– Прыйшла, прыйшла, сыночак...
Ёй, пэўна, і сапраўды здаецца, што Міцька чуе яе, толькі адказаць не можа і баба Дуня падсядае, бы на ложак, да сына на грудок, гладзіць дрыготкай рукой зямельку, і расказвае яму пра сваё жыццё. У краме ўсяго не скажаш – там слова якое лішняе выпусціш і не рады будзеш: людзі дадумаюць, перакруцяць-пераверцяць і адразу ж Таньцы данясуць, хоць кожны прылюдна ганьбіць яе, папракае, што не глядзіць належным чынам за бабай Дуняй, а пенсію да капейкі прыбірае да рук ды яшчэ апякунства аформіла ў сельсавеце, бессаромніца. Яно так і ёсць. Чыстая праўда. Але ж навошта Таньцы пераказваць? Хіба ж яна не ведае і сама, што так нядобра рабіць? Ведае. Але ўжо чалавек такі: ёй хоць плюй у вочы, а яна будзе гаварыць, што дождж ідзе. Нядоўга размаўляючы са старой, Танька хапае кавеньку, якую старая звычайна не выпускае з рук нават у хаце, паламае-пакрышыць і кіне на загнет ці далей у печ.
– Сядзі дома! Не будзеш поўзаць і плакацца ў жылетку, ведзьма старая! Даглядаю яе, бачыце, не так! А хто ты мне? Хто? Гэта калі Міцька жыў, то раднёй была. А цяпер я б і не глядзела ў твой бок , каб не грошы тыя. Але ж бацька спіць, а дзетак мне, п’яніца бессаромны, пакінуў: гадуй- расці, Таццяна! Дык ты што, мяне папракаць за грошы тыя будзеш? Пачую яшчэ раз, то во табе прынясу і малака, і супу!--Танька варсае старой пад нос – як не пратыкне яго – дулю і выслізвае з хаты.
Што яна ёй адкажа, баба Дуня? Пакуль адно слова падбярэ і тое вымавіць не паспее, у Танькі іх сто вылятае, і тады хоць вядро якое, ці што, ад іх на галаву надзявай, каб не чуць. Бач ты, Міцьку вінаваціць, што памёр, а дзетак пакінуў. А хіба ж не ты сама вінаватая, што сына зямля прыбрала? Маўчыш, Танька! А ты скажы, скажы! Каб усе пачулі. У краме. Выйдзі на цэнтр і скажы: «Гэта, людзі, я сама паслала Міцьку на смерць... П’яны ён быў. Дужа. Хістаўся ажно. Ён, відаць, што і памёр не ведае. А да нас жа ў той вечар прыбегла Манька з Буканаўкі, пілі разам, утрох. І я папрасіла, паколькі моцная завіруха была, правесці Маньку, бо магла заблудзіцца і прапасці. Міцька і павёў. Калі вяртаўся назад, то заснуў на рэйках, таварняк яго і пераехаў». А цяпер, нягодніца, п’яніцам яго называе. Міцька не чуе, канешне, гаварыць можно што хочаш, аднак баба Дуня верыць, каб Міцька быў жывы, то за такія словы Таньцы ох і дасталося б!
– З канём, сынок, то і прыехала, – старая ўзнімае кавеньку. – Бачыш? А без яе я – як без ног... У мяне і яшчэ дзве ёсць. Схавала. Далёка схавала. Каб Танька не ўбачыла. Патрушчыць. Яна каня майго пакусаць гатова – столькі злосці ў чалавека. «Сядзі дома, старая цяцера, не поўзай!» А хіба ж мне адной дома сядзець добра? Хоць задавіся... Ні радзіва, ні жывой душы... Адна. З катом хіба пагаворыш? Дзеці ж твае дарослыя, у іх свае сем’і. У Гомелі жывуць, калі ў цюрме не сядзяць... Яны мяне і пашкадаваць, бачу, хочуць, але ж матка не пазваляе, цыкае. Тайком, бывае, заходзяць. Калі ж Танька таму, хто мяне ўважыць, мені ў торбу гасцінцаў кладзе. А есці ж хочацца дзеткам. Пападае і людзям, якія мне, бывае, паспачуваюць... Не дае нават і глядзець ім у мой бок. Забараніла. А людзям што? Не трэба дык не трэба. Барані Божа, калі загавару з кім! Адразу на Танькіны вокны паглядаюць: ці не відаць яе, а то будзе бяды. Праўдацькі. Яна ж, Міцька, – гэта ж ты ведаеш ці не? – да цябе ніколі не прыходзіць і дзетак не прывучыла. Нават на радаўніцу. Тыя прыязджаюць іншы раз на радаўніцу, а на пагост не ідуць... у хаце патаўкуцца- патаўкуцца і паедуць. А калі яна, Танька, акрамя як сябе, каго больш любіла? Дзяцей жа пазапіхала тады адразу ў дзіцячыя дамы, а там з іх бандзітаў парабілі. Во так во!..
А ці помніш ты, Міцька, як я казала табе, каб прагнаў ты Таньку, калі яна сама да цябе прыбегла? Помніш. Ёй у школу трэба, а яна да цябе. Не хапіла ў мяне тады смеласці яе вытурыць. Добра было б, ох і добра!
Баба Дуня пэўны час маўчыць. Не дужа любіць і сама яна варушыць старое, бо старое тое не вельмі прыемнае для яе. Каб, разважае, не прагнала Кацю з першым сваім унукам, калі Міцьку ў армію забралі, то і Танькі не было б... Прагнала ж. А тады, калі сын вярнуўся са службы, не пусціла і на парог. Віна тут яе, што так атрымалася. Можа б, і Міцька жыў. Ды і жыў бы, Манька ж не Кацькіна сяброўка і яе не трэба было праводзіць у завіруху...