Выбрать главу

Скараход адно што і зрабіў, дык гэта лыпнуў вачмі і адвярнуўся. А пазней, калі, як і абяцаў сусед па палаце, той загадкавы прэднізалон моцна падмяў яго пад сябе, ён тэрмінова наказаў сваім, каб забяспечылі харчамі. «Ад бальнічных смокча пад лыжачкай!» Прэднізалон і разнёс яго, небараку, – такі апетыт выклікаў, што вымушаны быў сярод ночы падсілкоўвацца. Знаёмыя, сустрэўшыся на вуліцы, азіраліся ўслед: Скараход гэта ці мо я памыляюся? Быццам, ён... Быццам, не...

Прэднізалон Скараход прымае кожны дзень – без гармонаў ён ужо не жыток. Чаго і дамогся, калі даведаўся, што гэта за трасца такая, дык гэта аднаго – споўз, паступова скарачаючы дозу, з некалькі пілюлек да адной. Бо сам адчуў: трэба пазбаўляцца ад прэднізалону, а то не атрымліваецца шнуркі завязаць – жывот перашкаджае. Зноў жа – сэрца... Праўду кажуць: адно лечыш, другое калечыш.

Лежачы пад кропільніцай, Скараход успамінаў Узбекістан, дзе жыў пэўны час пасля арміі і адкуль паспеў з’ехаць да распаду СССР. Чым ганарыўся, хваліў сябе за дальнабачнасць: пакуль гляджу наперад – не прападу і сам, не дам прапасці і сваім скараходзікам.

Сёння яны, дарэчы, павінны прыехаць да яго. Святлана і Паўлік. Верка не зможа – у яе на першым плане малады муж, а не бацька. Мядовы месяц. Святлана вучыцца ў тэхнікуме, цяпер у яе канікулы. Паўлік, падскрэбыш, у чацвёртым класе. «Добра, што дзеці прыедуць», – разважае Скараход, расплюшчвае вочы, глядзіць на дзверы. Ціха. Пакуль няма. Толькі сусед Пятровіч, як і ён раней, пяць гадоў назад, чмякае ротам: прэднізалон, халера!

Ага, вось і дзеці. Яны вітаюцца з бацькам, Скараход ледзь прыкметна ўсміхаецца: задаволены. Не забываюць. Малайцы.

– Сядайце, – прапаноўвае ён.

– Сядзем, – кажа Святлана, а сама мітусіцца: напакоўвае тумбачку харчамі, паклала зверху, на ўскрайчык, некалькі сістэм (кропельніц), свежыя газеты.

І таксама сядае побач з Паўлікам на падстаўлены ім стул.

– Што там, дома? – вытрымаўшы паўзу, глядзіць на дзяцей Скараход.

– Нармальна, – ківае Паўлік.

– Дома добра, – усміхаецца Святлана.

Маўчаць. Скараход, відаць, успомніў дом, які стаіць амаль у самым цэнтры райгарадка; ад Гомеля, дзе ён цяпер ляжыць у пульманалогіі, паўгадзіны язды на аўтобусе.

– Сена ўсцягнулі на гарышча? – Скараход паглядзеў на кропельніцу, на дзяцей.

– Ага. Зацягнулі. І адразу да цябе. – Адказала Святлана.

– Адны ўсцягвалі? Ці Верка са сваім памаглі?

– Адны... – зноў адказала Святлана.

Скараход незадаволены, хмыкае:

– А яны, бач, запанелі. Толькі грошай дай, бацька. А дулю! Хопіць! Усяму калі-небудзь бывае канец. Вяселле ім зрабі, яшчэ якую-небудзь трасцу прыдумаюць. Я гэта ім ўспомню. Спаць яны будуць мне ў абдымку! А... а торфакрошку ў хлеў яны не перакінулі? Каля брамы ляжала куча. Я іх прасіў.

– Не бачыла я, – нясмела варухнула плечуком дачка.

– І я не бачыў, – схлусіў Паўлік, бо тая торфакрошка як ляжала, так і ляжыць.

– Паслеплі, бачу, усе, – буркліва вымавіў Скараход. – Лячыцца трэба. Акуляры купляць.

– Тата, – пастаралася ўсміхнуцца Святлана, – табе ж нельга хвалявацца. У цябе ж сэрца хворае.

Быццам паслухаўся. Але праз хвіліну пацікавіўся:

– Ліпу на дровы папілілі? Ці так і ляжыць?

– Ясна, – зноў скрывіўся, бы ад болю, ён. – Як дзень ясна. Вам бы толькі ўсім цягнуць з мяне апошнія жылы. Толькі б есці ды піць. Адчуваю, без мяне там і трусы падохнуць. Павел, трусоў корміш?

– Кармлю... – Паўлік апусціў галаву.

– «Кармлю...» Бурак, пэўна, кінеш адзін на ўсіх – і гуляць. Глядзі, за кожнага адкажаш. За кожнага! Спытаю! Тачанку, матка ўчора гаварыла, зламалі. Хто зламаў? Маўчыце. А што тут скажаш? Ламаць не будаваць, маць вашу!.. Вы хоць печ не разваліце, пакуль я тут. Света!

– Ну, што? – на вачах дачкі ўспыхнулі слёзы.

– Ты не плач, не плач. Масква слязам не верыць, а я што – павінен верыць? Не плач. Памагай матцы. Хопіць гуляць, хопіць!

– Памагаю... – дачка выцерла насоўкай вільгаць на вачах.

– Ведаю, як ты памагаеш. У адрозненне ад вас, я не сляпы. Ведаю-ю... Р...работнічкі, маць вашу!..

Святлана і Паўлік сядзелі перад бацькам і румзалі. Не сароміліся нават вусатага дзядзьку, Пятровіча, які спярша корпаўся ў пакунках з ежай, а тады, захапіўшыся, разінуў рот і сачыў, чырванеючы, за Скараходам.

Дзеці моўчкі ўзняліся. Моўчкі падаліся да дзвярэй. Скараход выцягнуў з вены іголку, прыдавіў кроў кавалачкам ваты. Хацеў было дагнаць іх, але не змог: закружылася галава, пацяжэла цела.

– Су... сусед... Пятровіч, – кволым голасам паклікаў ён.