Выбрать главу

– Пацею, землячкі, пацею. А мокрая спіна, хоць ёй і не дужа прыемна, уцягвае лекі ад сухой травы з небывалай сілай,– баіў суседзям Мікіта і не зводзіў вачэй з адтапыранай штаніны Цімкі. – Магнітам. Ага.

– Ну, лячыся,– Смык наважыўся ісці і паглядзеў на Цімку.– Пайшлі, братан?

– Не-не-не!– Мікіта праглынуў даўкі камяк. – Мне якраз і можна... тое, што ў вас. Калі сенам лечышся, яно, халера, і лацвей, глынуўшы... Ага. Тады пацееш лепш. Не вам жа гаварыць. А ўвесь цымус лячэння – у паценні. Так што – можна. Ага!

Цімка забулькаў у шклянку і падаў Мікіту:

– Табе, хворы. У горадзе калі жыў, то там прафсаюз пасылаў праведаць хворага ў бальніцу. Пяць рублёў выдзяляў. На бутэльку хапала і на прысмакі. Жылі-і! А мы цябе, Мікіта, так праведаць рашылі. Самі. Пі, пі. Шклянка трэба.

– Ага! – Мікіта паднёс пітво да рота, але выпіць яму было не так проста, давялося павярнуцца на бок. Аднак не разліў – усё што было ў шклянцы, трапіла па прызначэнню. Да кроплі.

Праведаць старога прыходзілі і іншыя вяскоўцы – яго равеснікі і людзі маладзейшыя, нават тое-сёе прыносілі. То яблык, то сліву, а Макар купіў у краме бутэльку мінералкі і, раскаркаваўшы, падаў хвораму:

– Пі. Лячэбная. Напісана на этыкетцы багата чаго...

Ад дзяцей адбою таксама не было: так і стараліся, нехрысці, каб пашчакатаць травінкай каля носа дзеда. Варта было згубіць хоць на хвілінку яму пільнасць – і дзеці, задаволеныя, што Мікіта фыркае, ажно сліна ляціць у розныя бакі , смяяліся на ўсю вуліцу.

Мікіту адбіла ад дзятвы Варка. Яна, жанчына хоць і крыклівая, але мяккая і ўступлівая, прынесла яму вячэру, бо стары паабяцаў не вылазіць са стажка на ноч гледзячы: лячыцца дык лячыцца, сеанс павінен быць непрарыўным. «Так больш эфекту».

– Кыш! – замахала рукамі Варка на дзяцей, паставіўшы прынесеную ежу перад Мікітам. – Кыш адсюль! Чалавек лечыцца, а яны гагочуць, як гусі. І не сорамна? Пад вокнамі ж бальніцы вы не гагочаце. А тут – можна? Кыш!

Тых і след прастыў. А што – пацешыліся, задаволіліся і хопіць: дзеці падоўгу нічым не займаюцца – хай добрае нешта робяць, хай шкоду. Надакучвае.

Варка карміла старога проста з лыжкі. Падавала ў рот бульбяное пюрэ, потым сунула агурок, Мікіта адкусваў, тое ж самае рабіў ён з хлебам.

Тут Варка, глянуўшы на мужа, насупілася. Папытала:

– Ты п’яны, ці што, Мікіта?

Стары абурыўся:

– Адкуль узяла? Прыснілася? Дык даўно ўстала.

– Пахне ж!

– Эх, маладзіца, – аблізваючы губы, упэўнена гаварыў Мікіта. – У тым і цымус, што сена, калі на потную спіну, пахне чым заўгодна – і гарэлкай таксама. Сена ж! Луг! Га?

– Не, пахне ад цябе больш гарэлкай, чым яшчэ нечым, – сказала Варка, але няўпэўнена.

– Ды кінь ты! Ну дзе я тут, у стозе, магу дазволіць сабе?

– Ты знойдзеш. Еш давай, а то парсюку выверну тваю вячэру!

Мікіта млява глядзеў на жонку, тая прысела побач са стажком на мурог, і разважаў пра жыццё:

– Ты бачыла, хто сёння быў у цэнтры ўвагі? Я не гавару пра Мінск і Маскву. Я бяру свой сельсавет. Я! Я быў у цэнтры ўвагі. Не здзіўлюся, калі і карэспандэнта прышлюць. Я даўно, маладзіца, заўважыў: каб звярнуць на сябе ўвагу, чалавеку трэба зрабіць нейкую дурасць. Жырыноўскі плескануў сокам са шклянкі Нямцову ў твар – і яго паказваюць.

А я стажок зрабіў. Навідавоку. І пра мяне загаварылі. А то, мусібыць, і забыліся ўсе, што недзе жыве Мікіта Юр’евіч Сомаў. Дык я і напомніў пра сябе.

Варка ўздыхнула, махнула рукой і патупала на падворак. Мікіта кінуў ёй услед:

– Але ж я хворы, не думай, што блазную. Каб аднаго зайца хацеў забіць,то стажок, канешне, паставіў бы на старым месцы – каля пуні. Але я двух зайцоў падстрэліў! Ты чуеш, Варка? Двух! Адным стрэлам! Ба-бах! Хай ведаюць, што ёсць, што жыве на гэтым свеце яшчэ Мікіта!

Пазней Мікіта перакінуў стажок на агарод, і вёска, здаецца, нешта згубіла: прывыклі ўжо землякі бачыць галаву старога, якая вышчаўкнулася з сена і амаль тры дні ківала ім на прывітанні. Аднак паступова і пра стажок, і пра Мікіту людзі пачалі забываць.

У кожнага з іх хапала сваіх клопатаў.

ТРАТНІК

Ён быў цвярозы, а рабіў заўсёды так, быццам выпіў. Не. Проста характар такі ў чалавека – несур’ёзны, крыху дзівацкі, ці што. Таму сваю ролю – бесклапотнага, добрага і вясёлага дачніка – Ціханчык выконваў без рэпетыцый, усё ў яго ішло як бы само сабой, без напружання. І ў той дзень маленькі спектакль ў Беражках пачаўся сярод белага дня. Драматургам, рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі быў адзін чалавек – вы здагадаліся, хто.