– Зноў ты без майкі, сарочкі! Ты мяне паважаеш?
– Ды кінь ты! Канешне, паважаю. Цёпла ж!
– Прабач, але ты не сочыш за сабой. Не здзіўлюся, калі і пры гасцях ты сядзеш за стол з голым торсам.
– Не звяртай увагі. А боршч, між, іншым, калее.
Таццяна нічога не сказала, моўчкі пайшла з кухні.
– Ты што, можа пакрыўдзілася? – падняў галаву Сяргей на дзверы, у якіх мільганула постаць жонкі, паціснуў плячыма. – Дзівачка! Было б з чаго.
Сяргей сёрбаў варыва, не адрываючыся ад талеркі. Калі падняў, нарэшце, вочы, убачыў жонку, якая сядзела насупраць... і таксама голая да пояса. Ён папярхнуўся.
– І ты... таксама?
– І я. Чаму табе можна, а мне не?
Больш Сяргей у такім выглядзе за стол не сядаў. І Таццяна., вядома ж.
СКЛЕП
Мікола настрыг ў лесе кошык грыбоў і пачаў выбірацца на дарогу. Блукаў доўга, але выйсці на яе не мог – заблудзіўся. Нарэшце прытупаў у незнаёмую вёску, зазірнуў на падворак крайняй хаты. Павітаўся з гаспадаром – ён вастрыў сякеру на дрывотні, папрасіў папіць халоднай вады. Дзядзька кіўнуў і схаваўся на агародзе. Неўзабаве ён нёс у выстаўленай наперад руцэ коўшык.
– Пі на здароўе, – сказаў.
– Во, дзякуй, – адказаў на клопат пра сябе Мікола і пачаў піць, але адразу ж здзіўлена глянуў на гаспадара. – Што... гэта?
– Бярозавік.
– З градусам?
– Трохі капнуў.
– Нічога сабе, трохі!
– Дапівай, а калі мала, яшчэ дабаўлю.
Калі скончылася пітво, селі на лаўку перакурыць. Пыхкалі дымком, гаманілі. Гаспадар быў пенсіянерам, увесь час рабіў на трактары. Мікола расказаў, што ён журналіст і паэт, сам рускі, але жыве ў Гомелі.
– Пайшлі, пакажу, які ў мяне склеп, – прапанаваў гаспадар
– Ну, пайшлі...
На агародзе спыніліся каля невялічкай драўлянай накрыўкі з дошак, што ляжала прама на траве. Гаспадар яе акуратна адсунуў, і на госця чорным вокам глянуў склеп.
– Што, склеп такі? – здзівіўся Мікола.
– Ага. Залазь, паглядзі, што там у мяне.
– Я ж таўстун – не пралезу...
Гаспадар зарагатаў, а потым прызнаўся:
– І жонка ж у мяне габарытная. Вось я і зрабіў вузкі пралаз, каб яна не змагла ў мой склеп забрацца... А то залезе, хіба ж я сваю бабу не ведаю, і ўвесь мой бярозавік з градусам адным махам вып’е. Ды каб жа праўда выпіла – хіба ж шкада? На здароўе. А то прадукт перавядзе. Праходзіць, патупае, пазлуецца яна каля майго склепа ды і пойдзе прэч. А я, бывае, там і сплю, у склепе, улетку, калі спякотна. Там я тапчанчык змайстраваў. Ёсць што выпіць і чым закусіць у маім склепе. Але што там ёсць – пра гэта мая баба не ведае. Здагадваецца толькі. Калі хочаш, кажу, глянуць, што ў мяне там, то залазь...
Развіталіся цёпла. Мікола патупаў у цэнтр вёскі, дзе павінен быў спыніцца рэйсавы аўтобус, а гаспадар пастаяў яшчэ трохі на вуліцы, гледзячы ўслед госцю, і падаўся на свой падворак. Вастрыў жа сякеру, то, мабыць, будзе нешта рабіць...
ТОРТ
З заработнай платы Хмукін купіў торт, добры па сённяшніх цэнах, даволі танны. Ён нёс дадому торт і злёгку хістаўся: перад тым, як зайсці ў гастраном, Хмукін заглянуў з сябрам ў кафэ-бар. Рашылі прапусціць па чарцы. Прапусцілі. Пасядзелі. Пагаманілі. Нехта прапанаваў паўтарыць – усе пагадзіліся, на стол леглі «ваўкі», «мядзведзі», «ласі»... іх згроб шырокай рабочай далонню сам Хмукін, вярнуўся да стала з бутэлькай. Зноў выпілі, зноў пагаманілі. Потым усё паўтарылася. Скінуліся – купілі, выпілі...
Хмукін нёс торт і ўяўляў, як абрадуюцца ягонай пакупцы жонка і пяцігадовы сын Лёшка.
Перад пад’ездам на лаўцы (карціна знаёмая для гараджан) Сядзелі бабулькі, вялі дыялог пра жыццё-быццё, праводзілі дапытлівымі позіркамі кожнага, хто заходзіў-выходзіў, давалі яму кароткую, а то і даволі разгорнутую характарыстыку – гледзячы на каго які мелі кампрамат або станоўчыя звесткі. Патрапіў на іх вочы і Хмукін. Павітаўся. Нават выдаў не дужа каб трапны жарт бабулькам, трасянуў у паветры тортам: маўляў, і мы не адны сухары трушчым, бываюць і на нашай вуліцы святы. І патупаў далей, да сябе.
Бабулькі, як адна, пахіталі ўслед Хмукіну сівенькімі галовамі: ці абрадуюцца ж гэтаму торту дома?
АДПОМСЦІЎ
Лявон даўно меў зуб на Пятра – з таго часу, калі апошні абяцаў вярнуць доўг, аднак і сёння аддае грошы. «Дык... гэта... жонка апярэдзіла... не паспеў замыліць... ета самае...» Калі ж пазычаў, то кляўся, што аддасць з першай палучкі. А ўжо, мусіць, пятая была. Шчыра прызнацца, дык Лявон зусім страціў надзею атрымаць свае законныя пятнаццаць тысяч рублёў. «Што з п’янтоса возьмеш? Каб жа хоць ён мне аднаму быў павінен».