Выбрать главу

– Дзе ён служыць, у якім родзе? – пацікавілася Груня.

– На Каўказе. А які род там – дык і сама не ведаю. У форме, у форме ходзіць. Салдат. Картка ж ёсць. Зараз пакажу. І аўтамат далі. Як і мой Чапуха, відаць, у прастой форме... ці не ў пяхоце, га?

Чапушыха ставіць пласцінку. Груня заказвае мелодыю:

– Прайграй, Маруська, з Талкуновай дзе. З Валюшай.

– Талкунову і я люблю, – падала голас Чапушыха. – Пра нас яна спявае.

Загучала песня «Бабуля». Жанчыны слухалі моўчкі, пакуль нарэшце Чапушыха не гукнула, схамянуўшыся:

– Груня! А нас жа мужыкі чакаюць! Нас! З квасам! Панеслі, панеслі квас ім. Панеслі. Вунь і Валюшына бабушка на спатканне... Давай і мы да сваіх.

Чапушыха зняла пласцінку, не даслухаўшы яе да канца, не пярэчыла і Груня, яна толькі ціха сказала, устаючы з лаўкі:

– Давай, Чапушыха, давай і мы.

У Чапушыхі засвяціліся вочы:

– А помніш, раней з мужыкамі разам мыліся? Мы і яны. Га? Дзівасы! І дзе наш сорам быў, Груня? А цяпер на маладых пальцам паказваем, калі цалуюцца на вуліцы.

– Прыемна ўспомніць, – шчасліва засвяціўся твар у Груні. – Ну што – на спатканне?

– На спатканне, на спатканне, дзеўка. Да міленькіх сваіх.

11

Давайце зазірнем у лазню, апярэдзім жанчын.

Кіпцік і Чапуха сякуць сябе венікамі, Амерыканец жа сядзіць на лаўцы, звесіўшы галаву.

– Чапуха, мужыкі! Адмыемся, і парадак!..

– Чапуха, – сказаў Кіпцік.

Амерыканец сумна прамовіў:

– Мне Мішка абяцаў прывезці з мора банан. Не чулі, што гэта такое, мужыкі?

Кіпцік зморшчыўся:

– Банан? Можа, бананы? Гэта... штаны такія. Мая меншая ходзіць. Калошы – як бутэлькі. Бомбы.

– Не, банан, – не пагадзіўся Амерыканец. – Штаны ж на дрэве вісець не будуць. А той банан, казаў, на дрэве расце.

– А мне апельсін памеўся прывезці, – успомніў Чапуха, злез з палка.

– А што ж гэта мне ён памеўся?-- напружыў памяць Кіпцік. – Мандарын? Ці не мандарын? Выплутала, браткі. Але таксама абяцаў нешта. Але ж як возьмеш цяпер тое, што прывязе?

– У якога сабакі вачэй пазычыш?– пагадзіўся Чапуха.

Амерыканец хіхікнуў:

– Шваргер і той збег.

– Бач, ажыў,– кіўнуў на Амерыканца Кіпцік і падаў венік Чапусе. – Пахвастай мяне, Чапуха. Сам, адчуваю, грэх да канца не выб’ю.

Чапуха ўзяў венік, памахаў ім – лёгенькі. Але нічога не сказаў пра венік, сказаў іншае:

– Давай, давай пахвастаю. А потым ты мяне. А разам, удвух, з двух ствалоў, як гавораць,– Амерыканца.

Амерыканец замахаў рукамі:

– Не-не-не! Я сам! Сам! Сам!.. І так млосна. Баюся варухнуцца.

Чапуха сёк Кіпціка венікам і пацяшаўся:

– А вось табе, шалапут стары, за вокны! А вось табе, абармот, за курэй! А вось табе, хуліган, за сабаку Швагра!

Пасядзелі трошкі, памаўчалі, і тады ўжо Кіпцік скарыстаў сваю магчымасць паздзеквацца з Чапухі:

– А гэта табе за газеты! А гэта... за пісьмы! А вось табе за падрыў Мішкавага аўтарытэту! Палучай! Атрымлівай!

– Хопіць, хопіць, хопіць,– Чапуха саслізнуў з палка. – Адразу лягчэй зрабілася. Амерыканец, давай тваё кіно венічкамі абляпаем, і ты, пянёк стары, адразу адчуеш, што да чаго. Га?

– Не,– матлянуў галавой Амерыканец. – Я сам. Але трошкі пазней.

Выпаўзлі ў прылазнік, куды неўзабаве зазірнуў Пачакай. А паколькі быў з чамаданчыкам, старыя зразумелі: зноў жонка вытурыла.

– Мыецеся, мужыкі?– папытаў Пачакай.

– Распранайся і давай да нас,– прапанаваў Кіпцік.

– Пачакаю,– сказаў Пачакай.

– Месца ёсць,– паведаміў Чапуха. – А, увогуле, Пачакай, ты мыцца прытупаў... ці чаго?

– Спаць,– шчыра прызнаўся Пачакай.

– Зноў Дуня прагнала?– пацікавіўся Кіпцік.

– Не Дуня, а Еўдакія,– удакладніў Пачакай. – За тое, дарэчы, вытурыла, што Дуняй назваў.

Чапуха хехекнуў:

– Нешта яна цябе шпурляе, бы па целявізару хлопцы той мяч нагамі?

– Пачакайце, мужыкі,– Пачакай нарэшце паставіў чамаданчык,– я за яе яшчэ вазьмуся.

– З панядзелка?– усміхнуўся Амерыканец.

– Бярыся, бярыся хутчэй,– параіў Кіпцік.

– Пачакае!– Пачакай сеў. – А ўсё ж, ёлкі-палкі, мне Еўдакію сваю спярша трэба было вось куды... у лазню, а тады весці ў ЗАГс. Эх, чорт! Позна. Позна! Вось тут бы яе праверыць, якой яна кандыцыі, якога сорту! Мужыкі – яны ўсе аднаго памолу, на адзін капыл яны.

Пакуль Пачакай скардзіўся-дакараў сябе, мужчыны адзін за адным нырнулі ў лазню, і ўжо адтуль Кіпцік падаў голас:

– Ты пра што гэта там, Пачакай?

– Пра Еўдакію сваю!– гучна паведаміў Пачакай.