоць некалькі разоў на тыдзень. Асабліва, калі была залатая пара восені – бабіна лета. Як вось і цяпер. Грыбы клікалі. І хоць жонка, дабрэйшая і мудрая Вольга Пятроўна, таксама настаўніца-пенсіянерка, палохала яго высокай радыяцый і папярэджвала, што ў лес яго ніхто не пусціць, бо, чула, там выставілі міліцэйскі пост, ён не паслухаўся. "Хто гэта мяне не пусціць у мой лес?" Накінуўшы на плечы лёгкі дажджавічок, Атрохаў узяў свой грыбны кошык, чамусьці толькі сёння агледзеў, што ён у яго нікуды няварты, трэба сплесці новы, і паціху пасунуўся ў напрамку Плоскага – калі і ёсць грыбы, то толькі там. Надзіва грыбная мясціна.

А вунь – і праўда! – будка нейкая стаіць, падобная на вагончык. Побач таўчэцца міліцыянер. Жонка ведала, што казала: "Але навошта ён тут? Хіба няма куды міліцыянтаў падзець? Напладзілі іх, канешне, багата... Заняць жа нечым трэба. Месца ў нас тут ціхае, глухамань. Даішнікі? Дык які тут рух – з дзесятак машын за дзень, мусіць, і пройдзе. Калгасныя стаяць – няма паліва і запчастак. Прыватнікі таксама не багачы – паліва многім з іх, зноў жа, не па кішэні. Дзіўны пост. А, можа, яны, міліцыянеры, у ролі мытнікаў ці пагранічнікаў? Побач жа – Расея... Паспрабуй тут зразумей".