– Не дазволю!
– А што, ты іх есці будзеш? – тут ужо сур’ёзна спытаўся Кіпцік.
– Выклікай міліцыю, няхай акт складаюць, злачынцаў шукаюць, – цвёрда і пераканаўча сказала кабета.
Кіпцік не на жарт задумаўся:
– А што? Але не, не трэба, мусіць. Атрад, думаеш, іх тут, злачынцаў? Я сам яго знайду...
– Ты?! – жонка нават засмяялася.
– Знайду– не адступаў Кіпцік.
– Не смяшы курэй... Цьфу! Людзей не смяшы. Ты знойдзеш. Ты зубы свае раніцай шукаеш, а ці заўсёды сам знаходзіш? Сышчык!
– Калі захочаш выцяць сабаку, то друк знойдзеш, – сказаў Кіпцік і ўспомніў пра сабаку, пачаў клікаць. – Швагер! Швагер! На-на-на!
– Слухай сюды, «на-на-на», – тузанула мужа за рукаў Груня. – Рабі так, як я табе раю: бяры, Кіпцік, адну чубатку, для экспертызы, сядай на аўтобус і ляці ў міліцыю. Ну, уявім, знойдзеш ты сам? І што далей? Пальцам крывым сваім паківаеш – і ўсё, увесь разлік. Ударыць нават нельга. Пысу намыліць. Закон не на тваім баку. А так яны, міліцыянеры, прымусяць злачынцу і за курэй заплаціць, і за шыбкі. Зразумеў?
Кіпцік уважліва выслухаў жонку, зноў паскроб за вухам, памяркоўна сказаў:
– Больш грошай праездзіш у тую міліцыю, чым каштуюць усе атручаныя куры і шыбкі разам узятыя.
– Едзь! – прагучаў, як стрэл, над ягоным вухам голас Груні.
– Можа не трэба? – адхрышчваючыся ад жончынай ідэі, паглядзеў на яе сумнымі вачыма Кіпцік. – Няўжо ў нашай Гуце я таго супастата не знайду? Дзе ён тут можа схавацца? У якім кусце? Пад які корч галаву засуне, га?
– І што ты за чалавек такі, Кіпцік? Хоць кол на тваей лысай галаве чашы, а ты адно і тое ж. Ну шукай, шукай, а я пабачу... хоць не ўсіх людзей ваўкі паелі – ёсць яшчэ, можа яны і дапамогуць. Як жа ты адзін на чыстую ваду таго злачынцу выведзеш, гора ты маё? – Груня прамакнула слязінку на шчацэ ражком хусткі. – Шукай, Атрахімка, шукай яго, гада. Ну гэта ж трэба так нашкодзіць, людцы родненькія! Гэта ж трэба!..
Кіпцік узяў рыдлёўку, запіхнуў курэй у мех, ускінуў на плячо.
– Не заўсёды добра сеўшы добра едуць, – сказаў жонцы. – Ён у мяне прыедзе. Я ў канец агарода, на выган. Курэй прыкапаю. А ты тут павартуй. Дажыліся – не пакінеш на пару хвілін жытло. Нехрысці. Толькі Швагер, калі заявіцца, можа цябе напалохацца і зусім збегчы. Ты ўжо ласкава, ласкава з ім. А калі будзеш гыркаць, як на мяне, то памінай чым звалі. Сабака табе не я. А лепш у хаці сядзі і ў акно назірай... у разбітае... вунь у тое... у крайняе... З яго ўвесь двор – што на далоні.
– Куды ўжо назіраць цяпер, Кіпцік ты недароблены? – Груня узбурылася на высокі ганак, цяжка ўздыхнула, махнула на мужа рукой. – Нясі ўжо курэй. Нясі. Цікава толькі мне, як ты перад Мішкам, ёлуп, апраўдвацца будзеш?
Кіпцік ужо не чуў яе слоў – ён шыбаваў па агародзе з мехам на плячах, а рыдлёўку выстаўляў наперад, бы сляпы – кіёк...
Хто ж і сапраўды напракудзіў? Цяжка сказаць, як і цяжка здагадацца, каго ж западозрыў Кіпцік і знойдзе ці не ён таго, каго шукае?
Аднак пошукі пачаліся. Кіпцік сядзеў за сталом у Мішкавай хаце, насупраць яго Груня. Тут жа на стале стаяў збанок з квасам, ляжала ручка на чыстым аркушы паперы ў клетачку.
– Пачнём? – паглядзеў на жонку Кіпцік.
– Паехалі! – махнула рукой кабета.
– Куды едзем? На Ганчароўку?
– Не, не, Кіпцічак, не. Пачынай са сваёй вуліцы. Ворагі заўсёды побач. Яны – перад вачмі мітусяцца, таму мы іх і не бачым.
– Слухаюся, – Кіпцік узяў ручку, падсунуў бліжэй да сябе аркуш. – Маруся? Маруся не нашкодзіць – сама ледзь поўзае, куды ёй. Гэта яе сын жывы ці не?
– Памёр, відаць, раз не паказваецца да маткі, – міргнула Груня.
– Далей у нас Макар ідзе. Макар адпадае. Кум.
– Пад маркай кумаўства можна такога нарабіць, што ўвесь свет ад здзіўлення перавернецца. Прыгледзься, прыгледзься да яго уважлівей. Чуеш?
Але Кіпцік не чуў – ён ўжо нацэліўся на іншы аб’ект, таму залыпаў вачыма на жонку:
– Па... пачакай, а як ты да Петрака ставішся?
Груня, мабыць, і думаць не магла, што сусед кепскі чалавек, здольны нашкодзіць, яна прыгадала нешта прыемнае, ад задавальнення самі замгнуліся ў яе вочы, а на твар набегла салодкая, як скрыль мёду, усмешка.
– Ну... у цэлым... чалавек ён уважлівы... прыгожы... – выдыхнула яна з сябе, пазяхнула і паляпала па губах пальцамі.
– Стоп! Стоп, Груня! Не сваволіць! – Кіпцік ва ўсім гэтым улавіў нешта нядобрае і паківаіў кабеце жоўтым ад махоркі пальцам. – Не ў тым плане цікаўлюся. Наконт шкоды цікаўлюся. Пра ўсё астатняе забудзь. Дык, як ты да Петрака?
Груня кашлянула, кіўнула галавой:
– А-а, у гэтым... У гэтым... Пятрок, значыць?
– Пятрок, Пятрок.
– Калі ў гэтым плане, то не ведаю, што і сказаць...