Выбрать главу

Амерыканец пагадзіўся:

– Цяжка, братка, цяжка.

Кіпцік рэзаў паветра рукой, бы шабляй:

– Не перашкаджайце працаваць чалавеку! Той, хто любіць работу, хай і тры, і чатыры сумкі бярэ! Абы спраўляўся! Абы круціўся! Га? Некаму ж трэба рабіць за тых, хто нічога не робіць.

Амерыканец здзівіўся:

– Як так? Усе, здаецца, працуюць.

– Калі не адсохне галава – вырасце барада. У мяне! Зразумеў?– хехекнуў Кіпцік.

– Гляджу я на цябе і думаю: добры ты чалавек, Трафім.

– Сам знаю!

– Не, дык я пра што сказаць хацеў? Чалавек добры, а на адным коле едзеш...

– Кола адно, а педалі дзве,– не ведаючы для чаго, але сказаў менавіта так Кіпцік.– Ты ў сваёй кінабудцы на колькіх колах ездзіў, між іншым?

Амерыканец прастагнаў:

– Ты чаго да майго кіна прычапіўся? Што табе трэба? Пайду я.

Кіпцік прытрымаў за рукаў Амерыканца, які ўжо намерыўся пакінуць яго:

– Куды? Выпіў – і ўцякаць? А пагаманіць?

Амерыканец сеў.

– А ўжо калі ты і сапраўды пойдзеш,– працягваў Кіпцік, – я сяду на тваё месца і пакумекаю, каго наступнага мне за грудзі браць.

– Гіблая справа,– нахмурыўся Амерыканец,– не знойдзеш.

Кіпцік працягваў храбрыцца:

– Э-ге! Кепска ты мяне ведаеш. З карэннем вырву тую пустазеліну з зямлі. Ходу не дам!

Кіпцік не заўважыў, як прасунуў галаву ў браму Чапуха.

– Здароў былі, мужыкі!– павітаўся ён. – Пры выкананні, бачу.

Чапуха кінуў газеты праз выбітае акно. Кіпцік натапырыўся:

– Ты што, скрынкі не бачыш? Аслеп?

– Чапуха. Абы дома былі,– махнуў рукой Чапуха.

– Якая табе чапуха!– выпяў грудзі Кіпцік. – Нуль культуры, панімаш!.. Ты б хоць сам пачытваў зрэдчас тое, што носіш у торбе. Амерыканец, га?

Амерыканец, адхрышчваючыся, сказаў:

– Галоўнае даставіць. А ён даставіў. І табе лягчэй – не трэба са скрынкі забіраць.

– Не, Амерыканец, і ты не ў той бок глядзіш. А я так лічу: кожны павінен рабіць сваё... Ён – у скрынку, я – са скрынкі. – А Чапусе сказаў пагрозліва:– Узяўся выконваць – выконвай, а не сачкуй. Табе не ў арміі!

– Ды чуў, чуў, як вы тут навыконвалі!– торкнуў пальцам у Амерыканца і Кіпціка Чапуха, хехекнуў.

– І я пра цябе чуў,– не ўпусціў магчымасці пакпіць з Чапухі Амерыканец.

Чапуха ссунуў бровы:

– Што... ужо?

– А ты як думаў?– пад’юджыў Амерыканец. – Сяло – не горад.

Чапуха перавёў позірк на Кіпціка:

– І ты... чуў?

– А што я, глухі?– здзівіўся Кіпцік.

– Ат, ліха іх матары!– ляпнуў па сумцы кашчавай рукой Чапуха. – Ну і народ! Ну і людзі! Навошта ім мае газеты? Яны і так усё ведаюць.

Кіпцік не пагадзіўся:

– Газеты разнось, не дуры. А сваю Чапусе чытай. Розуму набірайся. Ты таксама ў нашы рады запісаўся. Усе мы цяпер перад Арынавічам штрафнікі. Вечныя.

– Во ўліплі дык уліплі,– паківаў пальцам Чапуха. – Хоць, калі разабрацца, то чапуха! Ну што ж, трэба шкандыбаць. Яшчэ на дзве вуліцы не разнёс...

Чапуху спыніў перад самай брамай голас Амерыканца:

– Мужыкі! Слухай сюды, мужыкі! Вось мы цяпер у поўным зборы, дык давайце абмяркуем, як Арынавіча з курорта сустракаць будзем. Га, мужыкі?

Кіпцік развёў рукамі:

– Я курэй не чапаў. Не еў – гэта ўжо без хлусні. Мяне зусім Груня карміць перастала. Што на градцы ў Мішкі адшчыкну, пакладу ў рот,– тым і жыву. Як яшчэ ногі цягаю – розуму не дабяру. Добра, што ў вёсцы жыву, а не ў горадзе. Там асфальт грыз бы.

Амерыканец, у адрозненне ад Кіпціка, паціснуў плячыма, здзіўляючыся:

– А ў чым, скажыце, мая віна? Для плана стараўся. Перабраў трохі. Але ж у мяне – вы ўлічыце гэта, улічыце – былі не асабістыя інтарэсы, а дзяржаўныя. Вы мне верыце?

Чапуха і Кіпцік пераглянуліся.

– Верыце мне, мужыкі?– ледзь чутна перапытаў Амерыканец.

Нарэшце Кіпцік спытаў:

– Ты, бедалага, перад намі апраўдваешся ці перад Арынавічам?

– І перад вамі, і перад ім,– удакладніў Амерыканец.

– Чапуха, сустрэнем! Ці ж першы раз адказ нам трымаць? І не ў такія пераплёты траплялі. Падмачылі, канешне, рэпутацыю...

– Рэпутацыі,– паправіў Кіпцік.

– Характарыстыкі,– удакладніў Амерыканец. – Хоць з сяла ўцякай.

Кіпцік насупіўся:

– Ты, Амерыканец, толькі б шастаў. Пільнуй свайго двара. Не бяры прыклад з тых, у каго прозвішча запазычыў...

– Чапуха!

– Яно, можа, і чапуха, але ж людзі смяюцца з нас,– крыва ўсміхнуўся Амерыканец.

Кіпцік таксама ўсміхнуўся, прыняў бадзёры выгляд:

– Паміраць – дык разам! І з музыкай, як той казаў! Што ён нам, траім, зробіць, Мішка той? Ну, палаецца. Дык мы што, лаянкі не чулі? Ну, адыме партфелі. Няхай. Няхай адымае. Даўно пара. Мы самі яму аддадзім,партфелі. З радасцю. Ахвотна. Руку падыме? А няхай паспрабуе! Я тады з яго катлеціну зраблю... зраз гарадскі! Утапчу вось у гэтую зямлю, як той недакурак! Га ?