Выбрать главу

КРАМНІК

Ягора жонка прызначыла на адказны пост: быць крамнікам. Хоць адукацыя ў яго не гандлёвая, а калгасная, з новай пасадай Ягор спраўляўся адмыслова. Ён зранку сядаў на лаўцы перад кветнікам, даставаў кісет з тытунём і пакуль вярцеў самакрутку, падыходзілі пакупнікі – вядомыя на ўсю вёску і далей яе супервыпівохі: Капялюш, Якут і Смык. Хто-небудзь адзін з іх падаваў Ягору пакамечаныя грошы, той моўчкі шоргаў у хату, мяняў грошы на бутэльку самагону і, паказаўшыся на ганку, выпрамляў твары ў мужчын: дала! А чаму не даць, калі гандаль быў пастаўлены шырока.

Атрымаўшы жаданае, мужчыны адыходзілі, іншы раз, праўда, распівалі тут жа, на лаўцы з мурзатай Ягоравай шклянкі. Тады даставалася порцыя і крамніку. Прапусцяць, памаўчаць... і калі самагон падштурхне да размоў, то адвядуць душу. Успомняць, хто колькі выпіў учора і дзе, як служалі ў арміі і латашылі сады ў суседзяў, калі былі малымі.

Калі няма грошай, мужчыны ўсё роўна прыходзяць да крамніка.

Тут, каля яго, цэнтр жыцця. Штаб. Тут гарэлка бліжэй, чым у якім іншым месцы, і трэба трымацца крамніка і ягонай лаўкі. Ды і нехта можа з’явіцца за пляшкай, тады яны – багатырскай тройкай! – пусцяцца ў атаку на яго з усіх бакоў і флангаў. Калі Капялюш, Якут і Смык разам атакуюць, ды яшчэ на пахмелле, перад імі не ўстаіць ніхто.

У той дзень таксама ні ў каго грошай не было. Ягор доўга сядзеў на лаўцы, ажно шыя пачала, здавалася, парыпваць – выглядаў ўсё па баках, ці не ідзе хто. І тут нарадзілася ў яго ідэя... Каб ажыццявіць сваю задумку, заставалася дачакацца каго-небудзь, а пасля непрыкметна сцібрыць пад сянніком пучок грошай, якія запіхвае туды жонка за выручаны самагон.

Палова аперацыі была праведзена паспяхова – во яны, грошы! – а там і Капялюш звесіў хворую, відаць, галаву з акна – жыве насупраць. Ягор паманіў яго пальцам, усім сваім выглядам паказваючы, што ёсць важная справа. Капялюш і рад старацца: тут як тут, ажно апошнія гузікі на сарочцы зашпільваў ужо стоячы перад крамнікам.

– Скажаш, калі што, быццам ты мне грошы даў, – па-змоўніцку шапнуў Ягор, азірнуўся на вокны: на шыбцы, як нярэдка, не віднелася расплюшчанага носа жонкі.

– Ага. Даў. Зразумеў, – заківаў лахматай галавой Капялюш.

Вярнуўся Ягор з пляшкай. Жонка, бы адчуваючы няладнае, выглянула з акна, гыркнула:

– Ягор!

Ягор паказаў вачамі на Капялюша, той добра ўжыўся ў ролю пакупніка, пацвердзіў, што поіць ён, а заадно паабяцаў, паколькі крамнік на сваім працоўным месцы, то багата не атрымае, дулю яму, налье ўсяго нічога...

Потым бегаў Ягор у хату яшчэ чатыры разы – «пасылалі» Якут, Смык і зноў Капялюш.

... Ягор прачнуўся ноччу. Гарэла лямпачка. Жонка сядзела за сталом і, як падалося яму, нешта штосьці і камусьці гаварыла і часта смаркалася ў фартух. Ягор навастрыў слых і так-сяк зразумеў, што яна агледзела прапажу грошай пад сянніком і прасіла Бога, каб ён забраў да сябе на перавыхаванне п’яніцу, абібока і пустадомка Ягора. Найбольш выразна ўлавіў наступныя словы: «Больш на лаўцы яго, нягеглага, ніхто не ўбачыць. Хопіць, што два тыдні на бочцы з брагай сядзела. Зачыняю краму. З маім п’янтосам толькі дзёгцем гандляваць».

Ягор затаіўся пад коўдрай, быццам мыш пад венікам.

Яму шкада было губляць сваю «пасаду»...

НЕВЯСКОВАЯ ХВАРОБА

Хвядос часта трапляе ў пульманалогію: астма. Навучаны ўжо: як толькі прыцісне хоць трохі, перастаюць рабіць сваю справу пілюлькі і інгалятары, стары збірае торбачку і шоргае на аўтобусны прыпынак. У аддзяленні дзядзьку ведаюць, ён тут свой чалавек, таму заплюшчваюць іншы раз вочы на тое, што не мае на руках накіравання з участковай бальніцы, толькі папярэдзяць: «Наступны раз, Хвядос Сяргеевіч, бярыце накіраванне. Абавязкова. Забаронена нам без яго прымаць хворых. Рызыкуем».

Хвядос абяцае, што такое больш не паўторыцца, здабудзе, а як жа, перш чым ехаць, тую паперку. Толькі, праўда, скажа:

– Хоць ты яго, накіраванне, загадзя бяры. Калі здаровы. Хай будзе заўсёды ў хаце. Як соль. Прыхапіла – за яго ды і на аўтобус. Калі ж, доктар, як прыцісне, то свет белы нялюбы... жыць не хочацца. Да бальніцы тры кіламетры. А які ж я хадок з астмай? Пшык, а не чалавек. Хоць бы да аўтобуса даклыпаць...

Пасля кропельніцы Хвядос ачуняе, будзе часта развязваць свой вузельчык з ежай, раскладзе на тумбачцы сала, яйкі, памідоры... і сам сабе ўсміхнецца: а жыць, аказваецца, і добра! Суседзям па палаце іншы раз паскардзіцца:

– Бранхіяльная астма, ядры яе ў корань,– невясковая хвароба. І касіць трэба, і бульбу капаць, і парсюка карміць... а дыху няма. Хоць плач. Гарадскім, відаць, прасцей.