Пакуль жонка падбірала патрэбныя словы, Кіпцік ужо вынес суседу прысуд:
– Ён! Ён, паразіт! Пятрок! У мяне пяцёрку прасіў? Прасіў.
Груня насцярожылася:
– І ты яму не даў?
– А я яму не даў. Не даў. І вось – фінал.
– Правільна – адпомсціў. Ён, дарэчы, што табе ўзамен паабяцаў?
– А тое і паабяцаў, што, кажа, бутэлька як бутэлька, а ты мяне яшчэ не аднойчы ўспомніш. Табе, кажа, яшчэ не раз ікнецца, – Кіпцік і сапраўды ікнуў, спалохана глянуў на жонку. – Бачыш, пачалося?
– Пазнач Петрака крыжыкам, – параіла Груня.
– Пазначаю, – Кіпцік паставіў крыжык, ікнуў. – Чорт рагаты, га! Бачыш? Пазначыў і ікнуў. Ікаецца, каб яму!.. Лепш бы я тую пяцёрку прэзентаваў яму.
– Не памрэш, калі паікаеш трохі, – штурханула Груня ў плячо мужа. – Далей, далей глядзі!
– Ага. Далей Сцяпан ідзе. Сцяпан можа і не можа. Скрытны ён чалавек. Хоць і нашкодзіць, а не прызнаецца. А можа яго іншым метадам узяць? – Вочы у Кіпціка раптам загарэліся, бы лямпачкі.
Адразу ж успыхнулі яны і ў Груні:
– Якім, Кіпцічак мой?
– Шклянку яму наліць – і адразу, як піць даць, развяжацца язык. Збегай, вазьмі бутэлечку.
Вочы-лямпачкі ў Груні адразу патухлі, яна сумна сказала:
– Ну які ж са Сцяпана злачынца? Ды ён і не дадумаецца да такога. У яго цэбар, а не галава. Пусты перавод фінансаў. Далей, далей ідзі, Кіпцік. Ды варушыся, варушыся!
Кіпцік зморшчыўся, але нічога не заставалася рабіць, як напружыць памяць, прыгадаць, хто жыве за Сцяпанам.
– Іду, іду далей, – ківаў ён галавой. – Далей... Вокны забіты... забіты... забіты... крыж-накрыж... Хоць музей рабі пад адкрытым небам. – І ён раптам ускочыў з табурэткі. – Павел! Павел Струк! Ён! І ведаеш, за што на мяне камень носіць?
За што камень носіць на Кіпціка Струк, Груня так і не даведалася, – зайшла Клаўка, і пачала без уступу, нараспеў:
– Што гэта я чула! Скажы каму – не павераць. Няўжо, дзядзька Кіпцік? Га, цётка Груня?
Груня агрэсіўна нацэліла на Клаўку вочы:
– А што ты чула, лахудра? А што ты чула? Нам, можна сказаць, – гора, бяда, а ты – чула!
Кіпцік, каб не даць разгарэцца полымю, цыкнуў на жонку:
– Ша! Цішэй, цішэй, Груня. Не разганяйся. Цябе тады не спыніш.
– Ты каго абараняеш? Ты каго?.. – натапырылася Груня.
– Ну, будзе, будзе, бабы! – суцешыў Кіпцік жанчын. – Не да вас.
А Клаўка, сядаючы, паціснула плячыма:
– А хіба я вінавата? Толькі і размоў у вёсцы пра курэй... пра сабаку... пра вокны.
Груня супакоіла сябе:
– Здавалася б, свае людзі, а языкамі мянцяць. І не стомяцца ж!
– А што людзям яшчэ рабіць? -- паправіла хустку на галаве Клаўка. – Не ўсё ж на градках поўзаць. І пагаварыць хочацца.
– Знойдзем! З-пад зямлі дастанем! Я сама распраўлюся з супастатам! На ўсю катушку! – дала адчуць Клаўцы, а заадно і ўсёй вёсцы, Груня, што тут не хаханькі ім.
Кіпцік жа запэўніў жонку:
– Веру, веру, маладзіца.
А да Клаўкі звярнуўся з пытаннем:
– Інструмент з сабой?
Клаўка ўздыхнула, палезла пад сукенку па карты, дастала іх, выдыхнула з палёгкай:
– Як знаццё было, што спатрэбяцца.
– Прыкінь-ка на іх. Што яны скажуць, цікава? – папрасіў гаспадар хаты. – Ты не крыўдуй, Клаўдзія, не крыўдуй. Груню таксама зразумець трэба.
– А мне што? – хмыкнула Клаўка. – Хіба ж я гэта вартавала? Мая хата з краю. Скажы каму – не павераць. Дзівосы!
– Праз тыдзень-другі ўжо і Мішка, мусіць, вяртаецца. Чужыя дні хутка ляцяць. Паспець трэба знайсці. Ой, гора! Хоць бы цягнік зламаўся!.. – Груня паморшчылася, як ніколі раней.
Кіпцік падбадзёрыў:
– Паспеем, паспеем, маладзіца. Ну-ну, Клаўка!
Клаўка расклала карты, бубніла нешта сабе пад нос, а тады сказала гучна:
– Выпадае табе, дзядзька Кіпцік, дарога...
– Я ж і кажу яму: едзь, дурань стары, у міліцыю, – ажывілася Груня. – Бачыш, і карты пра тое ж самае. Неслух!
Кіпцік прыклаў палец да роту:
– Ша!
– Казённы дом... – працягвала Клаўка.
У Груні ажно вочы пабольшалі:
– Няўжо Мішка ў суд падасці?!
– Без панікі, Груня! Ну-ну! – Кіпцік перавёў позірк з жонкі на варажбітку. – Мішка не такі.
– Чакае цябе, дзядзька, сур’ёзная размова з пікавым каралём...
– Гэта Мішка... Мішка, – прашаптала роспачна Груня і скрыжавала рукі на грудзях.
Кіпцік папрасіў у Клаўкі карту, паднёс яе да вачэй:
– Ён... Арынавіч... Яго, яго валасы на карце. І чуб такі... калі там, на курорце, не абалванілі. Бяры карту. На. – І ён падаў Клаўцы карту, і сам сябе падбадзёрыў. – А што, хіба я ніколі не размаўляў з Мішкам? Знойдзем, знойдзем агульную мову.