– Працягваць далей, ці і так усё зразумела? – падняла вочы на Кіпціка Клаўка.
– А што зразумела? – не пагадзілася Груня.
– А нічога не зразумела! – Кіпцік тузануў Клаўку за рукаў. – А чым усё скончыцца? Чым? Мне заўсёды канец цікавы... хвокус-мокус. Га?
– Канец і мне цікавы, – засвяціўся твар у Груні.
Клаўка ўздыхнула:
– Усё наладзіцца... пасвятлее і пацяплее ў вас на сэрцы пасля размовы з каралём...
Кіпцік пераможна глянуў на жонку:
– Ну! А ты мне – едзь! Куды ехаць? Навошта? Хто нас дзе чакае? Я сам яго знайду. Дзякуй, Клаўдзія. Дзякуй. – Патрос ёй руку.
– Няма за што дзякаваць. Рада была памагчы.
– Ты такая, ты добрая, калі трэба, то заўсёды побач, – настрой у Кіпіцка ўзняўся, і ён не вупускаў руку варажбіткі са сваіх дзвюх.
А Груня нават прапанавала ёй:
– Можа паснедаеш з намі? Я тут Кіпціку свайму прынесла... – кінула на мужа такі позірк, што таму нічога не заставалася, як прыплюснуць вочы і паскрэбсці за вухам.
Клаўка заўпарцілася:
– Ды я ж сытая, што вы! Слесар мой так добра гатаваць навучыўся, што і ў рэстаранах так не ўмеюць. Асабліва смачная ў яго зразы атрымліваюцца. Пальчыкі абліжаш!
Пра тыя зразы Кіпцік уставіў сваё меркаванне:
– Яно... гэта... зразы... ага.. Якой толькі заразы не прыдумаюць, а для мяне ўсё роўна катлета... Сучасная. Худая. І кіслая. Ты яе туды, яна – назад... Як парсюка ў хлеў заганяеш.
Груня ж чамусьці агрызнулася на мужа:
– Ты еў! Баламут! Не дасці во чалавеку і слова сказаць. Заўсёды свой нос усунеш. Цьфу!
– Што было, тое было. Харчаваўся і ў рэстаранах. Ведаю, што там і як. Да твайго ведама, старая, як ужо добра падхарчаваўся, адна мяне на круг запрасіла...
Клаўка засмяялася. Гэта падняло настрой Кіпціку, ён баіў далей:
– А чаго? Я і цяпер, калі б ля грубкі пагрэць...
– Дык ты што, хочаш, каб я цябе пагрэла? – Груня пачала шукаць вачыма, чым бы пагрэць яго, старога балбатуна. – Дзе тут які драч, га? Ты, відаць, даўно хочаш, каб я цябе пагрэла?
Кіпцік замахаў рукамі:
– Маўчу-маўчу-маўчу!
Працягваючы ўсміхацца, Клаўка сказала:
– Ну добра, пабягу я. Сёння кіно ў нас. Прыходзьце ў кіно.
– Тут свайго кіно хапае, – Груня кіўнула на Кіпціка. – Кіншчык вунь сядзіць!
Калі Клаўка, якой Кіпцік потайкам памахаў рукой, знікла за дзвярыма, Груня зняважліва плюнула ёй услед, хмыкнула:
– Кабыла! Выгуляецца за дзень, а тады брындае з хаты ў хату. «Скажы каму – не павераць»! А ты не кажы! А ты маўчы! Білецікі ў клубе прадае. Дзве гадзіны ўсяго робіць. А старым – вілы на плячо!
Скасіўшы вочы на жонку, Кіпцік заўважыў:
– Ты ў гэтую палітыку не лезь.
– А што – не так? Маладыя побач налегцы ідуць, а старыя, бацькі іхнія, воз цягнуць.
– Не мая палітыка.
– Адсталы ты чалавек, Кіпцік, а яшчэ ў рэстаране харчаваўся.
– Было!
– Тое, што было, мала радасці нясе. А вось што будзе – цябе гэта не хвалюе?
І Кіпцік, спахапіўшыся, гукнуў:
– Павел! Павел! Струк! Струк! – вытрымаўшы паўзу, прашаптаў задумліва і няўпэўнена. – Няўжо Павел?
– А ён за што на цябе зуб мае? – падняла вочы на Кіпціка жонка.
Той вырачыў на кабету вочы:
– За тое, што на цябе меў у маладосці.
Груня адвярнулася.
– Во-во! Адвярнулася! Праўда вочы рэжа.
Груня раскашлялася.
– Ад праўды і кашаль душыць. Не кашаль, а я цябе павінен душыць. Я!
Ну што ты скажаш гэтаму Кіпціку? Груня прыпомніла, што грэх быў, але за даўнасцю часу, як кажуць, суду не падлягае, таму скарыстала сваю бабскую хітрасць: мякка абняла дзеда за шыю, горача зашаптала яму на вуха:
– Кіпцічак мой родненькі! Няўжо я цябе на каго памяняю? Дзе я яшчэ такога прыгажунчыка, такога дурненькага знайду?
Кіпцік растаў, як камяк снегу, таму на «дурненькага» не звярнуў увагі, і заплюшчыў вочы: хораша як! А жонка лашчыла яго далей:
– Ніколі! Ніколі я цябе не памяняю! Што ты! Ты менш толькі людзей слухай... Ну іх! Бачыш, як нашкодзілі яны нам?
Знаходзячыся яшчэ пад жончыным гіпнозам, Кіпцік матлянуў у паветры кулаком:
– Вось і я ім: Груня не такая! Груня – кавалак золата! Брыльянт! Груня мяне, адзінага, любіць і галубіць. Я правільна гавару?
– Правільна, правільна, – яна пагладзіла мужа па лысай галаве.
– Толькі мяне... адзінага... Назаўсёды... – Ён дакрануўся рукой да таго месца, дзе яшчэ не астыў пацалунак. – Трымаецца... Шчака ажно пацяплела... Быццам скавародка... Я на сёмым небе... Я лячу... лячу... лячу я!
Груня нарэшце лёгенька адштурхнула Кіпціка ад сябе, ледзь чутна сказала:
– Палётаў – хопіць... – і падсунула да сябе спіс.
Прачнуўся, здаецца, і Кіпцік, ён заміргаў вочкамі, і сказаў пагрозліва, але памяркоўна: