Выбрать главу

Нехта зарагатаў:

– Хопіць што кароль пасядзеў! Іш, і Цітаўна разагналася. Куды, куды табе? Ты, добрая душа, пасядзіш і на зэдліку.

– Не, ну вот вы ўсе вучоныя , разумныя, а хай я дурная, забітая баба: калі чалавек паганы, то крэсла за што парашылі? – быццам апраўдвалася прыбіральшчыца Цітаўна, і не дачакаўшыся якога-небудзь спагадлівага адказу, рушыла таксама з двара. Ёй, падобна на тое, было ўсё роўна, хто кіруе вучылішчам – ці той паскуднік і крывасмок Мельнік, як кажуць цяпер пра яго, ці хто іншы. Не вялікі начальнік Цітаўна – у падпарадкаванні толькі мятла ды ануча, з гэтага нейкую фатыгу яна мець, вядома ж, не магла, а сваю справу ведае і добра робіць, таму папрокаў не чула. А крэсла шкада. «А калі яшчэ гаўно якое пападзецца, дык што тады, га, канапу паліць, на якой ён, можа, будзе ляжаць?» З гэтым Цітаўна пагадзіцца не магла. Яна шкадавала грамадскае дабро, а далей нікуды носа не сунула: страсці, што бушавалі апошнім часам у вучэльні, яе не тычылі.

Неўзабаве двор апусцеў, і каля горкі попелу, што засталася ад крэсла, тапталіся двое – барадаты Пырх і Марасанаў, які першаму спадобіўся б у бацькі і лічыўся лепшым выкладчыкам і нават някепскім кампазітарам: некаторыя песні, створаныя ім, выконваліся ў межах вобласці, аднак далей прабіцца не маглі. Вінаваты ў тым быў, на думку Марасанава, і Мельнік, які прыціскаў усяляк, як толькі мог, таленавітых выкладчыкаў – не любіў, калі хто выторкваўся вышэй за яго самога. Быццам нават заяўляў: «Вучыце дзяцей, а песню напішуць і ў Мінску. Лучанкоў хапае сёння...хоць гаць гаці, а выкладчыкаў – не. Добрых выкладчыкаў, я маю на ўвазе...» Намёк ,як кажуць, шматзначны. А зусім нядаўна, ужо нават тады, калі ўверсе быў падпісаны загад аб ягоным пераводзе ў іншы горад, не пусціў у сталіцу на конкурс навучэнку Варатынскую, калі даведаўся толькі, што яна павязе туды песню Марасанава. Цмок дык цмок! І хто ж пасля ўсяго гэтага, калі не сам Марасанаў, павінен быў цягнуць, надрываючыся, але лічачы гэта за гонар, крэсла з кабінета Мельніка, дбаць пра газу і запалкі?! Было і яшчэ некалькі такіх чалавек, якім Мельнік напартачыў больш, чым трэба. Што ж да барадатага Пырха, то з Мельнікам ён і пазнаёміцца як след не паспеў, пэўна ж, бо працуе ў вучэльні зусім мала, толькі нядаўна скончыў ён інстытут культуры, а крэсла падхапіў адным з першых і падпальваў толькі таму, як прызнаўся сам, што ў Мінску любіў па закліку выходзіць на плошчу Незалежнасці і таму лічыў сябе мэтрам у гэтай справе. Трэба дык трэба.

– Попел, відаць, належыць прыбраць,– закурыў Марасанаў і паглядзеў на барадатага Пырха, які варочаў дручком апошнія вугельчыкі. – А то вецер разнясе па дварэ – Цітаўна выскаліцца.Чым бы толькі прыбраць?

Пырх насупіўся:

– Нагадзілі разам, а сляды замятаць – нам?

– А што тут такога? Камусьці ж трэба...

– Нічога! Во падгарну трохі, вадой прыльём, ды і няхай ляжыць. Каб усе бачылі, што пасля крэсла засталося. Можна, а чаго, і шыльду ўторкнуць у зямлю, на якой напісаць, каб усе ведалі: «Тут было крэсла Мельніка».

Марасанаў не паспеў адказаць – уявіў толькі былого дырэктара ў гэтым згарэлым крэсле, з якога ён, бадай што, рэдка калі вылузваўся, калі пачуў гырканне аўтамашыны і, павярнуўшы голаў на гул, убачыў міліцэйскі легкавік. Вопытны жыццялюб і ў нейкай меры не спраўдзіўшыйся кампазітар адразу змікіціў: яны з Пырхам папаліся. Усе своечасова разбегліся, а навошта яны тут тырчэлі, папытаць бы? Дурні! Гэты ж Пырх павінен мець вопыт, хваліўся ж, што бралі за каўнер на плошчы ў століцы, дык быў бы, паразіт, разумейшым і сам, і павучыў бы яго, старога небараку. Дык не ж! А цяпер што ён скажа міліцыянтам? Што? Смелыя мы, браткі, бываем, калі не бачым людзей у форме, а толькі варта заўважыць тых, трымцяць лыткі...

Легкавік цыўнуўся перад самай кучай чорна-шэрага попелу, знерухомеў, з яго вылезлі два міліцыянты – капітан і старшына. Капітан строга папытаў:

– Што вы тут робіце?

Пырх пагладзіў сваю густую бараду і адказаў:

– Вогнішча... дзеці, пэўна расклалі, то небяспечна... Сочым, каб іскры не разляцеліся.

На гэта капітан спакойна заўважыў:

– Ці ты дужа разумны, ці я дурань. – І, паказаўшы рукой на легкавік, загадаў: – У машыну! Хутчэй!

Марасанаў паслухаўся, а Пырх палез у легкавік толькі атрымаўшы рэзкі штуршок у плячо. Агрызнуўся:

– Пацішэй,не такіх бачылі!

– Пагавары мне!..

Аднекуль узялася тут Цітаўна, заступілася, хоць і шкада было ёй крэсла, аднак старая хуценька скеміла, што трэба ратаваць выкладчыкаў: