Усіх салдат, што з вайны вярталіся, я сустрэў. І сына свайго... Во на етым месцейку, дзе стаю. Тут сустрэў. Ага. Ну. Ваню. А Міхала – не... І цяпер вось не ідзе. Столькі часу мінула, а яго няма. Не чакай, гаворыш? Не, дзіцятка маё, не... Набачылася ўсяго ты на сваім вяку. Хапіла і горачка табе, і шчасцейка. Трактарок першы, а як жа, па табе спярша прайшоў, а потым ужо на поле закіраваў. Усе яны... і трактаркі, і машыны... процьма цехнікі дзякуючы табе, галуба, знайшлі нашы Боркі...
Загаварыўся я з табой. Пайду, курам чаго-небудзь падсыплю. Чуеш, гвалт узнялі? Не гаспадар я стаў... Толькі курэй і трымаю каля сябе. На парсючка не хапае Макара... а так усё ў краму ды ў краму... І цукар тамацькі, і селядзец падвязуць, і хлебчык – усё, слава Богу, ёсць. Ну, дык я пайду? Не сумуй... Во ўпраўлюся, адпачну трошкі, а тады зноў да цябе навярнуся. І мы зноў пагаворым. І нам будзе весялей. Хуценька я... Ты чакай... Чакай мяне, дзіцятка...
Макар сеяў на двары проса з кашчавай жмені, куры навыперадкі таўкліся перад ім – клявалі, ажно ўпрысядкі чубкі хадзілі, а калі нахапаліся зярнятак, яны пацішэлі, угаманіліся, ляніва сноўдаліся вакол гаспадара.
– Хопіць, хопіць,– шаптаў стары, высыпаў проса назад у маленькае вядзерца. – І заўтра дзень будзе...
За аселіцай загулі машыны. Макар насцярожыўся, павярнуў тварам у бок дарогі. Ён толькі чуў – не бачыў: далевата былі яшчэ тыя, а вочы адсвяцілі сваё. Паставіў вядзерца на стол, прыткнуты да сцяны хаткі, мінуў веснічкі, прычыніў іх, каб трымаліся двара чубаткі. Гул нарастаў... Цяпер стары мог збольшага згледзець, што ледзь як не на яго едуць машыны. Багата іх. «Цэлая арцель,– падумаў Макар. – Куды гэта іх столькі?» Наперадзе калоны круціўся спрытны старшынёўскі «уазік» , ён раптам звярнуў да старога, спыніўся, а з кабіны вылез сам Жмайлік, не звяртаючы ўвагі на Макара даваў знакі рукой машынам, каб ехалі далей, не збочвалі, гледзячы на яго, а калі ўпэўніўся, што ўсё ідзе так, як і трэба, падышоў да старога, павітаўся.
– Няўжой-та ў калгас папаўненне?– пацікавіўся Макар.
Жмайлік хітравата ўсміхнуўся, пакратаў пальцамі свае рэдзенькія вусікі, сказаў, бы пячатку паставіў:
– Дарогу, дзед, будзем рабіць!
– Дарогу?– перапытаў стары, паківаў галавою. – Дык яна ж уродзі і ёсць... Ці пад суседзяў будзем, га?
– Ну! А чым мы горшыя за іх?– у Жмайліка свяціўся твар, ён радаваўся, па ўсяму было бачна, што сваё старшынёўства ў Борках пачынае не з якой-небудзь там дробязі, а бярэ вышэй, з перспектывай. – І зробім! Хопіць машы ламаць! Дзед... прабач, не ведаю, як цябе зваць-велічаць?
Макар назваўся.
– Будзем знаёмы. Жмайлік Сцяпан Пятровіч. Спяшаюся, а то заедуць не туды хлопцы, куды трэба. А справа такая, Макар. У цябе не могуць дарожнікі вугал знайсці? Жыць ім недзе ж трэба. Ну, чаму маўчыш?
– Дык ета... адзін я, старшынёк, у хаце. Аўгінні няма ўжо. Хто ж згатуе, накорміць? Калі толькі самі? Печ ёсць...
– Накормім у сталоўцы, Макар. Ім дах над галавой трэба. Вугал.
– Ну, калі так, то хай ідуць.
– Спаць ёсць дзе?
– Чалавекі тры прыму, – ціха прамовіў стары, а потым насцярожыўся. – Толькі, старшынёк, падбяры непітушчых...
– За гэта не хвалюйся. Вось і добра... Ты траіх прытуліш, другі... Я прышлю іх да цябе. Не адлучайся ад хаты. Якраз ім тут зручна будзе – дарога блізка...
Жмайлік забраўся ў машыну, гыркнуў маторам.
– Пачакай-ка, старшыня! – узняў руку Макар. – Спытаць мушу...
– Слухаю, дзед, – высунуў галаву з кабіны старшыня. – Слухаю, слухаю...
Стары патаптаўся крыху на месцы, затым падышоў бліжэй, глядзеў сумнымі вачыма на Жмайліка, не асмельваўся гаварыць.
– Няма часу, Макар! – крыкнуў старшыня.
– Асфальт – добра ета. Ага. Ну. Мы, барчане, таксама даўно ўжо ў лапцях не ходзім. Праўдацькі. Ты, хоць і новы ў нас чалавек, а на свае вочы бачыш. Толькі баюся я, што дарога шкоды наробіць...