Выбрать главу

– Нэ-э!

Дзяўчына кінулася ўслед, на хаду трапляючы нагой у чаравік:

– А я?! Пашка-а! А я?!

Сяржант Філанчук нават не азірнуўся. Пырх жа сказаў у бок дзяўчыны з непрыхаванай непрыязню:

– Сука! А я чакаю яе дома бульбу капаць... Няхай бяжыць услед. Пайшлі, мужыкі, лес пілаваць... на дровы...

8

Пост ліквідавалі ў тую ж восень. Калі былы школьны дырэктар ішоў ужо з новым кошыкам па апошнія восеньскія грыбы, то прачытаў на вагончыку напісанае вялікімі аршыннымі літарамі – белым колерам: "Прыбралі сабак – прыбярыце і будку!"

Жартаўнікі, аднак!..

1993 г.

ДА НЕБА КАМЕНЬ НЕ ДАКІНЕШ

1

Добра, здаецца, ведаю я сваіх землякоў, а не перастаю іншы раз здзіўляцца: быццам толькі і знаюць яны, што хлебчык вырошчваць, дзетак песціць-гушкаць, а калі час падаспее – і ў салдаты іх праводзіць, а потым сустракаць такім жа парадкам, з чаркай і з крыкліва-пісклявым гармонікам, але, бывае, нахопіцца ў іхнім жыцці, як той віхор сярод белага дня, такая сітуацыя, што ахнеш-охнеш, насмяешся і наспачуваешся, паспявай толькі слёзы прамакаць насоўкай. І тады ўся мая Гута жыве адчуваннем нечага новага, свежага, смачнага. На тварах людзей – заўсёды сур’ёзных і заклапочаных – запальваюцца, бы лямпачкі ўвечар, лагодныя ўсмешкі. Гэта ж добра, што так. Вось тады і я зайдрошчу землякам, нават, прызнаюся, крышачку шкадую, што жыву-таўкуся ў гарадскім тлуме. Але, дзякаваць Богу, не забываецца гэты маленькі куточак бацькоўскай зямлі, і чым жывуць людзі – жыву і я, а яшчэ ўмудраюся расказаць пра іх іншым.

Як вось і на гэты раз.

Гатовы паслухаць?

2

Кінамеханік і паштальён Мішка Арынавіч – ён дзве пасады займае ў нашай Гуце – і сам ніколі не мог, пэўна ж, падумаць, што пуцёўка на курорт, якую ў тэрміновым парадку ўручыў яму прафсаюз на адным, вядома ж, з працоўных франтоў, пераблытае ўсе карты, з ног на галаву паставіць вёску. Атрымалася ж якраз так. Адпраўляючыся ў Адлер, Арынавіч, паколькі чалавек ён адзінокі, прыглядаць за хатай і свойскай жыўнасцю даверыў Трафіму Кіпціку, дэманстраваць у клубе кіно – Ігнату Амерыканцу, а разносіць паштовую карэспандэнцыю прысобіў Ягора Чапуху. Размеркаваўшы, такім чынам, абавязкі, Арынавіч падняў запэцканую шклянку, глянуў на мужчын, у руках якіх было тое ж, што і ў самога, гучна і афіцыйна сказаў:

– Сябры мае! Аднавяскоўцы і аднадумцы! Думаеце, лёгка мне, забяры яго д’ябал, ехаць у той Адлер, каб ён спрах? А трэба. Трэба, браткі! Прафсаюз уважыў мяне як перадавіка вытворчасці, а перадавікамі, самі разумееце, не нараджаюцца. Імі становяцца. І хіба ж я, вось вы скажыце мне, вінаваты, што стаў ім... гэтым... як яго?

–Перадавіком,– падказаў Амерыканец.

–Правільна ... перадавіком,– падхапіў Арынавіч, ён часцяком не ўспамінаў словы, што павінны ісці наперадзе, калі выпіваў звыш нормы. –Дык вы ўжо выбачайце, што ўзваліў на вашы кволыя плечы лішні клопат, але ж Мішкапачастуе вас яшчэ больш, чым сёння, калі вернецца...

– Вяртайся, Мішка, жывы і здаровы,– пажадаў Кіпцік і потайкам хлюпнуў носам.

– Я вам, забяры яго д’ябал, прывязу з таго курорту, вы толькі добра глядзіце тут, каб камар носа не падтачыў, закусіць не скрыль сала прагорклага, а які-небудзь далікатэс,– паабяцаў Арынавіч і пахіснуўся, але яго падтрымаў Чапуха.

– Стаяць!– сказаў Чапуха і вылаяўся.

– У мяне ўсё,– уздыхнуў Арынавіч, па чарзе пацалаваў кожнага з мужчын – па тэлевізары ён бачыў, як гэта робіцца – і не з першай спробы падхапіў чамадан з зямлі, што валяўся на гарышчы з таго часу, калі Мішка ездзіў вучыцца ў горад на кінамеханіка, а цяпер вось і спатрэбіўся. – Чакайце. Мішка, забяры яго д’ябал, на тым курорце спраў наварочае і вам раскажа. Ну, мужыкі, трымайцеся тут, а я , так і быць, адчальваю. Пара. Пара ў шлях дарогу-у-у!..

Арынавіч, стараючыся ступаць цвёрда і непахісна, пачыкільгаў у бок крамы, дзе на крузе спыняецца аўтобус. Кіпцік, Амерыканец і Чапуха ўспомнілі пра шклянкі, у якіх было, пераглянуліся і моўчкі пракаўтнулі пітво.