Выбрать главу

– Ем, ем, кума. Усё я ем. Дай, думаю...

– Ты вось што, Смык, – паклаў яму руку на плячо Макар, і той замоўк, павярнуўся тварам да старога. – Пакуль мы тут гуляем, то і рашым давай: хто, як не мы, мужчыны, павінны памагчы Дуні?

– Ясна, мы. Ну.

– То-та! Цяпер у яе хвост. Разумееш? Дзіця. Нагляд і ўсё такое, а дзеўцы і скасіць надляжыць соткі, і дроў прывезці...

– Зробім, дзед, што трэба! Усё зробім!

– Правільна. Хто, як не мы. Бабы, а вы чаму галовы паапускалі? Песню, ці што, зацягніце. Давайце песню. А мо яшчэ па граму, а тады?

– Давай яшчэ па граму,– дыхнуў прама ў твар старому Смык, загарэўся. – А тады не тое, што спець, а танца ўрэзаць можам.

Але жанчыны зацягнулі:

Паслухайце, дзеўкі, дзе галуба гудзе,

Там маладая Дуня дзявоцтва здае:

-- Наце вам, дзяўчаты, дзявоцтва маё.

Макар таксама падключыўся, хоць голасу ў яго няма, але як мог, так і падцягнуў:

Я пайду сябу ў жаночым раду,

У жаночым раду з жанкамі на нараду.

Ён спяваў, а заадно напоўніў шклянку Смыку, той крактануў і моўчкі выпіў. Пасядзеў, паслухаў крыху. Спяваць Смык не мастак, але паслухаць любіць. Задумліва, сур’ёзна слухае. Мо песня і яго расчуліла, раз такі твар у Смыка – вось-вось пырснуць слёзы. Песня раптам ападае, новую жанчыны не заводзяць, і Смык кажа:

– Душу раздзірае песня. На шматкі. Дай, думаю, зацягнуся... Во і добра, во і пасяджу ў нармальным гурце. – Язык у яго пацяжэў, лямпачкі ўваччу пачыналі тухнуць. – Гэта ж, Еўдакія, ты мне равесніца, ці не?

– Я табе равесніца! – гукнула Ягорыха, і жанчыны зарагаталі.

– На случай вайны калі толькі,– пастараўся ўсміхнуцца Смык. – Хе, равесніца. Я сур’ёзна. Я ў Еўдакіі пытаюся: равесніца, га, Еўдакія?

– А то забыўся!– Дуня нарэшце адчула, што яна не дзе-небудзь у гасцях, а ў сваёй хаце, узняла вочы на Смыка. – У школу ж мы разам хадзілі. Ты яшчэ запісачкі міліцыянеру пісаў на калене, на Карлікавай горцы, калі цябе крыўдзілі. Што, скажаш, не было такога ?

– Гэта я вас дагнаў ці вы мяне?

– Цябе ўсе даганялі.

– Ага. Ну. Усе. Спрытныя былі, халера, вы... А я буксаваў. Буксаваў я. Кандратаўна на лета мне работу задасць, а я ў калгас іду, а не ў школу. Калі ж алфавіт за лета забудзеш, тады бытта зноў у першы клас ступаеш. І так укругавую.

Смык зірнуў на Макара, на жанчын. Жанчыны чамусьці зноў засумавалі, толькі ён асалавелымі вачыма не мог да канца ўцяміць, якія ў тых твары – вясёлыя ці не, а раз не было чуваць іхніх галасоў, распарадзіўся:

– Падвесялі іх, Макар, а то сядзяць, бы на хаўтурах.

– Чагой-та мы на хаўтурах, Смык? – хаўкаючы ротам, прамовіла Ягорыха. – Во пасядзім трошкі ды музыку завядзём. Мішка, струмент з табой?

Мішка-гарманіст – чалавек не малады і не стары: колькі і помняць яго вяскоўцы, увесь час ён з гармонікам на каленях: якая б гулянка ў Кругліцы ні праходзіла, там і ён, гэты штатны вясковы музыкант. Мішка забіўся ў кут, сядзіць ціха, аб нечым думае. Каб не Ягорыха, ці не заснуў бы. Ён часта міргае вочкамі, адказвае:

– Тут, у той хаце на канапе. А што, расцягнуць мяхі? Пара?

– Давайце, бабы, успомнім маладосць,– кажа Матруна.

– Радзіны дык радзіны, – ускінуў бровы Макар і пачаў выбірацца з-за стала, але яго прытрымаў Смык.

– Пачакай, дзед,– тузануў за ражок сарочкі. – Не спяшай. Хай бабы разгон возьмуць, тады і мы заявімся. Дай, думаю, зацягнуся...

– Што ты хацеў?

– Хай бабы разгон возьмуць...

Жанчыны неўзабаве затупалі ў другім пакоі, лілася музыка, і толькі тады Смык падсунуўся бліжэй да старога, ашчаперыў ягоную галаву абедзвюма рукамі, прытуліў яе да сябе. Макар не ўпарціўся: чаго толькі гэты Смык не прыдумае, бог ужо з ім.

– Ну, слухаю, слухаю.

– Дзед, што слухаць... У мяне нутро разбалелася, як дазнаўся, што Дуня, ета самае, радзіла. Абарвалася ажно там нешта. А я табе сакрэт адкрыю... Хочаш? Не, ты хочаш?

– Ну.

– Што «ну!» Э-э, нічога ты не разумееш. Я ж яе любіў, ага, любіў. Во, – і на вачах Смыка стары ўбачыў слёзы. – То-та... Адзін раз нават з клуба правёў... Летам... Шчэ і цалавацца лез, а яна мне па воку – хрась! З размаху. А за што? За што, дзед? Матка пытае: хто гэта табе, сынок, пячатку пад вока паставіў? Дуня, кажу. Якая Дуня? – пытае. Калі сказаў, што Хусціна, яна ледзьве вобзем не грукнулася: што, табе дзевак мала? І ў слёзы. Во. Э-э, багата ты чаго, дзед, не ведаеш. А яна, Дуня, і на табе... Мальца. А мая ж Нінка дзевак ды дзевак гоніць, адну за другой. Калі ўжо той сын будзе, паявіцца – і сам не ведаю. Усё абяцае: будзе, будзе сын. А дзе ён, я ў цябе пытаю, дзед?