Землякі адчулі сябе няёмка перад старшынёй, засарамаціліся Чабатковых слоў, пачырванеў крыху і сам старшыня, а яму, бачце, хоць бы хны – лапоча і лапоча:
– Квітанцыю на трактар, каб прывезці гной з фермы, я выпісаў. Нават, даруйце, два квіткі. Адзін – што заплаціў за трактар, другі, пазнейшым чыслом,-- за пагрузчык. Ты мне, Савельевіч, ядры тваю ў корань, сам падмахнуў на тых квітках... Было? Ці выплутала? Маўчыш? А што ты можаш сказаць, калі чыстая праўда? То- та ж! Грошы ўнёс у калгасную касу, як і паложана. А трактарысты заяўляюць: тое, што ты ў кантору аддаў грошы, нас не калыша. Плаці і яму. Купюрамі ці гарэлку давай. І называюць – колькі чаго. Дык дзе мы жывём? У якім обшчастві? І навошта нам тады такі задрыпаны старшыня, які не можа навесці парадак? Ды каб жа я хоць адзін такі быў. Нас жа процьма, ядры ў корань, такіх. Давай слова, што навядзеш парадак, што не дазволіш нас абскубаць, як стог сена. Іначай утаплюся.
Людзі глядзелі на старшыню. Чабаток сказаў яму тое, што карцела сказаць і многім з іх, аднак не хапала смеласці, адвагі. Не было, вядома ж, той смеласці і ў Чабатка – гарэлка падштурхнула. Яна, спакусніца.
– Ён утопіцца,– хітра паглядзеў на старшыню дзед Сёмка. – Шкада чалавека. І дошак у калгасе няма сухіх. На дамавіну.
– Прымі яго ульціматум, старшыня,– папрасіла і жонка Чабатка. – Які ні мужык, а мужык. Ён калі не п’е, то добры.
Старшыня надыбіўся:
– А калі ён не п’е?
Жанчына развяла рукамі, зашамкала ротам, аднак ніхто ад яе ніякіх слоў не пачуў. Ды і што ёй было сказаць, калі чорнае яно і ёсць чорнае, як ты тое не называй? П’е. І дужа. Хоць з калодзежа і падаў быццам бы правільныя, цвярозыя думкі. Няма, няма ў калгасе парадку. Крыўдзяць гэтых старых, выпрацаваных людзей, маладзейшыя. Вось паказаць бы ім, нехрысцям, той калгас з адной ручной саломарэзкай і з адным кволенькім трактарком «Фардзонам», калі на працадзень клалі па пяць капеек, па жмені зерня і бульбы. А зарабі яшчэ той працадзень! А сёння яны – бач ты! – гані, бабуля, грошы ці пляшку, трасі сваю панчоху, старая. Нахабнікі!
Неяк узімку Чабаток вяртаўся на кані з суседняй вёскі , з Падгор’я. Было холадна, марозна і ветрана. Насоўваўся доўгі стылы зімовы вечар. Наперадзе бег Жук, сабака разумны і верны, быццам паказваў каню дарогу. І раптам ён шалёна забрахаў, конь адразу ж стаў на дыбкі. «Што такое?» – захваляваўся Чабаток, і ўбачыў на дарозе чалавека, які ляжаў прама перад канём, шырока раскінуўшы рукі. Ён подбегам кінуўся да яго, пазнаў: трактарыст Бублік. Так-сяк узвалок на санкі і, пакуль ехалі да вёскі, расціраў яму рукі, шчокі, нос. Дыхае, то будзе жыць. А калі і адмарозіў што, то не яго, Чабатка, віна. Прамым ходам да хаты Бубліка, паклікаў жонку, удваіх ледзьве давалаклі да ложку. Выратаваў чалавека. Дык вось той самы Бублік увесну прывёз Чабатку дошкі з піларамы, вытрас іх з прычэпа, Чабаток падзякаваў, а той топчацца перад гаспадаром, як усё роўна мядзведзь, калі хоча ў адхожнік. Чабаток яшчэ раз падзякаваў, на што пачуў кпін:
– «Дзякуй» не булькае.
Размацюгаўся тады не на жарт Чабаток, ух і начапляў ён на Бубліка ўсялякіх вострых слоўцаў. А дома, жонцы, за абедам гаварыў хваляпадобным голасам:
– Ці ёсць у людзей сумленне, баба?
– Мала ў каго,– пагаджалася жонка.
– Але ж ты помні, гад, што цябе ад вернай пагібелі выратаваў, Бублік засохлы. Калі б я трошкі пазней выехаў... то я б у яго, гада, сядзеў за сталом на памінках. А ён: «дзякуй» не булькае. Паразіт. Крывасмок. Ну, ці бачылі? Век дзякаваць мяне павінен... ці не так, баба?
– Так, так.
– І я кажу: так. Век дзякаваць павінен, а ён і не помніць нічога. Памяць у яго дзіравая, як рэшата. Хоць не памяць у яго дзіравая, а сумлення няма ні на грам. Вось і наладзь з такім жыццё. Не, я не цукар таксама. Але за свае п’ю... у асноўным. Магу цяпнуць і на дурніцу. Але каб мяне хто падабраў на марозе, я б на яго агародзе за бясплатна рабіў, пакуль мае пальцы слухаліся б, пакуль гнуліся б.
– Еш ужо, а то боршч пакалее, – кіўнула жонка на стол. – Ды пойдзем дошкі складзем. Няхай сохнуць.
Але Чабаток злосна шпурнуў на стол лыжку, устаў:
– Пайшлі, ядры іх!.. А бутэльку куплю... сам не вып’ю, а яму аднясу. Аднясу-у!
Бублік і ўзяў бутэльку гарэлкі. Нават вокам не міргнуў. Яшчэ і нагадаў: