– Даруй. Даруй, Трахім. Можа, з такога выпадку, так бы мовіць, га? – Амерыканец шчоўкнуў па горлу.
– Больш на пасту ні грама! – цвёрда сказаў Кіпцік і заматляў галавой.
– Я вып’ю.
– А я што – глядзець павінен? Сліну глытаць? – натапырыўся Кіпцік.
Амерыканец забедаваў:
– Што ж цяпер, нельга і па сто грамаў?
Кіпцік абурыўся:
– Эх ты, Амерыканец! Лёгка таго біць, хто ляжыць. Наконт выпіць ты не праслабіш. А што, лепш скажы, у вёсцы гамоняць?
– Пра тваіх курэй? – адразу здагадаўся, на што намякае Кіпцік. – А што гамоняць? Што бязрукаму ваду несці давер, што Кіпціку што-небудзь – адно і тое ж...
– Ну хоць бы хто паспачуваў! Хоць бы хто! Толькі сам сабе і падмагнеш,-- скрывіўся Кіпцік і плюнуў.
– І яшчэ, праўда, кажуць, бытта Груні тваёй работа...
Кіпцік аслупянеў:
– Груні? Дзе? Што?
Амерыканец напомніў:
– Куры... Сабака... Вокны...
Кіпцік памуляўся, а тады прыкрыкнуў:
– Цыц! Ты пры сваім розуме ці не? «Груні тваёй работа». Мы з ёй разам, калі хочаш знаць, шукаем злачынцу.
Амерыканец развёў рукамі:
– Ну, тады не ведаю... За што купіў, за тое і прадаў. Людзі так баяць. Не сам жа прыдумаў.
– Ты можаш і сам. А пакляніся!
– Не буду. Хочаш вер, хочаш не. Што чуў, пра тое і сказаў.
– Пачакай, пачакай,– памякчэў, здаецца, крыху Кіпцік. – Хай і гавораць. Хай і балакаюць. Іхняя справа. А навошта тады маёй Груні такое кіно?
Амерыканец прастагнаў,зморшчыўся і адвярнуўся ад Кіпціка:
– Пра кіно, прашу цябе, не ўспамінай. У пячонках яно сядзіць.
А Кіпцік зрабіў выгляд, што не пачуў, ссунуў бровы:
– Дык і я кажу: навошта маёй Груні такі канцэрт?
– Вось гэтага не ведаю,– лыпнуў вачамі Амерыканец. – Самі разбірайцеся.
– Не! Заікнуўся – гавары далей!
– Гавару,гавару... Дзе твае куры?
– Мае дома.
– А Мішкавы?
– Мішкавых... пахаваў. Чын па чыну. Хоць і без аркестра.
Амерыканец кашлянуў:
–Упэўнены?
– Сваімі рукамі закапаў,– Кіпцік патрос рукамі. – Вось гэтымі.
– А людзі гавораць...
– Зноў людзі гавораць?– паморшчыўся каторы раз Кіпцік.
– Дык больш ніхто, акрамя людзей, размаўляць не ўмее.
– Гавары ўжо, гавары!– махнуў рукой Кіпцік і сеў. – Гавары.
– А людзі кажуць, быццам іх Груня твая снатворным напаіла... Разумееш?
Кіпцік зноў устаў, таргануўся целам, нахмурыўся , гледзячы на Амерыканца:
– Не. Не разумею.
– І я...– выдыхнуў Амерыканец. – А мне, Трахім, думаеш лёгка жыць з такой рэпутацыяй? Мянушку горш не прыдумаеш прыляпілі – Амерыканец. Хоць вешайся. Тыя ракеты торкаюць у Еўропе, а атрымліваецца, быццам і я вінаваты. Вось ужо засталася мне ад бацькі спадчына дык засталася. Лепш бы ён у Кітай у заробкі ездзіў. Хоць і Кітай... Сядзеў бы лепш дома.
Кіпцік не чуў, што яму гаварыў Амерыканец, ён усё яшчэ глядзеў на таго шклянымі вачыма:
– Груня, кажаш? Няўжо?
– Не я—людзі...
– А каб ім мулка спалася! – Кіпцік схапіў рыдлёўку. – Зараз праверым! Зараз я ім!.. Людзі кажуць... Што мне людзі? Я сам курэй закапаў. Сам. Вось гэтымі рукамі!-- Ён зноў патрос рукамі, не выпускаючы з іх рыдлёўку. – Пайшлі, тыцну носам!
Сапучы за Кіпцікам, Амерыканец кідаў таму ў спіну:
– Пуста там. Навошта дарэмна зямлю таптаць? У горадзе даўно куры. У гаршках. У халадзільніках. Дачка, думаеш, проста так прыязджала?
Не паварочваючыся, Кіпцік адбрыкваўся:
– Ты яшчэ дурнейшага нічога прыдумаць не мог? За мной! Шпарчэй! Тая шапка, што ў краме ляжыць, вушэй не грэе. Яе трэба на галаву ўсторкнуць.
У Амерыканца зусім, здаецца, прапала жаданне тупаць, ён ляніва плёўся ўслед, бубніў:
– Ды што глядзець? Глядзі не глядзі, а куры – цю-цю.
– За мной!– Кіпціка ніхто ўжо не мог спыніць.
І яны прапалі з вачэй. Пачакаем, паглядзім, што будзе далей. Няўжо і сапраўды Груня? Трафім не верыць. А людзі, бач ты, гавораць. Нічога не скажаш – сітуацыя.
Давайце пакуль зазірнем да часовага паштальёна Ягора Чапухі. Да слова сказаць, Чапуха – таксама не прозвішча, а мянушка мясцовага значэння. Моцна прыляпілася яна да Ягора, але ён ніколькі не крыўдуе на землякоў за гэта, а як выкарыстоўваў у сваёй гаворцы раз-пораз слова «чапуха», так і выкарыстоўвае. А жонку яго называюць не Марусяй, а Чапушыхай. Таксама не крыўдуе. Спытайце, чыя чарга кароў заўтра пасвіць? І пачуеце: «Чапухі з Чапушыхай».
Нешта і ў іх, відаць, сталася. Чапуха не ў гуморы сядзіць на лаўцы, а жонка насупраць на табурэтцы. Насупілася. Маўчаць. Зрэдку узнімаюць адзін на аднаго вочы.