– Мішка не такі,– сказаў Чапуха. – Чапуха. Хіба ж вы Мішку не ведаеце? Свой хлопец. Зразумее.
Амерыканец таксама пагадзіўся, што Мішка Арынавіч нічога ім тром не зробіць.
– А мы, ёлкі-палкі, нюні распусцілі,– з лёгкай вясёлай усмешкай на твары мовіў Кіпцік. – Што ж гэта мы, га? З нас трох можна сцяну скласці. Ніякі танк не праб’е. Ціха, Слесар, бачу, ідзе. Ша!
Слесар, пераступіўшы парог, разгубіўся, бо не чакаў убачыць тут столькі чалавек, таму запытаўся, лыпаючы вачыма:
– А вы... а вы чаго тут?
Кіпцік адразу прыняў важны выгляд:
– Ты ў мяне пытаеш, Слесар?
– У вас...
– Я тут гаспадар. Толькі я. У мяне пытайся, што табе трэба. Толькі ў мяне.
Слесар спытаў строга:
– Дзе мая Клаўка?
Кіпцік набраў у рот паветра, шчокі надзьмуліся, і ён ледзь-ледзь свіснуў:
– Вось гэтага, братка, я табе сказаць не магу. Хіба ж у мае гады за ёй бегаць?
Амерыканец і Чапуха засмяяліся.
– Яна ж тут, а не ты, гаспадарыць,– упэўнена сказаў Кіпціку Слесар.
– І начуе, скажаш, тут?– хлюпнуў носам Кіпцік.
– І начуе!– пацвердзіў Слесар.
Кіпцік развёў рукамі, паглядзеў на Амерыканца і Чапуху:
– Пра якую Клаўку ён гаворыць? Дзівосы!
– Пра сваю жонку,– уступліва-мякка прамовіў Слесар, і па ягоным твары можна было зразумець, што ён трапіў у становішча, якому і сам не рады, але здавацца не збіраўся.
Кіпцік уздыхнуў:
– Што ёй рабіць тут?
– Яна ж начаваць сюды ходзіць,– ускінуў бровы Слесар. – Начаваць ходзіць...
– Не, я адзін сплю,– стаяў на сваім Кіпцік.– Што, на кожную ноч сюды ходзіць?
Слесар кіўнуў:
– Ну. На кожную...
Кіпцік зарагатаў:
– Мужыкі! Сведкі! Што гэта Слесар мне амаралку прыпісвае? Мяне ж на партыйны сход выклічуць, хоць я і беспартыйны. Я тут... разумееце... перад сваёй Груняй за Мішкавых курэй яшчэ не адчытаўся, а ён мне сваю жонку падсоўвае. Га? Я ж адзін сплю! Адзін!
Аднак гэтыя словы не пераканалі Слесара, ён схапіў за каўнер Кіпціка:
– Навошта дурнем прыкідваешся, бабнік? Дзе мая Клаўдзія Сцяпанаўна? Не скажаш – задушу, як ката!..
– Не браў, не браў,не браў... – прастагнаў Кіпцік, і толькі калі за яго заступіліся Амерыканец з Чапухой, Слесар расслабіў пальцы.
Чапуха, вызваляючы Кіпціка, прамумкаў:
– Э-э-э, за што? Ды чапуха ўсё гэта...
Амерыканец жа быў больш катэгарычны:
– Нам, толькі нам даверыў Арынавіч свае партфелі! Ясна, супастат?
Кіпцік, вызваліўшыся з рук-абцугоў Слесара, з палёгкай уздыхнуў:
– Клаўкай тут і не пахла.
Слесар збегаў у хату, зазірнуў у хляўчук і шморгнуў на вуліцу.
Далей у лес – больш дроў. Правільна кажуць людзі. Так і ў нас атрымліваецца. Не знайсці ў гэтым клубку ні пачатку, ні канца. Што ж, няхай шукаюць нашы героі... Не будзем перашкаджаць ім.
Слесар і Клаўка спагадзя сустрэліся ў сваёй хаце і вырашылі высветліць адносіны. Муж сядзеў на табурэціку, утапіўшы твар у далонях, а жонка захінула сваёй постаццю акно.
Нарэшце Слесар падняў вочы на Клаўку:
–Што ты робіш, Клаўка? – вытрымаўшы паўзу, ён працягваў. – Людзей не сорамеешся хіба? Я ж, Клаўдзія Сцяпанаўна, іду па вуліцы да сваёй майстэрні, а яны – шу-шу-шу: глядзіце, Слесар ідзе! Той Слесар, жонка якога з садоўнікам начуе.
Клаўка хмыкнула:
– Які ён садоўнік? Бабу ад яблыка не адрозніць.
– У нас жа дзеці...
– Дзеці? – Клаўка павярнулася да мужа. – У нас адзін сын. Усяго адзін сын!
Твар у Слесара як быццам прасвятлеў:
– Хочаш, яшчэ... гэтае самае... арганізуем?
– Няма часу табе. Ключы ды гайкі на першым плане.
Слесар узняўся, падышоў да жонкі, паклаў рукі ёй на плечы:
– Нельга ж толькі пра сябе думаць.
– А дзеці – гэта і дзяржаўны клопат, даражэнькі!– зноў, на гэты раз больш рашуча, павярнулася да Слесара жонка.—Га?
Слесару нічога не заставалася, як апраўдвацца :
– Паслухай! Але ж мы абяцалі працаваць сумленна. Нам жа калгас вось гэтую хату бясплатна даў – жывіце, працуйце. А чым мы павінны адказваць на такую ўвагу, чуласць? Працай! У горадзе мы пяць гадоў на прыватнай кватэры жылі. Не жылі, а існавалі! А цяпер у нас – усё сваё. І дах над галавой, і агарод, і сад... Лес побач, рака...
Клаўка міргнула вейкамі:
– «Лес» , «рака»... А ты хоць ведаеш, дзе той лес, рака? У якім баку?
– Чаго табе не хапае?