Абмінуўшы гэты штрышок у сваім жыцці, баба Дуня далей скардзіцца сыну на Таньку, зноў шкадуе, што была вайна і не вярнуўся Платон, а то б і дзетак у яе мелася больш, а не адзін Міцька, і было б тады каму заступіцца за яе... Паплакала. Пабедавала. А тады цяжка ўзнялася, сказала ціха і пакутліва:
– Гэта каб можна было адчыніць дзверы і прыйсці да цябе, Міцька, я б прыйшла... яй-бо... бо мне ўжо цяжэй датупаць да сваёй хаткі... каб не ісці мне ўжо дамоў... то і добра было б...
Баба Дуня шоргала бахіламі па ўтравелай дарозе і якраз тады пачула, што да крамы пад’ехала аўтамашына. Пазнала: хлебная. Тая заўсёды так гырчыць. У краму сёння яна спазнілася. Жанчыны набяруць зараз хлеба і разыдуцца, і толькі ўбачыш іх.
А ёй, між іншым, і не трэба сёння туды – з сынам нагаварылася. Забылася, праўда, сказаць яму, што адразу тры кавенькі зрабіў ёй праўнук Колька і сказаў, жэўжык, перадаючы іх: «На аднаго каня сядай, бабуля, а двух схавай, каб бабушка Таня не бачыла. Запражэш, калі трэба будзе».
На праўнукавым кані яна зараз і едзе...
СТАЖОК
Стажок сена – не надта каб вялікі, але і капой яго не назавеш, стажок, адным словам,– Мікіта склаў апоўдні, калі сена добра абветрылася, было надзвычай сухім і пахкім. Ды што стажок! Каго гэтым здзівіш? Трымае карову чалавек, карміць худобу трэба. Але аднавяскоўцаў уразіла іншае – стажок той «выгабляваў» гаспадарлівы Мікіта не на агародзе каля пунькі, як звычайна, а на вуліцы, усутыч з парканам.
– Ты што гэта, Мікіта?– не зразумеў сусед Панкрат, аглядаючы стажок. – Тут жа, на вуліцы, што з тваім сенам будзе? Бясплатны корм. Кожная карова не праміне хоць разок лізнуць. Зусім змізарнее стажок, яй-бо, на мяне будзе падобны. Не, не разумею цябе, братка. Быццам і чалавек ты сур’ёзны...
І многія іншыя вяскоўцы дзівіліся: здурнеў, не інакш, Мікіта, стажок паставіў прама на вуліцы – кароў людскіх дражніць толькі... Ды знойдуцца і такія, што і зусім прыбяруць яго да рук: што там яго ўскінуць на калёсы?
А Мікіта хехекнуў сабе ў канапляныя вусы, чухаў патыліцу раз-пораз, бы ўспомніўшы, што хворы, моршчыўся і войкаў, аднак людзям ахвотна паведамляў:
– Лячыцца буду. Спіну ломіць, а сена, ды яшчэ лугавіца, – лепшы доктар. А што да кароў, даражэнькія, то яны ў Мікіты дулю атрымаюць – як беглі міма майго двара, так і пранясуцца. Не адшчыкнуць. Не хвалюйцеся.
Назаўтра, ледзь пачало днець, Мікіта прадраў у стажку нару, сена, што выскуб, паклаў тут жа, перад лазам,– атрымаўся ніяк ганак,– і абапёршыся на яго рукамі, стаў ракам і задам, уставіўшы ў нару спярша адну нагу, потым другую, з крэктам пасунуўся ў яе. Неўзабаве адтуль тырчэла толькі галава старога, і ён нагадаў цяпер чарапаху ў панцыры.
– Усё ж залез? – цмокаючы і хітаючы галавой, узбурылася жонка, Варка. – І што ў цябе, у пня старога, у галаве? Што – не ведаю, не залезеш жа, як ты ў сена, але клёпак не хапае. Гэта ж трэба – у стог забрацца! Ды з цябе ж людзі смяяцца будуць.
Мікіта махнуў рукой на Варку:
– Ідзі і не сакачы. У мяне пачаўся сеанс, панімаеш, а ты можаш сапсаваць настрой і наробіш шкоды – увесь сеанс тады кату пад хвост. Зразумей. Паспачувай хвораму...
– Ды дзе ты бачыў, каб сена лячыла? – не дала даказаць яму Варка. – Каб лячыла, то не выраблялі б таблеткі, а кожнаму б далі па стогу... усе б і сядзелі ў стагах.
– Іш, размахнулася! На ўсіх, маладзіца, не хопіць стажкоў, – зручней уладкоўваючыся ў нары, заварушыўся Мікіта. – Калі ўсе будуць сядзець у сене, то коні і каровы загавеюць. Ад голаду. А стажок, я табе скажу,– для выбраных: такіх, як я. Ідзі ў хату!
Варка плюнула і схавалася ў двары.
На што разлічваў Мікіта, так яно і атрымалася: вёска была ўзнята на ногі.
– Чулі, Мікіта здурнеў? У стажок зашыўся, толькі макацёр тырчыць.
– І рукі!
– І рукі, так-так. У іх ён газетку трымае. Раёнку. Дагары нагамі.Сам бачыў.
– Дагары – гэта з твайго боку. А ён правільна трымае газету.
– Можа і так. У акулярах, брат. Як прахвесар.
– Калі захварэеш, то і брыдоту розную глытаць будзеш, а засунуць азадак у стог – бяды тае.
– Ды ці ён, Мікіта, хворы? Артыст!
Калі дзень пакаціўся на другую палавіну, Мікіта, распараны і лагодны, спаў у стозе. Скрозь сон быццам пачуў: «Спіць. Хай спіць. Не будзем турбаваць. Ды і лечыцца... Нельга яму піць». І Мікіта загадаў саба: прачнуцца, прачнуцца, прачнуцца! Атрымалася. Ён залыпаў вачыма, змахваючы рукой сена з твару:
– А, гэта вы, гвардзейцы?
– Мы,– адказаў сухарэбры Цімка.
– Хацелі прапанаваць табе, ды, бачым, нельга – на працэдурах,– развёў рукамі Смык і памацаў тое месца пад вокам, якое было сінім і, відаць, балела. – Самы разгар у цябе...