Выбрать главу

– А-а-а!– крактануў Кіпцік, цярэбячы сябе венікам.

Хоць мала што чулі мужчыны, пра што ім баіў Пачакай, але ён на гэта не звяртаў увагі:

– Мазгоў у нас, мужыкоў, мала. Дзе знаёмяцца? У рэстаране, каб ён прахам пайшоў!.. А ты яе ў лазню прывядзі спярша, адмый, а тады глянь, што яна з сябе ўяўляе, баба твая. Ёсць рэзон? А як жа. Вось я і гавару, што я Еўдакію сваю ў рэстаране на вакзале прыдбаў. Ну. Занесла мяне неяк туды. Выпілі, значыць...

– Выпілі?– перапытаў Амерыканец, ікнуў.

– Выпілі. І добра.

– Шанцуе ж людзям!– зноў мовіў Амерыканец.

– Пачакай, Амерыканец!– нахмурыўся Пачакай. – Выпілі і сядзім. А тут «Белы ветразь» спяваюць. Душа, адчуваю, у разнос вось-вось пойдзе. Ніколі ж, людзі, у жыцці не скакаў, а тут, у рэстаране, не ўсядзеў, не ўбярогся. Ды як урэзаў пад аркестр! Лепш бы пачакаў... Усе «Белы ветразь» скачуць, а я «Польку». І тут мяне пад руку бярэ... Хто, вы думаеце?

На гэты раз падаў голас Кіпцік:

– Міліцыянер?

– Памыляешся,– спярша ўсміхнуўся, а потым зноў звёў бровы Пачакай. – І тут мяне пад руку бярэ... Еўдакія. Прыгажуня, браткі! Што на карціне. Вось тут я і даў трэшчыну... па швах распоўзся. Улюбіўся, мужыкі. Чуеце? Хочаце верце, хочаце не. Ваша дзела. А не, каб яе спярша ў гэтую лазню... Намазаная была. Як сцяна патынкавая. Цьфу! Гарадская яна і ёсць гарадская. Ледзь што – кувырк у ложак, а ты круціся, што вавёрка ў коле. І парасят кармі, і курэй, і карову даіць трэба самому.

– І Дуню,– пацвяліўся з-за дзвярэй Кіпцік.

– Што – Еўдакію?– перапытаў Пачакай. – Карміць? Альбо даіць? Гэта – па-першае. А, па-другое, не Дуню, а Еўдакію Макараўну. А цяпер вось спаць у лазню прыйшоў. Мыйцеся, мыйцеся, мужыкі. Я пачакаю вас на двары.

На двары Пачакай сутыкнуўся нос у нос з участковым Сазурам.

– Штрафнікі там? – першай справай пацікавіўся участковы.

– Мыюцца, калі пра Чапуху пытаецеся,– прапусціў у прылазнік Сазуру Пачакай.

– Мы мыемся!– убачыўшы ўчастковага ў маленькую шыбачку, што святлела пад самым дахам, паведаміў Кіпцік.

Неўзабаве Сазура прыклаў вуха да дзвярэй:

– Што ж так, мужыкі? Мяне, участковага, рашылі без кавалка хлеба пакінуць? Чаму маўчыцё? Кіпцік! Ты што, язык пракаўтнуў?

– Чую, чую, Паўлавіч. Кіпцік чуе.

– Што з тваімі курамі?– дапытваўся, не адрываючы вуха ад дзвярэй, Сазура.

– Ні курэй, ні таго, хто іх замардаваў,– не зусім ахвотна прызнаўся Кіпцік.

– Як думаеш, і шыбкі выбіў адзін і той жа чалавек?

– Больш скажу: і Швагра ён пусціў па белым свеце. Думаю – адзін. Для нашай Гуты хопіць і аднаго, каб нашкодзіць.

Сазура спытаў больш строга:

– Чаму не заяўляў?

Кіпцік прызнаўся:

– Не хацеў турбаваць цябе, Паўлавіч.

– Раз не пажадаў мяне турбаваць – шклі вокны, здабывай курэй і сабаку. Чапуха тут?

– Тут!– пачуўся голас Чапухі.

– А што ж ты падвёў Арынавіча?

– Чапуха. Выкруцімся.

– Хоць і не па маёй лініі быццам твая паштарская сумка, але мушу сказаць: у нашай Гуце павінен быць усюды і ва ўсім узорны парадак.

– Больш не буду!– паабяцаў Чапуха.

– Глядзі ў мяне!– пагразіў пальцам на дзверы Сазура. – Ну, і апошні – Амерыканец. Амерыканец, чуеш?

– Больш не буду!

Сазура кашлянуў у кулак, і сказаў, не хаваючы задавальнення ад сваёй работы:

– Гэта добра, што вы мяне зразумелі. Вылезеце з лазні – падпішаце пратакол допыту. А пакуль мыйцеся. Я з Пачакаем пачакаю.

12

Вось і наступіў той дзень, калі павінен быў вярнуцца з курорту Мішка. Дзень сонечны, цёплы. Чаго не скажаш пра герояў нашай заблытанай гісторыі. Яны тапталіся па двары Арынавіча, стараючыся не сустракацца позіркамі. А вось апрануты былі мужчыны ў свае лепшыя ўборы. Бы на вяселле сабраліся і чакаюць, калі паклічуць іх да святочнага стала.

– А можа ўсё ж трэба было б для храбрасці, га?– Амерыканец спачувальна паглядзеў на Чапуху і Кіпціка. – Трафім? Ягор?

Тыя не адрэагавалі – як і не чулі.

Амерыканец развёў рукамі, патрос імі, прывёў больш важныя аргументы:

– Ногі трымцяць. Лыткі. Страшна. Га, мужыкі?

– Чапуха!

– Ну чаго ты калоцішся? – плюнуў Кіпцік. – Будзь, Амерыканец, мужыком!

– Смелы, бачу, – хмыкнуў Амерыканец. – Добра што хоць вокны зашклілі.

– А курэй – ні жывых, ні мёртвых! – Кіпцік зноў плюнуў.

Чапуха паскроб за вухам:

– Спецыяльна давялося ў горад ехаць, у кіёсках газеты купляў.

– Дык чаго табе тады баяцца? – узняў вочы на Чапуху Амерыканец. – Выкруціўся, можна сказаць.

– Як сказаць,– не пагадзіўся Чапуха. – За газеты не хвалююся. За пісьмы калі толькі. Іх у кіёску не купіш. Чытаў, чытаў, хлусіць не буду... выведваў людскія тайны. Цяпер яны мне сняцца, тайны тыя. Давялося. Каб жа хоць неяк знайсці, каму пісьмы прызначаліся. Хіба ж я вінаваты?