– Дзейнічаем! Канешне, злачынцу так проста не возьмеш... К-хе, к-хе... Сіла трэба для таго, каб узяць. Аднак жа... – Ён праглынуў сліну, – сілы ў мяне засталося... сама ведаеш... на два разы пшыкнуць. Другі дзень ужо не корміш. Чым браць буду? Лозунгам?
На стале ўмомант аказаліся слоікі з ежай. Іх выставіла з сумкі Груня. І сказала, паказваючы рукой на стравы:
– На здароўечка, Кіпцічак мой! На здароўечка! Дзеля нашай агульнай справы. Жры! Цьфу ты! Еш, еш, ягадка-а-а!
Кіпцік працягнуў руку да жонкі:
– Ручнік!
– Дам, дам табе і ручнік! – Груня падала. – Калі ласка! Калі ласка!
Кіпцік закруціў ручнік, быццам шалік, вакол шыі, і пачаў прагна есці. Жонка сядзела насупраць яго, падпёршы падбародак далоняй, захаплялася мужам, на поўным сур’ёзе мовіла:
– Ты як пан у мяне. Як пан.
– Які пан, Груня? – не адрываючыся ад слоіка з пражаным салам, падхапіў гаворку Кіпцік. – Пану да мяне яшчэ цягнуцца ды цягнуцца. Я – следчы! Га?
– Хай, хай следчы...
– Дакажу! Дакажу, хай не думаюць, маць іх іці! К-хе! На палец барадаўка – і тое прыбаўка. Цяміш? У бюджэт!
– Я заўсёды ведала, што ў цябе на плячах не качан капусты, – падбадзёрыла Кіпціка жонка. – А галава!
– Галава, галава, так, – пагадзіўся Кіпцік. – Будуць авечкі сытыя і сена цэлае.
А Груня зажмурыла вочы і соладка прамовіла:
– Я ж і забылася зусім... я ж і забылася...
Кіпцік адразу скіраваў позірк на сумку, прасвідраваў яе вачыма:
– Што ў цябе там? Ні чэміргес?
Не звяртаючы на яго увагі, жонка працягвала:
– Я ж і забылася... Калі хочаш з мужыка выціснуць што-небудзь карыснае – яго спярша накарміць трэба. Харчуйся, харчуйся, родненькі мой сышчык!
Таго, на што разлічваў Кіпцік, у сумцы не аказалася, і апетыт у яго прапаў, хоць жонка і працягвала гладзіць па галаве...
Пакуль Кіпцік еў ды запіваў малаком, а потым яшчэ і яшчэ заглядваў у свой спіс, Амерыканец дэманстраваў у клубе кінафільм. Новую спецыяльнасць ён асвоіў даволі хутка. Апаратура яго слухалася, нібы шчанюк гаспадара. Праўда, Амерыканец націскаў толькі на тыя кнопкі, якія паказаў яму перад ад’ездам на чарговым інструктажы Мішка. Націснеш, вучыў той яго, на любую іншую, заваліш усю справу. Абсвішчуць. Не націскай на лішнія... Не трэба... І пакуль усё... цьфу-цьфу-цьфу!.. ішло добра. Ніхто не меў прэтэнзій да новаспечанага кінамеханіка
Запусціўшы апаратуру, Амерыканец выцер насоўкай узмакрэлы лоб і шчасліва ўздыхнуў:
– Фу ты, га! Закруцілася! Завярцелася! – ён глянуў у акенца. – Парадак! Ну, усё... Засталося мала. Сем патоў з мяне выходзіць за адзін сеанс. Яшчэ трохі – і здаю Арынавічу і апаратуру, і план. Трымай, Арынавіч! Па ўсіх паказчыках цябе ў перадавікі вывеў. Граматы... Прэміі... Падзякі... А што, цікава, мне будзе? Апельсін абхазскі?
Не паспеў ён пагаварыць як след сам з сабою, калі ў акенца ўварвалася тупаценне ног, свіст і галасы, ад якіх Амерыканцу зрабілася млосна. Як жа, крычаць: «Амерыканца – на мыла!», «Партач!», «У-лю-лю-лю-ю!». Кінамеханік не на жарт разгубіўся. Ён глынуў з графіна вады, і адчуў, як закружылася галава: «Няўжо ўсё? Няўжо?.. А можа пранясе? Ці ўсё – канец?»
А тупаценне ног было зусім блізка. Амерыканец, прадчуваючы нядобрае, накінуў на дзверы зашчапку, а сам схаваўся за кінаўстаноўку – заняў абарону. Калі на дзвяры пасыпаліся удары, ён падкасаў рукавы і прыняў стойку «жывым не дамся!».
– Адчыняй, абманшчык, хлус імпартны! – пранізаў драўляныя дзверы крык.
Амерыканец загадаў сам сабе:
– Не адчыняць! Трымацца! Трымацца да апошняга!..
– Што напісаў на афішы, а што паказваеш? – дапытваўся хлапчына сваім пагрозлівым голасам. – Будку перакулім, калі не вернеш грошы! Бярыцеся за вуглы, хлопцы!
– Гэй вы там, паасцярожней! – Амерыканец пагразіў пальцам. – Паасцярожней! Не вы ставілі будку! Не вы!
А потым Амерыканец уздыхнуў з палёгай, бо хлопцы памалацілі кулакамі ў дзверы, паабяцалі сустрэцца з кінамеханікам на вуліцы – і зніклі. Амерыканец зноў прамакнуў лоб насоўкай і пачаў суцяшаць сам сябе: «Хацеў жа як лепш. Для плана стараўся. Для дзяржавы». Ён паглядзеў у акенца, у глядзельнай зале нікога не было, і выключыў апаратуру. А ўслых сказаў:
– Вось і ўсё кіно. Прызямліўся ў Еўропе, такія справы!..
Прыбегла Клаўка. Амерыканец не адразу адчыніў ёй.
– Ды адна я, адна! – запэўніла білецёрка, а калі апынулася ў кінабудцы, з дакорам глянула на старога. – Што ж ты нарабіў, дзядзька Ігнат? Клуб пусты.
– Г... грошы ў цябе? Не адабралі? – талопіў позірк на Клаўку Амерыканец.