– А то дзе ж яшчэ! Купілі білеты – хай глядзяць.
– Правільна. Багата грошай?
Клаўка кіўнула: ага.
– Тады не журыся. Тады жывём. Ну, чаго галаву павесіла? А калі мы дадатковы план прынялі, га?
– Як гэта? – здзіўлена глянула на Амерыканца Клаўка.
– За адну змену – восем норм. Усе бяруць, а мы што – лысыя?
– Быццам бы не...
– І я гавару: не лысыя, – Амерыканец рассмяяўся.
Усміхнулася і Клаўка:
– Скажы каму – не паверыць. Эх, дзядзька! Усё гэта і добра, і дрэнна. А каму ж мы заўтра кіно будзем паказваць? Хто прыйдзе? А паслязаўтра? Не павераць нам больш людзі, хоць фільм і на самай справе індыйскі будзе...
Амерыканец пасроб за вухам:
– Рэклама падвяла. Цяпер усюды гэтыя рэкламы. Я сабе гадзіннік па рэкамендацыі газеты купіў, а ён дзень ідзе, два на месцы стаіць. У газетах жа друкуюць рэкламу вялікімі літарамі, а я ўсяго-наўсяго на паперцы напісаў, што фільм індыйскі... для вузкага кола.
– Але ж ведаў, што наш фільм?
Амерыканец вінавата апусціў галаву:
– Не трэба было б...
– Для цябе ж стараўся, Клаўдзія! – Амерыканец прыклаў руку да сэрца. – Для Мішкі, курортніка нашага. Для плана. Для дзяржавы.
– А бачыце, што атрымалася?
– Калі ж фільмы пайшлі ў апошні час – што блізнюкі. Нават і артысты адны і тыя ж у іх здымаюцца. Чым заманіць людзей? Якім метадам? Вось і асмеліўся я прарэкламаваць...
Клаўка махнула рукой:
– Добра! Што будзе, таго не мінуць. Зачыняй будку, дзядзька. Пайшлі дахаты.
– Ты ідзі, дзеўка, – замахаў Амерыканец. – А я тут яшчэ пабуду крышачку. Справы ёсць.
Клаўка знікла. Амерыканец, правёўшы яе позіркам, накінуў зноў на дзверы зашчапку, кінуў на падлогу пінжачок і лёг. Ляжаў і бубніў сабе пад нос:
– Дзякуй сказалі б, нехрысці, што хоць з хат павыцягваў... адзін на аднаго паглядзелі... пра жыццё папыталіся... Дык не: на мыла... на мыла...
Амерыканец захроп.
Прайшло яшчэ некалькі дзён. Усё бліжэй і бліжэй час вяртання Арынавіча. А ў Кіпціка, па ўсяму відаць, нічога не скранулася з месца. Ён сядзіць на лаўцы з кійком, які служыць яму, мусіць, зброяй. Твар заклеены лейкапластырам. Па-ранейшаму не зашклёныя вокны, няма сабакі Швагра – ланцужок накінуты на будку. Кіпцік пасля таго, што здарылася на аб’екце, які ахоўваў, нясе вахту надзвычай пільна, пад вачамі ажно пісяжкі з’явіліся ... А мо ад чаго іншага яны? Кіпцік сам ведае, ад чаго. Вось і цяпер ён змагаецца са сном, клюе носам, і каб не крокі перад ягоным аб’ектам, ён, безумоўна, задрамаў бы. Аднак ускочыў, прыставіў да нагі дручок, нібы вартавы вінтоўку, і падаў каманду:
– Стой, хто ідзе?
– Амерыканец! – пачулася з-за брамы.
– Амерыканец на месцы, астатнія – да мяне! – запатрабаваў Кіпцік.
– Я свой Амерыканец. Савецкі.
– Праходзь, – дазволіў Кіпцік, а калі Амерыканец паказаўся на двары, паведаміў. – Вахту нясу. А табе што трэба?
Амерыканец доўга нічога не гаварыў, сноўдаўся па двары ўзад і ўперад, а толькі тады, расцягваючы гукі, сказаў:
– Чуў ці не?
– Гледзячы што. А ты – чуў? – у сваю чаргу націснуў на тое, што балела, Кіпцік.
– Чуў.
– І я чуў.
Яны селі на лаўку. Закурылі.
– Што рабіць будзем? – першы падаў голас Кіпцік. – Думаў знайду супастата, а ніхто не прызнаецца. Хоць кожнага за каўнер бяры.
– Ты, бачу, некага узаў? – нясмела папытаў Амерыканец і кіўнуў на лейкапластыр, што заняў большую частку Кіпцікавага твару.
Кіпцік асцярожна пакратаў балючае месца, хаваючы вочы, прамовіў:
– Падазронасць лягла на Анціпіху. Быў у яе. Не, кажа, не я, Атрахімка. Рука не падымаецца...
– На каго?
– На курэй. На сабаку. На вокны.
– А на чалавека? – паморшчыўся, нібы балела яму, Амерыканец. – Чым гэта яна цябе так распісала? Качаргой? Скавародкай?
– Цёмна было. Не разабраў. Як у сне было. Зайшоў... Сказаў... І выйшаў. А ты што ж, план сарваў?
Амерыканец хехекнуў:
– А гары яно гарам, такое кіно! Сарваў, брат. Учора два чалавекі прытупалі ў кіно. І тое з суседняй вёскі. З Абідавіч. Як нам далей жыць з табой, Трахім?
Кіпцік не адразу сказаў:
– А так і жыць. А так і жыць. Набраць паветра – і не дыхаць. І не шавяліцца. Шукаю...
– І што, знойдзеш? – насцярожыўся Амерыканец.
– Знайду! – Кіпцік прытупнуў нагой.
Амерыканец уважліва глядзеў на Кіпціка, а тады крыва усміхнуўся:
– У цябе ж ужо месца на твары мала засталося... незанятага.
Кіпцік пакрыўдзіўся, размінуўся позіркам з Амерыканцам:
– Ты чаго прыпёрся? Што табе трэба? Мяне крытыкаваць, нягеглы іншаземец, сабраўся? А сабраўся спачуваць, то спачувай, а не падсыпай солі. Падсыпаць і Груня добра ўмее.