Выбрать главу

З’явіўся Чапуха.

– Чапуха,– сказаў ён. – Мог бы і не рваць абутак. Збіраюцца. Слесар гармонік працірае. Клаўка перад люстэркам чапурыцца.

– Ды тая ўмее круціцца перад люстэркам!– папракнула Груня.

– Дакруціцца! – паабяцала Чапушыха.

Кіпцік жа насіўся па двары, не знаходзячы, здавалася, месца. Нарэшце спыніўся, дазволіў сказаць сабе голасам камандзіра:

– Бабы! Вы ж, ядры вашу, не ўдарце ў гразь! Будзьце, як артысткі! Самыя што ні ёсць народныя! Станюты і Мардзюковы нашы!.. Толькі я адрапартую... Груня, чуеш?

Груня, прыкметна рысуючыся, кіўнула:

– Я цябе чую, Кіпцік, калі ты і спіш.

– Толькі я адрапартую – уручай, Груня, букет. Не дай Мішку апамятацца. Чапушыха!

– А ты пасля свайго Чапухі... А што ж ты, Амерыканец, будзеш уручаць Мішку? Хіба што мятлу?

– Не ведаю,– абыякава паціснуў плычыма Амерыканец.

– Хавайце, хавайце мётлы!– загадала Груня. – Каб падумаў курортнік, што тут у яго заўсёды быў такі парадак.

Чапуха першы ўбачыў, што на горцы паказаўся пукаты і марудны, бы чарапаха, аўтобус.

– Едзе, каб яго!.. – дрыготкім голасам паведаміў ён.– Ч... чапуха! Ці першы раз?..

Амерыканец, падалося, згубіў голас. Кіпцік патупаў чамусьці ў хляўчук, а калі паказаўся адтуль, замахаў на ўсіх:

– Разбегліся, разбегліся па сваіх месцах! Хуценька! Стаім там, дзе і дамаўляліся.

Яго паслухаліся.

– З бабай... з бабай ідзе,– Кіпцік ускараскаўся на паркан, паведаміў. – Мётлы пахавалі? Пахавалі. Чапуха, а туш? Туш дзе? Я каго за Слесарам пасылаў?

Чапуха паціснуў плячыма:

– Абяцаў, паразіт!

– Заб’ю-ю-ю!– прыгразіў Чапусе Кіпцік.

Аднак не паспеў – прарыпелі, неяк таямніча і ўрачыста, веснічкі, і на двары паказаўся Арынавіч. За ім жанчына, такая ж худоба, як і ён сам. У руках – сумкі, чамаданы, мала таго, дык і на плячах розныя рамяні, на шыі ў Мішкі. Кіпцік перш- наперш звярнуў увагу, што маладзічка прыгожая. Арынавіч, падалося яму, разгубіўся: ён глядзеў на землякоў, і нічога не мог зразумець. Лыпнуў вачыма, працёр іх, папярэдне паставіўшы сумкі на зямлю:

–Ці памыліўся? Дзе я? Я, прабачце, дадому трапіў? Ці... куды? – а ўбачыўшы знаёмыя твары, засвяціўся радасцю. – Прывітанне, землякі!

Аднак яму ніхто не адказаў – усе глядзелі на Кіпціка, шыкалі на яго, бо той парушыў сцэнарый сустрэчы курортніка. Нарэшце Кіпцік схамянуўся, зрабіў крок наперад, за ім рвануў было і Чапуха, але своечасова апамятаўся.

– Таварыш Арынавіч! Дакладваю...– прахрыпеў Кіпцік, аднак яго згроб у бярэмя Арынавіч, патрос, памуляў:– Ды што ты мне будзеш тут дакладваць?!

Амерыканец потайкам перахрысціўся:

– Прапалі...

– Чапуха, хоць і прападзём!

– Першага Кіпціка задушыць... – сказаў і адвярнуўся Амерыканец.

Мішка ж трос Кіпціка:

– Дзядзька Трафім! Дзядзька! Ты паглядзі, каго я прывёз? Людзі! Ды вы толькі гляньце!

У гэты час на падворку з’явіліся Слесар і Клаўка, аднак на іх мала хто звярнуў увагу.

Арынавіч працягваў сваё:

– Знаёмцеся: Марыя! Жонка мая! Марыя, знаёмся-я!

Марыя падала далонь Кіпціку:

– Марыя.

– Кіпцік,– сказаў і ікнуў Кіпцік. – Па-нашаму. Ага.

– Вельмі прыемна.

– Амерыканец,– пастараўся ўсміхнуцца Амерыканец, а ўбачыўшы разгубленасць на твары жанчыны, удакладніў. – Праўда, праўда: Амерыканец.

Арынавіч, які ішоў ззаду за Марыяй, шапнуў:

– Амерыканец, Амерыканец.

– Зразумела. Марыя.

– Чапуха!

– А я Чапушыха!

– Так, так: Чапуха і Чапушыха,– зноў дазволіў сказаць сабе Арынавіч.

– Марыя,– жанчына падала руку Слесару.

– Слесар,– усміхнуўся Слесар і паказаў на жонку. – А гэта мая Клаўдзія Сцяпанаўна. Палавіна, так сказаць.

– Вельмі прыемна,– Марыя затрымала на Клаўцы доўгі і зацікаўлены позірк, а руку не падала.

Пакуль Марыя і Груня знаёміліся, Кіпцік паспеў шапнуць Амерыканцу:

– Цаца! Як бусліва ходзіць па балоце. Доўга яна тут не патупае. Не тая глеба. Бачылі і не такіх...

Амерыканец кіўнуў: а я ж хіба не пра тое?

– Ну, і як вам мая жонка – спадабалася? – абвёў зацікаўленым і шчаслівым позіркам усіх сваіх землякоў Арынавіч. – Га?

– Чапу...– толькі гэта і паспеў сказаць Чапуха, але своечасова апомніўся і спытаў мякка і памяркоўна. – Гэта што там, на курорце, усім баб даюць?

– Усім, дзядзька Чапуха, усім!– пацвердзіў Арынавіч.

– Тады трэба ехаць,– засмяяўся Чапуха.

І адразу ж атрымаў па карку. Ад Чапушыхі.

– А што?– увабраў галаву ў плечы Чапуха. – І з’езджу. Ды чапуха-а!

– Едзь, але можаш зусім не вяртацца, – хмыкнула Чапушыха і лёгенька адштурхнула ад сябе Чапуху.