Выбрать главу

Панеслi разам. У кватэры была толькi жонка, мiлавiдная Антанiна, яна крыху, падалося, i здзiвiлася такому вось позняму вiзiту суседзяў.

Павiтаўшыся, Цярэшка пацiкавiўся, а дзе ж сам гаспадар.

– А ён у Мiнску, – адказала Антанiна, i па тым, як зрабiла яна гэта, той-сёй, мабыць, з прыйшоўшых да яе суседзяў здагадаўся, што настрой у жанчыны някепскi.

– У Мiнску? Во як. На абследаваннi зноў? – пацiкавiўся Цярэшка.

– Не, цяпер ужо на аперацыi.

– На аперацыi. Так-так. А мы ж вось... – Цярэшка патрос пакетам, у якiм добра былi бачны грошы, – тут сабралi яму... Эмчаэсаўцу... на аперацыю... колькi змаглi...

– Ой, дзякуй вам, людзi! – успляснула рукамi Антанiна, запунсавелася ўся. — Не трэба ўжо грошы. У нас цяпер такiя аперацыi робяць за дзяржаўны кошт. Праўда, толькi ў Мiнску. З нядаўняга часу. Але ж хiба ён так далёка, той Мiнск? Заўтра будуць рабiць. Я сынулю адвяла да сваёй мацi, а сама вось збiраюся на вакзал... Калiнкавiцкiм цягнiком еду...

– Перадавай там яму прывiтанне, – сказала Патапаўна. – Дужа мы за Сцёпку перажываем.

– Ага.

– Перадам абавязкова.

Цярэшка не ведаў, што ж цяпер рабiць з грашыма. Ён паклаў пакет на стол. Кашлянуў у кулак.

– А грошы вярнiце людзям, – Антанiна ўзяла пакет, падала Цярэшку. – I ўсiм, хто адгукнуўся на наш боль з вашай, канешне ж, дапамогай, скажыце вялiкi дзякуй. Эмчаэсавец, калi, дай Божа, ўсё абыдзецца, будзе добра, таксама падзякуе.

Цярэшка ўзяў пакет, памяркоўна сказаў:

– Так i быць... Ну, што ж... Вярнуць дык вярнуць... паперкi свае... з прозвiшчамi зберажыце ж толькi... Добра, што запiсвалi... А то як бы вярнулi?..

Трэнькнуў званок, Антанiна адчынiла дзверы, i на парозе ўсе ўбачылi Кольку. Ён шырока ўсмiхаўся бяззубым ротам, а ў руцэ трымаў перад сабой адной паперкай пяць тысяч.

– Усе бачылi? – Колька прайшоў углыб кватэры, патрос грашыма.– Перамог сябе. Пазычыў на падмогу Эмчаэсаўцу, паверыў новы сусед з першай кватэры. Дай, кажу, пяць тысяч. На тое i на тое. Ён нiчога не сказаў, моўчкi вынес i даў. Каб папрасiў дзесяць, ён бы, адчуваю, i дзесяць тысяч не пашкадаваў. Тады мне хапiла б яшчэ i на бутэльку. А не прапiў! Цярэшка, запiшы мяне ў свой талмуд!.. Ну, чаго глядзiш так на мяне, як той... ага... з рагамi на новыя вароты...

– Не запiшу, – строга сказаў Цярэшка.

– Чаму гэта ты мяне не запiшаш? Я што, не сусед Эмчаэсаўца? Хто маёй матцы яшчэ кладоўку зрабiў у падвале? Я i цяпер там складзiруюся. Чуеш, дзед?

Цярэшка нiчога не адказаў Кольку, паглядзеў па чарзе на кожнага, хто збiраў грошы:

– А што мы тут мудрыць будзем! Разбiрайце свае грошы, ды калi хочаце, тады i раздавайце. – Ён падняў пакет над сталом, узяў яго за ражкi, i вытрас грошы. Горка атрымалася высокая.

Колька ж лыпаў вачыма, нiчога не разумеў:

– Што?.. Чаму?.. Што з Эмчаэсаўцам?..

– Будзе жыць, будзе, – адказаў Цярэшка.– А грошы аднясi назад таму, у каго пазычыў.

Колька хехекнуў:

– Што я, дурань адносiць так адразу? Толькi ж узяў. Потым, потым вярну. Пракруцiць iх трэба, грошы. За Сцёпку, за Эмчаэсаўца выпiць варта. Я ж, верыце цi не, гадзiну назад грошы гэтыя пазычыў... i ўвесь час вагаўся: цi ў краму бегчы за вiном, цi аддаць на талаку... Думаеце, лёгка мне было? Гадзiна годам падалася... А ты, дзед, кажаш: аднясi назад. Пераб’ецца. А Эмчаэсавец жыць будзе, здагадваюся па вашых партрэтах. Гэта важна. Ну, я пашыбаваў, а то ў начнiк давядзецца бегчы, а там можна i па мордзе атрымаць. Ды па мордзе як па мордзе, а бутэльку адбяруць.

Колька знiк. Зборшчыкi разабралi грошы, пажадалi Сцяпану хутчэйшай папраўкi i пайшлi па сваiх кватэрах. Антанiна паехала на чыгуначны вакзал. Патухлi вокны ў доме.

Якiм ты будзеш, заўтрашнi дзень?..

ДЗЕНЬ ШАХЦЁРА

Ціхенька ціўкнула кураня – апошняе з усяго вывадку, што ацалела- ўратавалася ад розных дробных хатніх драпежнікаў і перадужала голад—і Мітук, торгнуўшыся, нібы цягнік перад рухам, усім сваім закляклым целам, прачнуўся.

–Ё-маё, дык ужо ж!..–Ён працёр непаслухмяным кулаком вочы, зірнуў на мурзатыя ходзікі, па якіх ходзяць-топчуцца мухі і не выціраюць ногі. – Ё-маё! Кыш, кыш з дарогі, сцерва! Растапчу-у!

Куранятка пырхнула пад трохногі зэдлік, на якім стаяў літровы слоік з вадой, гаспадар прагрукаў побач кірзавымі ботамі і, перш чым піхнуць дзверы, затрымаў, як бы вінаваты і поўны спачування , позірк на куранятку: