– Чапуха!– парушыў маўчанне Чапуха.
– Табе ўсё чапуха! Бязрукі! Навошта браўся за сумку?
Чапуха паскроб за вухам:
– Дык... каго не прасіў Арынавіч – усе адмовіліся.
– А ты – скок! Бабскі характар у цябе, Чапуха.
– Які ні ёсць, Чапушыха, а чалавеку ўдружыў.
– Ды ўдружыў! Так удружыў, што мне колка на табурэтцы сядзець,– Чапушыха ёрзнула.
– А ты пабегай,– дазволіў сказаць сабе Чапуха, пасля чаго жонка ўстала з табурэткі, махнула рукой: бязрукі і ёсць бязрукі. – Каго не прасіў Арынавіч – ніхто... Маладыя саромяцца з сумкай хадзіць. Ім толькі аўтаматы падавай... робаты. Каб і рукі чыстыя былі, і спіна не балела... А з паштарскай сумкай, бачце вы іх, сорамна. Не той плацдарм. Пошту разносіць і маіх чатырох класаў хопіць, а ў іх паболей. Ды чапуха, Маруся, выжывем!
Чапушыха крыху памаўчала, але супакоіцца не магла, таму зноў прасвідравала мужа вачыма:
– А што ж ты людзям разносіць будзеш? Ашмёткі? Як тыя газеты цяпер чытаць можна? А пісьмы? А пісьмы, Божа-а!
Чапуха пакрактаў, падцягнуў штаны:
– Самая што ні ёсць чапуха! Калі адзін дзень не пачытаюць – нічога з імі не зробіцца. Ды і радыё ж ёсць. Целявізар амаль у кожнага.
– Гэта ўсё ёсць, а сваё стрэбуюць. Людзі такія.
-- Зразумеюць. З кім не бывае. Ну, упусціў сумку ў ваду... не ўтрымаў. Я ж, Маруся, хацеў толькі паставіць яе ,сумку, на поручні, каб пісьмо дастаць. А яна, халера, і кульнулася... і паплыла.
– Я веру. А людзі?– залыпала вачыма Чапушыха. – А людзі?
– І людзі павераць, зразумеюць. Не спецыяльна ж. Не ўмысна. Я ж не шкоднік які-небудзь, а чэсны працаўнік. Папрасілі – пагадзіўся.
– Загадчыца, Любка, хоць ведае? – уступліва-мякка пацікавілася Чапушыха.
– Ёй не дакладваў,– зноў падцягнуў штаны Чапуха.
Чапушыха параіла:
– Схадзі,схадзі павініся. Як-ніяк – начальніца. Яна дзеўка добрая, даруе.
– Не за сябе баюся – за Мішку Арынавіча. Падкачаў. Не апраўдаў даверу. Пачнуць яго калашмаціць, тузаць.
– Схадзі. Прызнаешся – і лягчэй стане.
Чапуха доўга таптаўся каля мокрых газет і пісьмаў, а тады зноў падняў вочы на жонку:
– Дык што, ісці?
– Мякеша! – павысіла голас Чапушыха. – Дачакаешся, што хвельятон у газеце прапячатаюць.
– Хвельятон?– вырачыў вочы Чапуха.
– А што ты думаў! Яшчэ і намалюць. Ой, і бязрукі ж ты, Чапуха! Ці гэта ўсе такія мужыкі, ці ў мяне толькі?
– А што, могуць у газетцы і намаляваць. Могуць. Я б і сам пасмяяўся з такога паштара, яй-бо.
– З сябе?
– Не, з сябе – не, а вось з такога паштара, як сам. Хвельятон, кажаш?– Чапуха паскроб за вухам, а паколькі жонка нічога не адказала, а толькі ўздыхнула, ён прамовіў:– Гэтага дапусціць нельга. Як таго хочаш, а нельга. Ды... ды чапуха!
Чапушыха зноў ажывілася:
– Прасі, прасі прабачэння, а не чапушыхай. На калені ўпадзі. Дзеўка добрая. Зразумее. Вось табе мая парада.
– Чапуха!– Чапуха ўзяў канверт, пакруціў яго перад вачыма. – Мне ўсё роўна гэтыя газеты мала насіць засталося. Кавалак хлеба не адымуць, калі і сумку забяруць. Злезла, га? Злезла...
– Хто з каго?– насцярожылася Чапушыха.
– Чарніла з канверта злезла.
– Вось табе і чапуха! Падсудная справа!
– Так ужо і падсудная. Чапуха.
– Як жа цяпер пісьмы разносіць будзеш? Каму? Куды? Голыя канверты. Што бліны. Ай, няпутны!
– Цішэй, Маруся, цішэй,– Чапуха шморгнуў носам. – Так і разнясу. Няхай у цябе менш галава баліць.
Хаваючы вочы, Чапушыха затрэсла галавой:
– Разнось, разнось, а я пагляджу...
– Паглядзі, паглядзі, я не забараняю,– Чапуха выцягнуў з канверта лісток.– Яны ўсё роўна парасклейваліся, канверты тыя. Так і буду знаходзіць. Па тэксту. Чытаць буду. А ты кпіш з мяне. Дарэмна. Дарэмна.
Чапушыха насцярожылася, тузанула старога за рукаў:
– Нельга! Нельга! Ты што надумаўся рабіць, Ягор? За гэта і на самой справе могуць асудзіць. За тайны...
– Чапуха! А то сакрэт вялікі, што ў такіх пісьмах. Прышлі сала... Атрымалі кватэру, а ёй пуста – акрамя стала , нічога няма... Спім на голай падлозе... Ці чуеце, бацькі? У халадзільніку мыш павесілася... Звяжы світэр, бо хутка зіма... Сябар машыну купіў, яму бацькі дапамаглі... І я спадзяюся, што вы таксама не менш за бацькоў сябра любіце мяне... І так далей. Вось пісьмо. Каму, думаеш? Зараз скажу. – Чапуха выцягнуў складзены лісток, прачытаў: « Прывет з БАМа ад Сяргея!» Макару. Ад сына. Ён, ён у яго магістраль будуе. Ручку, Маруся! Ды Чапуха!..
Чапушыха моўчкі падала ручку, Чапуха напісаў на канверце, каму пісьмо, а тады сказаў, усміхнуўшыся:
– Так мы і ўсе канверты разблытаем. А ты хвалявалася. Чапуха! Ну, хто ў нас там далей ідзе? «Дарагая Клава!» Клава?