За Мішку.
Раніцай наступнага дня Кіпцік адразу ж прытупаў на свой аб’ект – двор Арынавіча. У галаве камары таўклі мак. Пасля учарашняга. Бывае. На тое і мужык – перахварэць трэба. Але тое, што ён ўбачыў, не ідзе ні ў якое параўнанне з галаўным болем. На Кіпціка касавурыліся, бы жывыя, выбітымі шыбамі вокны. Каля будкі, з якой звычайна выглядваў прагны да людской ласкі лянівы сабака Швагер, ляжаў на траве ланцужок, падобны на бікфордаў шнур, які хтосьці перарэзаў. Гэта яшчэ паўбяды ў параўнанні з курамі, якія, усё роўна як хмаркі на чыстым небе, ляжалі па ўсім двары.
Схопішся тут не толькі за галаву. Шыбы выбіты... Куры атручаны... Сабака Швагер даў лататы...
– Хто-о-о? – затрос кулакамі Кіпцік. – Забіць вас мала-а-а! Хто-о-о? Не быць казе на вазе. Аднойчы даверылі адказны пост – і на табе, апраставалосіўся. Ну, што я чалавеку скажу? Як у вочу гляну? А збіраўся ж... як і належыць дакласці. Па ўсёй страявой выпраўцы. Як у арміі. Па статуту. – Ён прыняў стойку «смірна», прашоргаў затым па зялёнай траўцы страявым крокам, спыніўся, прыклаў руку да скроні. Паколькі адзін палец не выпраміўся, Кіпцік разагнуў яго левай рукой. – Таварыш Арынавіч! За час твайго курорту здарэнняў не адбылося! Куры наняслі два вядры яек... па кулаку кожнае. Не, ты не падумай, Амерыканцаў індык тут не пахадзіў. Добра, што верыш. Хата, значыць, у поўным парадку. Сабака спіць у будцы, на чужых і розных падазроных – шчэрыць зубы і гырчыць. – Але ўспомніўшы, што адбылося, Кіпцік зморшчыўся, махнуў рукой і апусціў азадак на лаву. – І трэба ж!.. Каб знаў, што ўпаду, ляснуся, то сеў бы. Сеў бы, гэта факт. Хоць на табурэт, хоць у лужу... У лужу? Гм, у лужу... Я што, дурань?
– А то хто ж ты?! – укацілася на падворак Груня, вырачыла на мужа вочы. – Я цябе пасаджу! У такую лужу, паразіт, што не ўстанеш! А божачкі! І пярнатых! А божачкі! Што ж гэта будзе? І зваліўся ж ты на маю галованьку, Кіпцік праклятушчы!
Кіпцік, скасіўшы вочы, глянуў на жонку, паспрабаваў прытупнуць нагой, але пабаяўся, і толькі ціха сказаў:
– Ш... ша. Ш... ша.
А Груня, не звяртаючы на мужа ўвагі, екатала:
– І павылазілі б у мяне вочы, калі я за цябе замуж у сельсавет ішла! Колькі жыву ад мук-страданняў не пазбаўлюся! З даўгоў не вылезу! Знімай штаны!
Ад пачутага Кіпцік ікнуў і паморшчыўся:
– Ты што? Ты што?
– Знімай!
– Я ж, Грунечка, пільна вахту нёс, – здрэйфіў Кіпцік, бо ведаў, што з ягонай Груняй жартачкі кепскія. – Не спаў. Не. Ага.
– Брэшаш!
– Клянуся, сонейка маё!
– Каб не дрых – усцярог бы!
Кіпцік прытворна скрывіўся, развёў рукамі:
– Не атрымалася – вось... Але стараўся. Заўваж: стараўся! Адно вока заўсёды цёр, каб яно з другога прыклад не брала. Так-так, Груня. Павер, сонейка...
– Ці ты, можа, не ў гэтай хаце адно вока цёр? У Лідкі, можа, цёр? – Груня выпяла грудзі, прытупнула нагой, чаго пабаяўся зрабіць колькі хвілін назад сам Кіпцік, замахнулася праўшой. – Ну, у каго пытаюць? Язык праглынуў?
– Што ты! Што ты!
– Знімай штаны!
– Ох і смала ж ты, жоначка! Ну навошта знімаць штаны? – Кіпцік таптаўся на адным месцы, паказваў вачмі на браму і рэдзенькі паркан. – Светла... Дзіркі ж вунь...
Але ж хіба Груні што дакажаш, і яна працягвала сваё:
– Навошта, пытаеш, знімаць штаны? То скажу, так і быць: я імі вокны затыкну-заканапачу. «Светла», «Дзіркі ...». Ты пра шыбкі думай!
– Не хопіць маіх штаноў... портак.. ага. Гэта каб тваю спадніцу ўзяць. Яе б хапіла. З гакам, – выдыхнуў з сябе Кіпцік.
– Ой, людзі!–З лёгкім дакорам заківала галавой Груня. – Ён яшчэ і хвост петушыць, Кіпцік мой. Вы чулі? Ой, людзі! Адны ж страты... з табой, а не жыццё! Цьфу!
Нічаго не паробіш, трэба ісці на прэмірэнне. І Кіпцік, хоць і з цяжкай галавой, гэта разуммее:
– Ты... ягадка мая балотная... кветачка палявая... не псуй нервовую сістэму... а ўсё астатняе – прыкупім. Усё прадаецца, а нервы ў вялікім дэфіцыце. Ёсць у краме і шкло, і... і...
Жонка ж на яго, здаецца, зусім не зважала, яна, хутчэй за ўсё, прыкідвала, у што абыдзецца для сям’і мужавага вартаніўцтва і ад гэтай думкі жанчыне было млосна.
– А божачкі! – скрыжаваўшы на грудзях рукі, соўгалася па двары Груня. – І навошта Мішку Арынавічу іх столькі разводзіць было, нясушак тых? Адзін жа жыве, адзін! А навошта яму таго сабаку пляшывага было трымаць? На маю, на маю галованьку. Колькі б ён сам тых курэй і яек з’еў? Каго карміць збіраўся?
– Горад! Хвала і слава Арынавічу! – торкнуў угору рукой Кіпцік, а другой круціў у кішэні жонцы дулі.