–Казу купіць.
Смык моршчыцца:
– Можа... Толькі што каза? Каза і ёсць каза. Каравёнку няхай просіць у калгасе. Сама малака на хверме насмокчацца, а сыну ў роце не прынясе...
З канюшні Макар вяртаўся пехам. Быў ціхі сонечны надвячорак. Сонца якраз вісела над журавіцкім бальшаком, вялікае, з густой чырванню. Стары ўспомніў пра Дуню, уявіў чамусьці яе ў промнях гэтага сонца. Бытта сядзіць суседка на ганку, стомленая, вочы сумныя і шчаслівыя. За яе спіной – дзверы ў радзільны дом. Малы спіць недзе там, а ёй, маці, захацелася пабыць адной і , можа, за доўгія гады свайго жыцця паверыць нарэшце, што яна, Дуня Хусціна, таксама цяпер паўнапраўная маці. І няхай хто цыкне! Макар заступіцца. «Цяпер ты, дзеўка, будзеш і дзіцятка сваё кармшць, і чакаць, калі яно першае слова на свет выпусціць, і заступацца будзеш, калі яму хто нос падрапае... Усё будзеш. А там і ў армію правядзём твайго хлопца. Растуць дзеці, як грыбы. Асабліва чужыя. Ну, то і добра, што рашылася. Правільна. Што ты адна? А нгічога! Людзі ж – яны розныя ёсць. Розныя... Адны парадуюцца, ад усёй душы парадуюцца, а хто і пазайдросціць твайму шчасцю...»
Макар мераў крокамі вясковую вуліцу, шырокую і ціхую, голаў апусціў долу, бы ехаў на веласіпедзе і баяўся, што можа трапіць кола ў якую яміну. Дуня ўжо, мусіць, насядзелася на ганку, надыхалася свежым паветрам, паднялася, зірнула ў той бок, дзе бяжыць дарога ў Кругліцу, уздыхнула і падалася ў пакой. Стары нават загадаў ёй: «Ідзі, дзеўка, ідзі. Як там малое? Ці не плача? Хто ж прыгледзіць яго, як не родная матка...»
І калі падняў Макар голаў, бо ўваччу пачало шарэць ад зямлі, заўважыў, як выходзілі насустрач жанкі, падпільноўвалі. Стаяць, бы на свята: рукі на грудзях, вочы – на яго.
– Дык праўда ета?..
– Праўда, праўда!
– Не хлусіш, Макар?
– Хлушу, хлушу!
– Яна ж уродзі і не цяжарная была?..
Макар запаволіў хаду, яго абступілі жанкі, сакаталі, бытта гускі на поплаве.
– Як бывае і што, не мне вам, бабы, расказваць,– сур’ёзна гаварыў стары. – Самі павінны знаць. От. Але пацвердзіць мушу: калі доктар мне каня перадаваў самалічна, то сказаў: «Адважная ваша Дуня, дзед. Сама на калёсы – і ў раддом. Дзе б гэта бачана? Няўжо ў вёсцы вашай людзей няма, машын, га, дзед? Каб яшчэ трошкі, то ой-ёй-ёй ! » Ён, доктар, нават языком салупнуў ад ўсяго, што магло б здарыцца з дзеўкай у дарозе. А вы, бабы, куды глядзелі? Куды, гэта ў вас я, Макар, пытаю? А каб у дарозе пачалося? Вы толькі пра сябе думаеце! Самі вунь па кучы панараджалі, а ёй і ў адным не маглі памагчы... Каб па-людску...
Макар пакінуў жанкам свой незадаволены позірк, павярнуўся і роўна, бы плыў, пакрочыў далей вуліцай – да жытла.
Жанкі ж пэўны час стаялі моўчкі, а потым пераглянуліся, зноў загаманілі:
– Ну, і хто ёй, Дуні, вінаваты?
– І праўдацькі ! Навошта ж таіцца было?
– А ўсё ж і правільна рабіла, бабы: маглі б вы сваімі размовамі, каб даведаліся, што яна цяжарная, сурочыць... Ну вашыя языкі!
– Ціпун табе на язык, Клава! Ціпун! Цьфу на цябе!
– І гэта ж трэба, ай-яй-яй! Да апошняга на ферму хадзіла, маладняк усё даглядала. Усё ў фуфайцы і фуфайцы... Дзе ты там убачыш – ці яна дзіця чакае, ці што...
– Цяжкае ў яе шчасце, бабы...
«Дурань стары! Ну, канечне ж, дурань! Навошта жанчын дакараць? Навошта? Няўжо нельга было Дуні самой прызнацца? І хто ета будзе прыглядацца да цябе, Дуня, калі ў галаве ў цябе мякіна? Э-э, хоць і пражыла ты , дзеўка, ладнага, а розуму не багата прыдбала. Каб я быў тваім бацькам, яй-бо, аддзяжыў бы – вось табе, раз не хапае ў галаве. У нас вэн калі якая ўздумае радзіць, то год дома сядзіць, мужык перад ёй на пальчыках ходзіць, а тады яшчэ за месяц да схватак у радзільну кладуць. А ты?..»
Жыла Дуня адна. Бацькі яе – Платон з Платоніхай – даўно сышлі з гэтага свету, ціха, непрыкметна. Былі – і няма... Вёска, можа, нават і не заўважыла, што паменела ў яе на двух жыхароў. Старыя людзі – яны і ёсць старыя: бавяцца паціху, голасу далей двара не падаюць. Таму калі не стае іх па закругленні веку чалавечага, той-сёй можа і вока прыплюснуць: «А што, яны нядаўна былі яшчэ?..» Правядуць у апошні шлях, хутка забудуцца. Нагорнецца на людзей іншы клопат, ён і займае іхнія думы. Чужыя людзі. Свае ж – помняць, і помняць доўга, вечна.
Не раз і не два ўспамінала, прыгадвала старых, бездапаможных бацькоў і Дуня, такіх, якімі яны былі ў апошнія дні свайго жыцця. Стаялі Платон з Платоніхай перад вачмі, з імі і размаўляла Дуня, раілася: «Адна я, татачка і мамачка, цяпер, адна... І ў хатцы маёй сумна, холадна, цяпла не хапае... Як мне далей жыць, га? » Каб хто з вяскоўцаў мог пачуць гэтыя словы, здзівіўся б: няўжо яна, Дуня, можа быць гаротнай, са слязьмі на вачах? І не паверыў бы, бо кожны ведаў яе адной – рухавай, крыху грубаватай, па-мужчынску цягавітай у працы і як быццам шчаслівай... Хоць якое ж яе , папраўдзе, шчасце тое? Цяжка, нялёгка было зазірнуць у душу гэтай непрыгожай з твару дзяўчыны. Высокая, заўсёды з натруджанымі рукамі – вось і ўся Дуня. З выгляду. Што там, глыбей, – загадка, нейкая патаемнасць, і заглянуць туды пакуль што нікому не ўдавалася. А з гадамі і зусім страцілі на гэта надзею вяскоўцы, бо яна, Дуня, чым больш жыла, тым усё больш рабілася маўклівай,замкнёнай, а жанчын зусім перастала заўважаць – як і не было іх у вёсцы. Пазней у Кругліцы нават забаяліся: прападзе дзеўка, прападзе, людзі добрыя. Калі не ўбачыш яе – сярод мужчын трэцца. Выпіваць пачала. Мо таму, што перастала верыць у сваё жаноцкае шчасце... А мужчыны тыя і ласыя: давай, Дуня, рубель. «Наце...» Ну, што ты ім зробіш? Бессаромнікі... Калі ж па рабоце браць, то яна іншага з іх магла без усяго-усякага абставіць. Нават конь за ёй замацаваны пастаянна, у хлеўчуку начуе, аднак куды ж гэта варта, каб жанчына ўрасла так у мужыцкі гурт. Не, да сваіх яе вясковыя маладзіцы не раўнавалі. Неяк ужо атрымалася, павялося, што ўсе былі ўпэўнены: яна да такой справы, як зацягнуць на вечар ці проста ўдзень Івана альбо Петрака да сябе ў ложак, не народжана. Былі ўпэўнены... Ды памыляліся жанкі.