Выбрать главу
7

Што ж будзе далей? Цікава, цікава...

Кіпцік размашыста і агрэсіўна вымяраў крокамі двор Арынавіча.

– Хто-о-о?– ён, параўняўшыся, грукнуў нагой па сабачай будцы. – Швагер, а ты чаго аб’еўся, зараза? Чым цябе накармілі, супастат ты гэтакі? Мякінай? Халера, а не сабака! Хто курэй пашчупаў? Ды так пашчупаў, што ад іх і слядоў не засталося. Нідзе чубатых ні жывых, ні мёртвых... А ты, Швагер, павінен быў іх вартаваць разам са мной. Паспрабуй дакажы цяпер, што ты , Кіпцік, не курашчуп! Хто-о-о? Вочы выдрапаю, калі даведаюся. На Груню дарэмна накрычаў, мусіць. Няўжо ў нас сваіх нясушак мала? Але і ёй не веру на ўсе сто. Баба. – Пайшоў за веранду, вярнуўся з бутэлькай і шклянкай, сеў на лаўку, набулькаў. – Груня мая адмачыла нумар: парожнія бутэлькі павыкідвала, а поўную вока яе ліхое не ўбачыла. Х-ха!– Ён не паленаваўся ўстаць з лаўкі, стаяў, дзівіўся ў шыбку на сябе, дакрануўся шклянкай да шкла. – За тваё здароўе, Трафім! Усяго табе харошага. Не тужы. І жадаю табе знайсці злачынцу. Ты знойдзеш. Мужык ты не промах! З галавой!– Кіпцік выпіў, збегаў на агарод, вырваў цыбуліну.– Арынавіч даруе. Цыбуліна – не статак курэй, ліха на іх! Фу-у! Не, так проста мяне не аблапушыць. І курэй знайду, і таго, хто на іх замахнуўся... хто, значыць, руку падняў. Мяне не абскочыш. Не-е-е! Бач ты, гарэлка касцёр распаліла ўсяродку. Фу-у. А чаму не жыць? Жыві, Трафім! Сто гадоў яшчэ жыві. А куры – дробязь. І Арынавіч з голаду не здырдзіцца. Халасцяк. Вяпрук стары, га! Усё адзін ды адзін. Ад сям’і ўхіляецца. Не, гэта не справа так жыць. І чаму не жэніцца, распуснік стары? Па курортах шастае! Яно канешне, калі хамут пачне шыю муліць, пра курорт забудзеш. Кукіш, а не курорт! Пшык! Забудзь! Тады сам будзеш чужых курэй вартаваць. Як вось і я. А што, і вартую! Чым кепска вартую? Цып-цып-цып! Швагер, а ты куды збег, блазнюк? Таксама, можа, на курорт? За гаспадаром? Глядзіце ў мяне!

Кіпцік пагразіў пальцам на браму, за якой пачуліся крокі. Вартаўнік насцярожыўся:

– Стой, хто ідзе!

– Амерыканец,– пачуўся знаёмы голас.

– Заходзь, Амерыканец,– дазволіў Кіпцік.– Твой нос за кіламетр чуе, што ў мяне ёсць...

Амерыканец падняў шклянку, у якую капнуў яму Кіпцік, выдыхнуў:

– За што?

– Пі, а то назад забяру.

– Ага,– і Амерыканец імгненна пракаўтнуў гарэлку. – А ты, гляджу, сядзіш?

– Сяджу.

– А я адсядзеў. Ключы на цвік павесіў. І ўчора ніхто не прыйшоў. Ды пайшлі яны!.. Няхай па норах сядзяць. Ты ж, Трафім, помніш, як раней было?

– Гледзячы што...

– Што не вечар – гармонік, песні, скокі-танцы. Гута наша хадуном хадзіла. Страшна за яе было: думалася, перакуліцца. А цяпер, бач ты, ім кіно круці і круці. Кіншчыкі! Ды не абы якое, а толькі індыйскае ці пра бандытаў. А дзе набярэшся? У нас жа, павер, бандытаў менш, чым пра іх фільмаў знялі. Чаго няма, таго няма. Да неба, як гавораць,камень не дакінеш.

Кіпцік паскроб лоб, зморшчыўся:

– Гэта хіба мне яшчэ выпіць? Камень з небам не сустрэнецца, а я, Амерыканец, з чаркай – абязацельна... Яно калі не п’еш, то і добра, а трапіць кропля ў рот, агледзіцца там, абжывецца і астатніх да сябе кліча... братоў сваіх, сясцёр. Як адзін чалавек усё роўна паўсяла нашага некалі ў Карэлію паклікаў. Кропля да кроплі... Цьфу!– Кіпцік наліў у шклянку, Амерыканцу ж сказаў:– Не глядзі так, як кот на смятану: тут і табе яшчэ застанецца. То вып’ю. Дазваляеш?

– Посуд любіць чысціню,– памяркоўна сказаў Амерыканец.

Пракаўтнуўшы пітво, Кіпцік засмяяўся:

– Што што, а гэта ты добра помніш. Не крыўдуй. Я сам такі. Ты вось тут кажаш, што моладзь уваткнутая перад экранам сядзіць. Між іншым, усё мялее неяк, Амерыканец. Усё. Рэчкі... і лясы таксама. Іх засмечваюць бутэлькамі, пустымі бляшанкамі. Грыбоў менш, чым смецця, але грыбоў больш, чым людзей. Гэта я табе гавару. Лянуюцца збіраць. А ў лесе ж можна браць ды браць! Чэрпаць! Каўшом! Лес—кладоўка багацця. Гэта, прабач, не я прыдумаў... гэта ў дзіцячым падручніку так напісана. Дай-ка я табе яшчэ капну, а то, гляджу, зусім сумны ты, Амерыканец.

Амерыканец выпіў і падзякаваў. Кіпцік працягваў:

– А цяпер такую сітуацыю вазьмі.Чаму Арынавіч і кіно круціць, і пошту разносіць?

– І на курорты ж ездзіць,– дадаў Амерыканец.

– І на курорты ездзіць,– падхапіў Кіпцік. – А чаму? А таму што работнік! Авангард! Дзень чалавек на нагах, спачыну не знае. Пошту прыхопіць,разнясе, а тады і кіно пакажа...

Пачуўшы пра кіно, Амерыканец зморшчыўся і адвярнуўся.

– Паспявае! А людзі і скаргу настрачылі ў раён: чаму, як, ці мае права дзве пасады займаць? Маўляў, грошы шухляй грабе... Мае! Мае! Яны думаюць – лёгка! А вось мы паспрабавалі: цяжка!