Выбрать главу

Але Скараход не заўважыў, як Пятровіч выслізнуў з палаты ўслед за яго дзецьмі і, затрымаўшы тых у калідоры, быццам апраўдваўся за бацьку:

– Вы яму даруйце. Гэта хвароба ўсё... Ды і вы ж... і вы ж трохі разумнейшымі будзьце. «Папілілі ліпу на дровы?» – «Так точна!» – «Крошку занеслі?» – «А як жа!» Разумнейшымі, ага, будзьце. А пакуль бацька вернецца – папілуеце і занясеце. Яго прэднізалон тут надоўга затрымае. Тым больш пасля вашага наведвання...

Пятровіч думаў так да таго часу, пакуль не вярнуўся ў палату. І ўжо мёртваму Скараходу сказаў:

– Дурань!

РЭБА

Ледзь прачнуўшыся, Рэба глянуў на маці, якая тапталася каля печы, і сказаў пагрозліва:

– Пахмяляй, іначай спалю хату!

– Палі, будзеш у пуні жыць,– абыякава мовіла маці, стаўляючы вілачнікам у печ чыгунок. – Мне ўжо і жыць... Мо не пералетаю. Палі, палі, сынок, хату. Запалкі даць?

Рэба рычэў, бы паранены мядзведзь, ускокваў, піхаў нагамі ўсё, што траплялася на шляху, рассыпаў мацюкі, бы трос паміж пальцамі камякі сухой зямлі:

– Пахмяляй, сказаў!

– Каб ты хутчэй здох, – ціха, не пачуў бы сын, сказала старая і перахрысцілася.—Паплакала б раз, ды і забылася. Колькі жыву, столькі і мучаюся. Гэта немец пракляты, ірад!.. Гэта ён, гад лупаты! Лепш бы забіў тады яго!.. Я б і не ведала, што будзе на аднаго чалавека столькі мучэнняў...

Старая выходзіла ў сенцы, неўзабаве вярталася з пачатай пляшкай, налівала трошкі ў кубак, – каб адвязаўся Рэба, не надакучаў, – і зноў хавала самагон. Рэба ж, пракаўтнуўшы пададзенае маткай пітво, цёгся на вуліцу, пэўны час аглядаўся па баках, а тады валокся да крамы, хоць тая была яшчэ зачынена, але, ведаў, на ганку месца ёсць: можна пасядзець, пачакаць. Ён і сядзеў. Іншы раз да яго падыходзіў Сцёпка, жыве якраз насупраць крамы, і тады яны сядзелі ўдвух, курылі і пільнавалі, каго б зачапіць каго, каб сарваць на пляшку. Калі не ў краме, дык ёсць у вёсцы кропкі, дзе прадаюць лепшы самагон, чым крамная гарэлка.

Сёння Рэба сядзіць адзін, Сцёпкі нешта не відаць. Хоць гукні – вунь ягоныя вокны, зусім блізка. Аднак Рэба не рашаецца, баіцца, што высуне галаву з акна Сцёпкавага жонка, і тады не здабраваць: гвалту будзе на ўсю вёску. «Спіць, гад!» – думае Рэба і шкадуе, што сёння Сцёпка, відаць, яшчэ не пасварыўся з жонкай, а то быў бы тут як тут.

Рэба прыхінуўся спіной да дзвярэй крамы і неўпрыкмет задрамаў. Яму прысніўся сон, быццам ён збіраў грыбы, і было іх столькі, нібы бульбы пасля трусілкі на калгасным полі. Доўга ён драмаў ці не – сказаць не можа, але сон пра грыбы яму спадабаўся, і ён пашкадаваў, што яго раскатурхаў нарэшце Сцёпка.

– Нічога няма? – вісела яго лахматая галава над лысай Рэбавай.

– Няма, – адказаў без асаблівай ахвоты Рэба.

– І ў мяне,– уздыхнуў Сцёпка і сеў побач. – А пенсію тваю матка што, усю адбірае?

– Хай бярэ,– цвяроза меркаваў Рэба. – Я ж прап’ю з табой, а жэрці што? Але яна мяне пахмяляе. Прыпугну, што хату падпалю,– дык і налье.

Сцёпка зажмурыў вочы, а тады мовіў асцярожна, нібы між іншым:

– Перад табой, Рэба, немцы ў вялікім даўгу. Таму што ты доўга не мог навучыца гаварыць слова «рыба». Ён жа цябе, немец, агрэў па макацёру прыкладам.

– Здох той немец даўно. Калі не забілі ў вайну.

– А за таго немца павінен адказаць той, які сёння жыве. Ці не так? Яго сын, брат, га?

– Можа,– Рэба пазяхнуў. – Але не ўспамінай вайну. Не трэба.

– Я б, можа, і не ўспамінаў, але ж яны, немцы, самі пра сябе нагадалі. Сёння ў нашу вёску прыязджаюць германцы.

– То ж без зброі... – уцягнуў галаву ў плечы Рэба. – То добрыя немцы. Іх любіць трэба.

– Любі. Тваё дзела. Але ж могуць яны раскашэліцца хоць раз перад табой? На маркі? Хаця – навошта нам маркі? За іх у нас не возьмеш... Няхай хоць пару пляшак шнапсу дадуць – і ніякіх фокусаў. Вунь, вунь аўтобус... і легкавікі. Едуць, едуць немцы. – Сцёпка ўсхапіўся, падцягнуўся ажно на мысках ботаў, каб пабачыць, куды паруліла нямецкая дэлегацыя. – У кантору. Але нічога, нічога, грамадзяне! Знойдзем і там! Знойдзем! Пайшлі, пайшлі, Рэба, за кампенсацыяй!

Рэба маўчаў. Ён нават не глядзеў на Сцёпку. Ён успомніў вайну. З усяе вайны, праўда, запомніў адно – як ударыў яго немец. Для яго вайна пачалася і скончылася гэтым эпізодам. А ўжо пазней, калі трэба было хадзіць у школу, то навука ў яго не пайшла, затое прымалі, як свайго, у бальніцах.

– Дык ты ідзеш ці не? – насупіўся Сцёпка.

Рэба з крэктам устаў, атрос пыл з портак, заківаў галавой:

– Не,не,не! Я баюся немца...

– Дык гэта ж добры, сам гаварыў, немец.

– Усё роўна – баюся.

– Эх ты! – уздыхнуў Сцёпка , махнуў рукой і сеў на тое месца, якое вызваліў Рэба. – А я думаў, ты смелы... Думаў, што можаш у яго, фрыца, кампенсацыю папытаць. А ты?!. Думай тады, дзе разбагацець на бутэльку.