Выбрать главу

Павісла маўчанне. Слон крэкнуў, кашлянуў:

– У Іжэўск, кажаш? Да сяструхі? А што там п’юць, цікава? Не бачыў?

– Тое, што і ў нас.

– Ідзі ты! – Слон пачухаў патыліцу, варухнуўся на табурэтцы. – У Грузіі толькі, чуў, ёсць гарэлка дзешавейшая. Чаму ім можна дзешавейшую? Ах, правільна – франтавая паласа. А я на работу праспаў – бац, усё падчыстую зразаюць, ніякіх паслабленняў. Мужыка можна пясочыць. Не брыкаецца. А тыя, вусатыя, выкаблучваюцца там... Лепш бы пілі. Дурні! Цьфу! Эх, маць!.. Выпіць бы – і няхай яно ўсё... Серы, я б, канечне, твайго кабяля ўзяў. Чуў, бабы там пра цябе гаманілі... Розка з Танькай. Розка: не бяры, я адмовілася, можа табе ўсучыць.

Сяргей падняў на Слана вочы.

– Не хлусіш? – чамусьці спытаў, хоць і сам усё добра ведаў.

– Клянуся першай жонкай. Люблю і кахаю. Мымра Роза мымры Таньцы: не бяры, калі будзе падсоўваць Кіма. Хай, маўляў, дурняў не шукае. Сябе за інтэлігента абадранага выдае, раз сабаку купіў, не п’е, чаркі з ім не ўзялі ніколі... то няхай і глядзіць Кіма, калі такі мудры. Носіцца з ім, кажуць, як дурань з торбай.

– Так і сказалі?

– А то я глухі, цецярук! Я, калі з пахмялюгі, чутка сплю: мне ўсё здаецца, што вось-вось у дзверы паляпаюць з міліцыі, але нешта доўга разнарадкі з ЛТП няма. Я б Кіма твайго ўзяў, кент што трэба. Свой мужык. Даглядаў бы. Цюлькай як-небудзь перабіліся б. Але баюся. Раптам з ЛТП разнарадка прыйдзе, раптам пра мяне ўспомняць і заграбуць. З кім ён застанецца7 Асірацее. Тут яшчэ адна старана дзела... Я ж, Серы, суседзяў баюся: грошай напазычаў, табе прызнаюся, так і быць, аддаваць пакуль няма чым, то баюся і нос лішні раз вытыркнуць на двор. А яго ж выводзіць трэба разы два. Сама мала. Эх! – Слон устаў, патаптаўся каля табурэткі. – Няма, значыць, ні кроплі?

– Няма.

– Тады ляці. Ляці. Соньцы прывет. Цяжка мне. Баліць усё ўсяродку. А грошай няма, каб лякарства купіць.

– Не пі. Зусім.

– Табе лёгка сказаць: не пі. Я ж хворы. Ты ж, калі хворы, нешта глытаеш. Ці не? Ляці, Серы, ляці...

Ён выйшаў, ціха прычыніўшы за сабою дзверы. Сяргей правёў Слана вачыма, задумаўся: «Можа, мне ніколі яго, Віцьку-Слана, не зразумець? Можа, яму так лепш жыць, як жыве? Хто яго ведае...» Пад руку падвярнуўся Кім, Сяргей пагладзіў яго, прытуліў да сябе:

– Вось так і жывём мы, брат... Вось так і жывём... Ты пачакай мяне дома... Я хуценька... Яшчэ схаджу да суседзяў... Не, не, да іншых... Можа хто і выручыць нас, братка Кім?..

ПРА КОЛЬКУ, КУРЫЦУ І БАБКУ АНТОСЮ

Якраз у цэнтральную дарогу вёскі ўпіраецца зашмальцаваным бокам пунька, і калі ў сухмень пераціраюць і без таго перацёрты пясок коламі грузавікі і легкавугкі, пыл шугае на дах ледзь не воблакам, і цяпер яго там – хоць мятлой змахвай. Толькі калі барабаняць-сякуць па даху дажджы – яны для яго, быццам лазня для барадатага млынара, – адмываеццав салома, але не настолькі, каб залаціцца ёй.

Цяпер лета, спякотнае, сухое. Колька сядзіць непадалёк ад пунькі на лаўцы, пад кустом жасміну, усунуўшы галаву ў нейкую кнігу, патрохі крывіць губы, торгае імі, прытупвае нагой. Ён – студэнт-завочнік. Ідзе вучоба!

Праехала адна машына, другая – як жа яму, Кольку, не прыгледзецца да іх: хто гэта за рулём там сядзіць, што павёз? На гэтай лаўцы, праўду кажучы, ён больш уцягвае ротам і носам пылу, чым чытае. Можна аблюбаваць хоць бы месца для вучобы на гародчыку, калі ахвота на свежым паветры сядзець, але можна іншым, толькі не Кольку: павінен вяртацца з грыбоў настаўнік Сяргей Кірылавіч і трэба ўпільнаваць, бо той паабяцаў памагчы. «Лепш пераседзець, чымся недаседзець»,– рашае Колька і тэп-гэп падэшвай сандалета па зямлі, бо так, відаць, яму лепш чытаецца.

«Дзе той Кірылавіч? Няма». Колька зноў уперыў вочы ў кнігу, перад імі мітусяцца нейкія мудрагелістыя схемы, формулы, яны для яго – што гульня ў шахматы: як і куды сунуць гэтыя фігуры гросмайстры – адным ім вядома. Спрабаваў навучыцца гуляць у шахматы і Колька, але перадумаў: дужа цяжкая навука, ну яе! Вось шашкі – іншая справа, негаворачы ўжо пра даміно. Хто ж лічыць у наш век да сотні не ўмее, а грукнуць па стале для Колькі нічога не значыць, моцы ў руках хапае.

Кольку адрывае ад навукі бабка Антося:

– Студэнт, хадзі сюды!

«Бач, студэнт...» Ён ганарыцца гэтым словам, якое хоць трывала і не прыляпілася яшчэ да яго, але нешта значыць. Гучыць. Але Колька не спяшаецца да бабулі. Спярша важна паглядзеў на старую, на дарогу, на якой павінен жа калі-небудзь паказацца настаўнік, пацягнуўся.