Выбрать главу

– Менш гавары – больш пачуеш, – уладарна сказала Груня.

– Гавары не гавары – труба дзела, – паморшчыўся Кіпцік. – Труба. Хоць сікісь-накісь, хоць накісь-сікісь. Ну што цяпер – паміраць?

– Ты памрэш! Ты мяне хутчэй у труну загоніш!

– Я ж... Я ж, Грунечка, люблю цябе... ага... кахаю нават...– Кіпцік пацалаваў паветра. – Усім сэрцам.. душой...

Груня раздражнёна затрэсла галавой:

– Дзе яно, тваё сэрца? А душа? Эх ты, Кіпцік! Марнатравец ты . Шалапут.

– Во, во, дагаварылася, – крыва ўсміхнуўся Кіпцік. – Ды дай мне толькі зубы ўставіць. Ух! Я табе тады ўсю маладосць вярну. Ага.

Груня падставіла да вуха мужа сваё:

– Што-што-што?

Кіпцік адвярнуўся:

– А ты пра шкло нейкае. Пра курэй. Пра Швагра. Ды хай яно ўсё гарам гарыць! Адкінулі капыты – туды ім і дарога!

– Не, вы чулі? Вось так і ўсё жыццё. Зробіць – і выкіне. Раскідон!

– Хто гэта раскідон? Я? Гаўкай ды не кусай. Мне, думаеш, соладка, калі так вось усё... кісь-накісь... Шурупіць трэба. А ты жменямі соль на балячку... Эх, жыццё!

– Соль? Я табе падсыплю яшчэ і не таго. Вось прыйдзем толькі дадому...

– А я не пайду!

– Чаго ж так?

– Ты мне сюды дыету прынось, а я з вахты ні на крок. – Кіпцік прытупнуў нагой, нібы цвік убіў абцасам. – Тут стаяць буду. Падпільную, нікуды ён не дзенецца, супастата. Ён жа не ўсё яшчэ пашкодзіў. Дах цэлы, на верандзе вунь шыбкі цалюткія... прыйдзе. А я яго – цап! І за каўнер! Ідзі, ідзі, галубчык, сюды! Давай, давай! Злачынцу заўсёды цягне на тое месца, дзе набедакурыў. Ты мне, Груня, сюды харч пастаўляй, сюды...

– А курэй скубі і еш, – сказала Груня і патупала на веранду.

Кіпцік моўчкі склаў курэй у кучу.

– А тут што робіцца! А тут! – пачуў ён пагрозлівы жончын голас з веранды. – А бутэлек! Не пераступіць! Дык вось ты чым тут займаўся, вартаўнік ліпавы?

«Трэба было б прыбраць», – падумаў Кіпцік, а жонцы крыкнуў:

– Ды не мае гэта! Не мае!

– Ты прызнаешся. Як рабіць што карыснае – язва, а жлукціць – масцір. Дыету яму сюды прынось... Я пакажу табе дыету – усё астатняе жыццё ікацца будзе.

– Якая цешча, такая і дачка, – буркліва сказаў Кіпцік.

– І каньяк грузінскі піў! І каньяк!

– Ад сабакі блін не з’ясі.

– Адзін сурагат. І адкуль жа твайму здароўю быць, п’яніца ты з першай шарэнгі?

Бутэлькі паляцелі на падворак. Кіпцік сеў каля кучкі курэй, закурыў, і працягваў весці перапалку з жонкай:

– І кот бы піў, каб хто наліў.

– І колькі іх выкідваць можна? Ай-я-яй! Вось ты тут чым займаўся, вартаўнік без стрэльбы. Каб на цябе радыкуліт да язвы ў прыдачу! Каб на цябе сто хвароб адразу прыляпілася!

– Што мне сёння, то табе заўтра.

Груня выглянула з веранды:

– А гэтую прыгожую пляшку дзе ўзяў? У нашай краме такіх спакон веку не вадзілася. Чаму маўчыш? У цябе пытаюць!

– Я ж кажу: не мае, – лагодна мовіў Кіпцік. – Я што – у горадзе калі быў?

– Няўжо Мішка так п’е? – уразілася Груня і прыціхла.

– Не ведаю, – паціснуў плячыма Кіпцік. – У сведках не лічуся. І сваіх не выдаю таксама. Ляжаць – няхай ляжаць. Есці не просяць. Вось прыедзе Мішка, здасьці пляшкі – і купіць курэй. А ты расквакталася-раскудахталася. А хочаш і я здам. Адважуся – і здам.

Гэтая ідэя спадабалася Груні:

– А што? І здай, і здай, Кіпцічак, Атрахімка мой...

Кіпцік паскроб за вухам, сумна сказаў:

– Мая тут усяго адна...

– Усё ж піў?

– А я што – святы? І рот у мяне ёсць. Бачыш? – разявіў рот.

– Няйначай самая вялікая бутэлька – твая? Вось гэтая?

– Мая маленькая. Чакушка, – прыплюснуў вока Кіпцік.

– Каму галаву тлуміш? Дзе ты бачыў, каб цяпер маленькія выпускалі? Дзе? Піць дык піць. Піце, людзі, атруту. Хутка пачнуць, відаць, у трохлітровых слоіках гарэлку прадаваць. Як сок бярозавы. Во ўжо дзе мужыкам радасці будзе – пакуль жа дно не ўбачыце...

Кіпцік пасмялеў:

– Цябе спыніць ці сама на тормаз націснеш? Ты лепш бы схадзіла ў краму. Нядобра ўсё ж атрымліваецца...

– Ты пра што? – насцярожылася Груня.

– Жывыя істоты куры. Памянуць трэба. Памянем, а тады я і прыкапаю іх. Чын па чыну. Ну, чаму стаіш?

– Маўчаў бы ўжо, ёлуп! Маўчаў бы! Такога натварыў, а яшчэ і язык у роце варочаецца! Хапае ж во сумлення!

– На тое і вір: калі і ўмелага закруціць, а калі і няўмелага на бераг выкіне.

І раптам, як гэта часта бывае ў апошнюю хвіліну, Груні прыйшла ідэя. Чарговая. Яна ўспляснула рукамі:

– Кіпцічак мой! Пачакай! Не спяшайся! Пачакай, родненькі! Ты ніяк курэй закапаць надумаўся?

– Ну. Акурат так.