– Лягчэй. Тут во неба над галавой няма... і лягчэй. А калі ляжаў у баразне, то як толькі вочы расплюшчыў – кіно круціцца... апарат стракоча... кадры мільгацяць... страляюць... у атаку ідуць. Ура-а-а!
Чапуха безнадзейна махнуў рукой:
– Дыягназ ясны.
Уздыхнуў і Кіпцік:
– Хутчэй бы ўжо Мішка з таго курорту вярнуўся... А то можам не дажыць. А там адрапартаваліся б – і ўсе мукі нашы...
Амерыканец раптам устаў, патупаў на месцы, паматляў кашчавымі рукамі.
– Вытрымаеш лазню? – папытаў у яго Кіпцік.
– Ды чапуха!
– З вамі разам – вытрымаю. Адзін – не. Зноў упаду, ляснуся.
– Тады распранайся, – распарадзіўся Кіпцік. – Тут няма ні баразны, ні гарбузоўніку. А калі што – падтрымаем. Пайшлі, пайшлі, мужыкі, рыхтавацца да сустрэчы з Арынавічам.
І яны схаваліся ў лазні. Пераступіўшы парог, Амерыканец, бы між іншым, успомніў:
– І яшчэ, мужыкі, я сон бачыў... Бытта я ў неба камнем цаляў.
– Да неба камень не дакінеш, – памяркоўна зазначыў Кіпцік.
– А спрабаваў...
– Цуды бываюць толькі ў сне.
– А мне і сны не сняцца, – Чапуха лінуў з карца на камяні, і мужчыны, як па камандзе, прыгнуліся: пара заклубілася, бы з ланцуга сарвалася...
Пакуль мужчыны хвасталі сябе бярозавамі венікамі, жанчыны абмяркоўвалі важныя надзённыя пытанні, без якіх спыніцца, няйначай, жыццё на зямлі, бур’яном зарасце.
– А тады я і кажу свайму Чапусе, калі ўжо з пісьмамі такая гісторыя атрымалася: чытай далей, чытай! Толькі ты, Грунечка, пра гэта нікому. Хто ж знаў, што з пісьмамі такая канфузія выйдзе?
Груня прыкладала рукі да сэрца, бажылася:
– Што ты! Што ты! Каб я?!.
І зноў падстаўляла вуха:
– Ну-ну, і што ў тых пісьмах, цікава?
– Ён і чытае, і чытае... Доўгае пісьмо. І што ні слова – «люблю», «цалую», «не магу без цябе», «кідай свайго Слесара мурзатага, выходзь за мяне і будзеш жыць як каралева». А сына абяцаў усынавіць.
Груня пляснула ў ладкі:
– Ну і Клаўка!
– Ой, не кажы, – пахітала галавой Чапушыха.
– А ты паглядзі, заўваж калі-небудзь, як яна ходзіць. На ёй жа ўсё грае. І цела, і мацера. Круць-верць, верць-круць! Цьфу!
– А то я не бачыла, -- запярэчыла Чапушыха. – Бачыла, дзеўка. І не раз. Яна і ў горадзе, я так думаю, хвастом круціла. Там ёсць дзе развярнуцца. Ай-яй-яй!
Груня выказала меркаванне:
– Можа, і турнулі яе адтуль? Га?
– Хутчэй за ўсё, – кіўнула Чапушыха. – Там такіх дурняў, як у нас, няма. Ай-яй-яй! Тры разы перачытваў мой Чапуха пісьмо, круціў яго і так, і гэтак, а вось хто б мог напісаць – не разабраць. Ага, не разабраць. Замаскіраваўся нягоднік так, што галаву зломіш. «Люблю», «абдымаю», «цалую», «кідай свайго Слесара мурзатага»...
Груня ўсё яшчэ, здавалася, не магла прыйсці ў сябе ад пачутага:
– Што робіцца, людцы! Што робіцца! Слесар жа і хлопец спрытны, зарабляе, гавораць, больш за самаго старшыню. І прыгожы. А яна ж? Мымра! Вы на яе морду паглядзіце. Такая, як і ў мяне. Нічога асаблівага...
– Так, так, – ківала галавой Чапушыха. – І ты... і яна... чапуха, як сказаў бы мой Чапуха.
– Ой, не кажы, дзеўка!
– Яму і прэміі, яму і іншую ўсялякую трасцу!.. Работнік жа, скажы, што не? За ім можна жыць, як за сцяной...
– За каменнай, – апярэдзіла Груня.
– І гора не знаць, – пасля нядоўгага маўчання, выдыхнула Чапушыха. – А вось я за сваім што бачыла?
– А я? – схамянулася Груня. – Не сунься ў міліцыю – сам знайду таго супастата, таго нягодніка. Дзе цяпер нясушак тых браць? Сваіх жа аддаваць шкада, Маруська.
– Цэлы будзе Мішка, перажыве! – Чапушыха, паправіла пасмачку валасоў, што выбілася з-пад хусткі.
– Гора з гэтымі мужыкамі. Разарэнне.
Пагадзілася з Груняй і Чапушыха:
– Так, так, маладзіца. Ой, і гора. А на працы затрымаецца – усе вочы прагледзіш, чакаеш не дачакаешся.
– А мне, Маруська, думаеш не шкада свайго шалапута?– Груня абняла Чапушыху. – Яшчэ як шкада! Цяпер вось і ў гэтую гісторыю ўблытаўся. Хвалюецца, нервуецца, што з курамі вось так атрымалася. Ох і нервуеца, лайдак!..
Памаўчалі.
– Не корміш? – паглядзела на Груню Чапушыха.
– Два дні не пакарміла, дык ён і згубіў зусім апетыт. А цяпер знайсці не можа. Ведама ж, з каляі выбіўся.
– Я свайго кармлю... таксама з лыжкі. Як дзіця. Гэта за ўнука, гэта – за ўнучку, гэта – за татку твайго... гэта – за мамку... Во так і кармлю. Хапае і з іх, мужчын.
– Хапае, – Груня мацней прыціснула да сябе Чапушыху. – Ох і хапае. Калі яны ўжо з лазні той выпаўзуць?
– Няхай, няхай мыюцца, – памяркоўна сказала Чапушыха. – Ім трэба. А мы пачакаем. Міма хаты не пройдуць. Давай лепш квасу вып’ем і пласцінку паслухаем. У мяне гэтых пласцінак процьма. Валер перад арміяй панавёз.