Выбрать главу

– Цябе!

– Я – вось...

– Я толькі раніцай цябе і бачу,– з лёгкім дакорам прамовіла Клаўка. – А мне хочацца і вечарам, і ўначы... каб ты побач са мной быў.

– Работа ж, Клаўка... Абавязак... Гонар...

Клаўка роспачна ўздыхнула:

– А мне такі муж, можа быць, і не трэба. Ад тваіх рублёў мне не цяплей. З імі холадна спаць, Валянцін. Не грэюць яны...

Слесар устрывожыўся яшчэ больш:

– Клава, як ты можаш?!

– А што мне застаецца гаварыць?

– Ты ж мяне кахаеш. Я ведаю.

– Люблю,– паправіла Клаўка. – Я ўсіх люблю. І ўсё. Характар такі ў мяне... нікога не магу абысці. І нічога. Я цябе люблю... сына... Кіпціка...

– І Кіпціка?– вылупіў вочы Слесар. – Ці мне пачулася?

Не звяртаючы ўвагі на здзіўленне мужа, Клаўка працягвала:

–Чапуху люблю... Амерыканца...

Слесар яшчэ больш трывожна глянуў на жонку:

– Амерыканца?!

– Поле... лес... раку... сад...

Слесар зморшчыўся:

– Сад? Які сад, Клаўдзія Сцяпанаўна?

– Наш. Наш сад. Вось гэты, што пад акном... – Клаўка, хаваючы твар, ледзь прыкметна ўсміхнулася.

– Гэты любі,– дазволіў Слесар. – А я думаў – калгасны...

– Есці будзеш?– папытала Клаўка, уздыхнуўшы. – Гора ты маё горкае!..

– Есці? Якое там! – залыпаў вачмі Слесар. – Што ў рот палезе? Якая капуста? Слухай, Клаўдзія Сцяпанаўна... Давай пачнём жыць, так сказаць, па-новаму... ці што, га? Перакрэслім усё, што было, і пачнём! Давай, га?

– Усё не трэба,– памяркоўна заўважыла Клаўка. – І добрага, прыемнага было багата ў нашым жыцці. – Яна раптам павісла на шыі ў Слесара, ад чаго той аслупянеў:– Помніш, як у тэатр хадзілі? «Святога і грэшнага» глядзелі...

Слесар затрос галавой:

– Ага... помню... было... а як жа!..

– А потым па начным горадзе дамоў вярталіся,– Клаўка ад насалоды заплюшчыла вочы. – Агні, агні, агні... І мы з табой... Маладыя, шчаслівыя... Помніш?

Слесар кашлянуў:

– Хаты ж не было. Якое шчасце без свайго вугла?

– Хаты, хаты... А цяпер хата ёсць – цябе няма. Згубіла я цябе паміж плугоў і сеялак. Згубіла. Мне зноў у горад хочацца, Валянцін.

Адхіснуўшыся ад жонкі, Слесар лыпнуў вачмі:

– Што? Куды?

– У горад!– паўтарыла Клаўка.

– Не дуры галавы. Не дурыся, Клаўдзія Сцяпанаўна. Будзем мохам тут абрастаць.

– Абрастай,– Клаўка захлімкала. – Табе, Слесар ты мурзаты, што абяцалі, калі мы рашылі пераехаць? Маўчыш? А я помню. Залатыя горы табе абяцалі. А далі толькі хату... і сад.

– Супакойся, Клава,– Слесар гладзіць жонку па плячы. – Не адразу і Масква будавалася. Я разумею... І не дазволю, каб ты зноў сышла некуды!

Клаўка шчыра здзівілася:

– Куды сышла, даражэнькі мой? Куды сышла?

Слесар памуляўся крыху, а потым выгукнуў:

– Сад! Шалаш! Зоркі!..

– Нікуды я не сыходзіла,– апраўдвалася Клаўка. – Я ж, дурніца, на сваім сенавале спала, гора ты маё!.. Але і ў шалаш згадзілася б, каб хто паклікаў... паманіў...

Слесар прытупнуў нагой, нясмела і не адразу:

– Ты... ты гэта кінь! Кінь, Клаўдзія Сцяпанаўна! Так... разумею... не жартуюць! – Ён прытуліў жонку да сябе. – Ну і жартачкі! Усе бабы такія... ці толькі ў мяне?

– Гэта мне падабаецца,– усміхнулася Клаўка. – Я ж і з хатай Арынавіча ўсё прыдумала. Каб раззлаваць цябе. А ты не злуешся. Не калоціш мяне, як грушу. Не б’еш. Ты будзеш мяне біць, калі я табе здраджу?

– Што?!– раўнуў Слесар і пахіснуўся, але ўтрымаўся на нагах.

– Ды я пажартавала, дурненькі!– сказала і зачырванелася Клаўка.

– Я ж... я ж і гавару: ну і жартачкі ў цябе... – выцер рукавом лоб Слесар. – Ну ты даеш, Клаўдзія Сцяпанаўна... Буду, буду дубасіць цябе, калі хвастом вільнеш, як Сідараву казу.

– Гэта моцна?– блазнуючы, спыталася Клаўка.

– Вельмі!– матлянуў кулаком, таксама забаўляючыся, Слесар.

– І кахаць мяне будзеш?

– А каго ж больш, калі не цябе?

– Сеялкі... бароны... гайкі...

– Сеялкі і цябе... цябе і сеялкі... а пра горад і не ўспамінай. Тут маё гняздо. Вунь, бачыш, на ліпе. Для буслоў зрабіў. Тут. Яны, птушкі, вяртаюцца кожны год назад, не жывуць дзесьці там, далёка. І я сваёй дарогі не забыў... вярнуўся. Прыгожая ты ў мяне... прыгожая... Прыгажэй, чым раней была. Калі хто і ліпне да твайго сэрца, адарві яго... адкінь. Адкінеш?

Клаўка паціснула плечуком:

– Пастараюся.

Слесар уключыў прайгравальнік і запрасіў Клаўку на вальс. Прыціснуўшы жонку да сябе, горача шаптаў ёй у твар:

– Я з табой, Клаўдзія Сцяпанаўна! З табой! З табой!

– І я, – нарэшце выдыхнула Клаўка.

9

А тым часам Кіпцік, Амерыканец і Чапуха рыхтаваліся ў лазню. Яны выцягвалі з-пад прыстрэшкаў бярозавыя венікі, корпаліся ў шафах, шукаючы чыстую бялізну, бо жонкі зусім махнулі на іх рукой. Гуртам і накіраваліся да ракі, дзе ў вольхах курэла лазня Чапухі.